Новости / Выборы

Як улада перастала чуць людзей, а беларусы пачалі шукаць сабе новага лідара

17.06.2020, 9:44  / remove_red_eye 2132   / chat_bubble16

Некалі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, бо з задавальненнем размаўляў з людзьмі і разумеў іх. Але з часам ён перастаў іх чуць. А сёння знайшліся тыя, хто зразумеў гэту простую людскую патрэбу, і таму яны заваёўваюць давер беларусаў.

Як улада перастала чуць людзей, а беларусы пачалі шукаць сабе новага лідара

Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з беларусамі. Фота 1994–95 гг.

Збор подпісаў на вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты заканчваецца ў Беларусі 19 чэрвеня. За нейкі месяц палітычнае поле ў краіне кардынальна змянілася. Нечакана з’явіліся новыя палітыкі, адсунуўшы старых зуброў з апазіцыі. Простыя людзі пачалі абмяркоўваць выбары, спрачацца і думаць. Упершыню ў гісторыі краіны мы пабачылі даўжэзныя чэргі з жадаючых паставіць подпіс. Людзі гадзінамі чакаюць магчымасці падпісацца «супраць». Чаму так адбылося?

На мой погляд, таму, што ўлады, уся ідэалагічная машына, што існуе на нашыя грошы, з нашых падаткаў, забылася пра людзей. Запаўняючы тоны справаздач аб поспехах у розных сферах, чыноўнікі забыліся пра простага чалавека.

Ды што чыноўнікі… Відаць, што і сам Лукашэнка за 26 год развучыўся размаўляць з электаратам. Знайдзіце старыя ролікі канца 1990-х і параўнайце, як паводзіў сябе з людзьмі Рыгоравіч тады і як цяпер. Лукашэнка ўжо не той, але і народ таксама змяніўся.

Быў бы куст, а варона знойдзецца – кажа беларуская прыказка. Таму людзі пачалі шукаць сабе новых лідараў, якія могуць рэзка выказацца аб набалелым, якія не ўваходзяць у дзяржаўныя закасцянелыя структуры і якія простымі словамі агучваюць думкі шараговага чалавека. Таму каналы некаторых блогераў вельмі хутка пачалі набіраць папулярнасць. Людзі пацягнуліся да іх, як за свежым паветрам, шукаючы новага «маладога, апазіцыйнага Лукашэнку».

Улады, шчыра кажучы, праспалі ўсё гэта. Калі схамянуліся, пачалі заціскаць гэты незразумелы грамадзянскі рух замест таго, каб пачаць дыялог з людзьмі. Беларускія блогеры сталі галоўнымі ворагамі ўладаў. Штодня прыходзяць навіны пра затрыманне блогераў і суды над імі. А тыя, хто, адседзеўшы 10–15 сутак, выходзяць на волю, адразу ж, нават не выйшаўшы на ганак вязніцы, атрымліваюць новыя тэрміны. Пасля тая рэпрэсіўная хваля перакінулася і на асяроддзе новых прэтэндэнтаў на крэсла прэзідэнта.

Аднак электарат, які стаміўся ад таго, што яго не чуюць даўно закасцянелыя ўлады, ужо разварушыўся. Стала відавочна, што людзі хочуць пераменаў. Шмат хто пачаў шукаць іншых прэтэндэнтаў, цікавіцца імі, падтрымліваць ужо не блогераў, а любога новага прэтэндэнта.

У дварах шматпавярховікаў можна пабачыць дзіўныя рэчы. Простыя працоўныя мужчыны, якія раней ніколі не цікавіліся палітыкай, а замест выбараў ездзілі на рыбалку ці проста бухалі, цяпер спрачаюцца з-за таго, хто лепшы – банкір Бабарыка ці айцішнік Цапкала. Людзі проста пабачылі шанс, толькі шанс нешта змяніць.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Чытайце таксама: Зламаная клюшка замест лекаў. Як змянілася б Беларусь, калі б на месцы лядовых палацаў пабудавалі медцэнтры

Меркаванне. Як каранавірус прымусіў беларусаў перайсці ў апазіцыю да ўлады

Меркаванне. Чаму змаганне з COVID-19 у Беларусі нагадвае савецкую спробу спыніць нашэсце каларадскага жука

 

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
16 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
wik

Простыя працоўныя мужчыны, якія раней ніколі не цікавіліся палітыкай, а замест выбараў ездзілі на рыбалку ці проста бухалі, цяпер спрачаюцца з-за таго, хто лепшы – банкір Бабарыка ці айцішнік Цапкала.

-замест выбараў ездзілі на рыбалку…. стала почти везде платной !
-проста бухалі… дорага бухать, штрафы большые а з\п маленькие 🙁

Scroll Up