Новости / Общество

Зламаная клюшка замест лекаў. Як змянілася б Беларусь, калі б на месцы лядовых палацаў пабудавалі медцэнтры

20.05.2020, 12:10  / remove_red_eye 1758   / chat_bubble4

Як каранавірус выявіў у нашай краіне сапраўдныя прыярытэты грамадства.

Зламаная клюшка замест лекаў. Як змянілася б Беларусь, калі б на месцы лядовых палацаў пабудавалі медцэнтры

Ледовый дворец в Барановичах. Фото: Intex-press

У 2008 годзе мне давялося размаўляць з дзяўчынай-архітэктарам баранавіцкага Лядовага палаца. «Лепш бы вы бальніцы праектавалі», – сказаў я тады. Сёлета, падчас пандэміі, я зноў згадаў пра тую сустрэчу.

Уявіце сабе, што замест лядовых палацаў у гарадах у свой час у Беларусі збудавалі б найноўшыя клінікі, шпіталі і бальніцы. Гэтыя ўстановы маглі быць аснашчаныя сучасным медыцынскім абсталяваннем. А беларускія медыкі на працягу ўсіх гэтых год атрымлівалі б такія самыя заробкі, як сёння хакеісты, ды стажыраваліся б у самых лепшых клініках свету. Тады праз пэўны час да нас бы за гонар лічылі быць запрошаныя на лекцыі вядомыя дактары, а пачынаючыя медыкі з Канады, напрыклад, марылі б трапіць на стажыроўку ў баранавіцкі шпіталь.

Беларусь магла б у 2020 годзе мець адзін з самых высокіх узроўняў медыцыны. Стаць усходнееўрапейскім Ізраілем, куды ехалі б лячыцца з усіх навакольных краін, уключаючы і Еўразвяз. Сусветныя зоркі марылі б нараджаць у мінскай радзільні, а анкалогію імкнуліся б лячыць у Гомельскай клініцы ці Бараўлянах.

Медыцынскія ўстановы зараблялі б добрыя грошы на сваіх паслугах замежнікам, прыцягваючы ў краіну мноства турыстаў і валюту. Паралельна з медыцынай паднімалася б на ногі і сфера паслугаў – адчыняліся б новыя гатэлі, рэстарацыі, з’яўляліся б працоўныя месцы. Сусветнавядомыя брэнды будавалі б свае філіялы па вытворчасці лекаў і медыцынскага абсталявання.

Усё гэта магло б у нас быць… Але ў свой час улада вырашыла ўкласці грошы ў спорт, а не медыцыну. І, на маю думку, гэта было вялікім пралікам. Па ўсёй Беларусі сёння стаяць паўпустыя лядовыя палацы. Яны не вельмі прыбытковыя, нават стратныя – шмат з іх зачыняюцца на лета для катання на каньках і чакаюць рэдкія канцэрты заезжых артыстаў.

Медыцына наша таксама засталася не ў пашане. Шмат хто з медыкаў з’ехаў за мяжу ў пошуках лепшай долі і самарэалізацыі. Якасць медыцыны, нягледзячы на ўсе намаганні медыкаў, таксама не на вышыні. А як можа быць інакш, калі на адзін у Баранавічах камп’ютарны тамограф (КТ) запіс, як нам паведамляюць чытачы, на некалькі тыдняў наперад. А калі гэты апарат, не дай Божа, зломіцца?

Чытаючы вайбер-чаты, дзе людзі, аб’яднаўшыся ў грамаду, збіраюць грошы, каб купіць медыкам сродкі асабістай абароны, шыюць маскі дактарам і валікі для хворых, робіцца трохі няёмка. Няёмка з-за таго пераліку патрэбных рэчаў, якіх цяпер не хапае ў нашых бальніцах і спісы якіх ананімна скідаюць дактары і медыцынскія сёстры. Дзяржаўныя СМІ рапартуюць, што ў нас усё добра ў медыцыне. Аднак, калі беларусы чытаюць штодзённыя просьбы прывезці маскі ці распіратары, у іх узнікае пытанне – ці ўсё так добра ў нас з дзяржаўным забеспячэннем дактароў?

Пандэмія каранавіруса расставіла ўсё на свае месцы, паказаўшы, куды трэба было ўкладаць грошы. Аднак, на жаль, цяпер мы маем тое, што маем. Ужо няма тых шалёных прыбыткаў, што дзяржава атрымлівала ад продажу нафтапрадуктаў. Беларускія хакейныя каманды таксама не радуюць нас сваімі дасягненнямі на міжнародных арэнах. Даўно не чуваць пра поспехі беларусаў у НХЛ. І паціху раз’язджаюцца ад нас нанятыя некалі за добрыя грошы хакеісты-варагі.

Думкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Чытайце таксама: Меркаванне. Чаму змаганне з COVID-19 у Беларусі нагадвае савецкую спробу спыніць нашэсце каларадскага жука

Крах эканомікі, змена граніц і ўрадаў. Як каранавірус можа змяніць наш лад жыцця

Мнение. Почему журналисты пишут о коронавирусе в Барановичах меньше, чем знают и чем хотелось бы

Присоединяйтесь к нам в Viber или Telegram, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или иметь возможность обсудить тему, которая вас взволновала. 

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
4 Комментарий
старее
новее большинство голосов
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
злой кот

Чинушей лечат нормально ..там и больницы современные и профессора сидят.

Scroll Up