Новости / Общество

«Вы нанеслі шкоду прадпрыемству!» У рабочага праблемы на працы, бо ён зняў на відэа надпіс «Стоп таракан»

23.06.2020, 17:41  / remove_red_eye 2299   / chat_bubble32

38-гадовы Намік Ахадаў апошнія тры гады працаваў у камунальным прадпрыемстве «Гардарматэрыялы», якое займаецца будаўніцтвам і абслугоўваннем дарог.

«Вы нанеслі шкоду прадпрыемству!» У рабочага праблемы на працы, бо ён зняў на відэа надпіс «Стоп таракан»

Скрыншот з відэа

Намік быў кіроўцам. Праблем, кажа не меў, не было ні вымоваў, ні заўваг… Да 19 чэрвеня. У гэты дзень Намік планаваў спакойна дапрацаваць і пасля адзначыць дзень народзінаў старэйшага сына. Але ўсё пайшло не так, паведамляе «Наша Нiва».

Дырэктар адкрыта паведаміў Ахадаву — з працы ты вылятаеш. Прычынай стала тое, што Намік зняў надпіс на МКАДзе «Стоп таракан!» і выклаў відэа ў свой інстаграм.

У ноч на 19 чэрвеня Намік Ахадаў сапраўды быў на змене. У агульным чаце рабочыя скінулі фота надпісу на МКАДзе: белай фарбаю хтосьці напісаў «Стоп Таракан!».

Па словах Ахадава, майстар загадаў яму з’ездзіць на месца, паглядзець, ці ёсць там той надпіс, і прыкінуць, як яго змываць.

«Ну я з’ездзіў, зняў фота, відэа. І пасля проста вырашыў выкласці відэа ў свой інстаграм», — кажа Ахадаў.

Намік Ахадаў з жонкай

Ён запэўнівае: гэта быў не палітычны жэст, нічога такога.

Але відэа заўважылі, пачалі рэпосціць, неўзабаве яго апублікавалі шматлікія каляпалітычныя тэлеграм-каналы.

У Ахадава пачаліся праблемы. Яго выклікаў дырэктар прадпрыемства Максім Бахаўчук.

Максім Бахаўчук

Бахаўчук адчытаў падначаленага і адкрыта сказаў: тут працаваць больш не будзеш, рашэнне прынятае.

«Шкода, якую вы нанеслі прадпрыемству нашмат большая, чым вы думаеце. Пішыце заяву. Перад тым, як здымаць і публікаваць, трэба думаць галавой, а ў вас яе няма. Пішыце! — паведаміў Бахаўчук. — Мы з вамі працаваць не будзем!»

Ахадаў спрабаваў апраўдвацца: маўляў, выклаў відэа без задняй думкі, не разлічваў на такі розгалас… Аргументаваў тым, што мае дваіх дзяцей. Выбачаўся.

Але адказ дырэктара быў адзін: пішыце заяву, мы з вамі працаваць не будзем.

«У мяне 270 чалавек. Іх карміць трэба, праца патрэбная. І праз паводзіны асобных [людзей] я не магу сёння згубіць гэтую працу. Таму калі няма галавы і хочаце быць блогерам — здымайце далей. Але не тут, — сказаў Бахаўчук. — Вас да працы не дапусцяць. Вашыя дзеці на вашым забяспечанні знаходзяцца. Шукайце сабе працу.

Вы ў працоўны час займаліся прыватнай справай. Вас хтосьці ўпаўнаважыў гэта рабіць? Выкладаць у інтэрнэт? Хто-небудзь з прадпрыемства ўпаўнаважыў вас гэта рабіць? Прасіў вас гэта рабіць?

Не. То-бок, вы гэта рабілі самі. Нас гэта не задавальняе. Таму вы пішаце заяву самі і ідзеце шукаць працу там, дзе будзеце здымаць, выкладваць у інтэрнэт і самі прымаць рашэнні.

Я з вамі працаваць не буду. Вас звальняюць, бо вы нанеслі дыскрэдытуючую шкоду прадпрыемству».

Такое жорсткае рашэнне дырэктар патлумачыў тым, што прадпрыемству зусім не патрэбная вядомасць такога рода.

Дырэктар не прыняў ніякія выбачэнні работніка. Маўляў, трэба было думаць раней, а «самадзейнасцю займацца не трэба, за самадзейнасць вельмі моцна караюць, у тым ліку і прадпрыемства».

«Вашыя відэа будуць яшчэ доўга адгукацца прадпрыемству. Сёння для прадпрыемства гэта не трэба. Відэа дыскрэдытуе працу прадпрыемства. Ніякіх «выбачце» не будзе. Рашэнне прынятае», — паўтарыў дырэктар.

Бахаўчук прапанаваў Ахадаву напісаць заяву на звальненне па ўзгадненні бакоў. Але кіроўца не захацеў.

Вось толькі Бахаўчук адкрыта папярэдзіў работніка: да працы вас не дапусцяць. Так і атрымалася.

Пасля трох дзён выходных Намік Ахадаў прыйшоў на працу, спадзяючыся, што гісторыя сціхла. Але яму загадалі проста сядзець на базе. Ён мяркуе, што начальства такім чынам прымушае яго звольніцца па ўласным жаданні.

Гэта пацвердзіў Ахадаву і адзін з яго калег:

«Сказалі на машыну цябе не саджаць. Займайся рамонтам іншай машыны. Пазіцыя начальніка — з «патрульнай» машыны цябе зняць, даць табе «ражно з-пад плота». Ты ж разумееш, што ў яго такая ідэя, каб зрабіць табе невыносныя ўмовы для працы. Падстаў цябе звольніць няма. Палітыка такая: за**баць цябе капеечнай зарплатай, каб ты сам звольніўся».

Намік кажа, што кіроўцам ён атрымліваў каля тысячы рублёў. Колькі яму заплацяць зараз, калі ён будзе працягваць сядзець на базе — невядома. Мужчына ўпэўнены, што сума будзе меншая. «А ў мяне двое дзяцей і трэба плаціць 280 рублёў за крэдыт штомесяц», — кажа Ахадаў.

Ён працягвае сцвярджаць: звальняць з працы яго няма за што. Пісаць па пагадненні бакоў Ахадаў таксама не хоча, маўляў, хай тады ўжо дырэктар звальняе яго цывілізавана, па законе: загадам, у якім будзе ўказана, за што работнік звольнены.

«Наша Ніва» звязалася з Максімам Бахаўчуком, дырэктарам «Гардарматэрыялаў». Той заявіў: ніхто не звальняў Ахадава, працуе, як і працаваў, праблем нібыта ніякіх няма.

«Я пагражаў звальненнем яму? Дык пагражаць можна шмат чым. Але ж я яго не звольніў», — кажа Бахаўчук.

Што тычыцца «сядзення на базе», то Бахаўчук не хавае: ён як наймальнік мае права так паступіць з работнікам. А што тычыцца заробку — тут могуць быць нюансы.

«Наша Ніва» таксама пацікавілася ў дырэктара: чым жа ўчынак кіроўцы так моцна дыскрэдытаваў прадпрыемства? Да таго ж работнік папрасіў прабачэння.

«Прабачэння? У мяне 270 чалавек! Хай у кожнага папросіць прабачэння!» — сказаў дырэктар.

Поделиться:
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
32 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
злой кот

Директор сразу хвост поджал)) ни вашим ни нашим)))

Scroll Up