Новости / Политика

«Гэта рэальна страшна». Асуджаны на «суткі» лідскі фельчар выйшаў на волю. Фота

15.05.2020, 0:17  / remove_red_eye 12418   / chat_bubble10

Фельчар з Ліды, што крытыкаваў улады за захады па барацьбе з COVID-19, быў асуджаны на 7 сутак.

«Гэта рэальна страшна». Асуджаны на «суткі» лідскі фельчар выйшаў на волю. Фота

Павал Палейчык. Фота: Радыё Свабода

Артыкул напісаны дарэформенным, незрусіфікаваным класічным правапісам.

Свабода сустрэла Паўла Палейчыка ля лідзкага ІЧУ і даведалася пра ўражаньні ад першай у жыцьці адседкі.

Фэльчар Павал Палейчык быў затрыманы ўвечары 7 траўня, калі пасьля працоўнай зьмены на «хуткай» прыйшоў у лідзкі РУУС пасьля тэлефоннага выкліку. Супрацоўнік міліцыі паказаў Паўлу пратакол аб удзеле ў недазволенай масавай акцыі 22 красавіка, калі ў Ліду прыяжджаў блогер Ціханоўскі. А пасьля паведаміў, што дадому фэльчар сёньня ўжо ня трапіць.

«Мне пазванілі, сказалі прыбыць у Лідзкі РУУС для дачы тлумачэньняў, наконт сходу (22 красавіка падчас сустрэчы з блогерам Ціханоўскім — РС), — расказвае Павал. — Усё, я пайшоў. І адтуль я ўжо ня выйшаў. Той супрацоўнік, які складаў пратакол на мяне, сам жа і паведаміў — начальнік загадаў пакідаць мяне «на суткі».

Павал выходзіць з ізалятара. Фота: Радыё Свабода

Павал выходзіць з ізалятара. Фота: Радыё Свабода

Паводле Паўла, у пратаколе аб правапарушэньні было напісана, што ён удзельнічаў у масавым сходзе, арганізаваным без дазволу райвыканкаму.

«Я ня тое каб зьдзівіўся, — гаворыць фэльчар. — Але калі загадалі здымаць матузкі, разгубіўся крыху. Вось гэтага я не чакаў. Кажу ім, вы мяне хоць на працу адвядзіце, каб я пераапрануўся. Я ж у форме „хуткай“ быў. Не пасьпеў пераапрануцца пасьля працы. Мяне адвялі на падстанцыю нашу. Я адтуль ужо пасьпеў жонцы пазваніць, што „на суткі“ забіраюць».

Суд над Паўлам адбыўся на наступны дзень — 8 траўня.

Фота: Радыё Свабода

Фота: Радыё Свабода

«Я спадзяваўся, што штраф заплачу, і ўсё, — гаворыць Павал. — Калі абвясьцілі, што сем сутак арышту, разгубіўся. Я першы раз у такой сытуацыі. Упершыню ў жыцьці. Раней толькі як сьведка быў. Штрафы меў за курэньне ў пад’езьдзе, за перавышэньне хуткасьці. Але каб так… Мяне трэсла. Першыя тры дні ўвогуле цяжка было».

Павал Палейчык расказвае, што частку тэрміну адседзеў з сукамэрнікам — іх трымалі па двое ў адной камэры. Усіх «палітычных», асуджаных у Лідзе (5 чалавек — РС), трымалі асобна.

«Калі цябе абмяжоўваюць ва ўсім, гэта рэальна страшна, — расказвае пра свае ўражаньні ад „сутак“ фэльчар. — Там няма ніякіх умоваў, усё дрэнна. Дзе ясі, там і гадзіш. Спачатку я з адным чалавекам сядзеў, потым чатыры дні адзін быў у камэры. У апошні дзень мяне перавялі ў іншую камэру, дзе быў асуджаны таксама. У камэрах ужо ведалі, што мы „палітзьняволеныя“. Паўлу Анціпкіну далі 15 сутак (яшчэ адзін затрыманы за ўдзел у стрыме Ціханоўскага — РС), у яго чацьвёра дзяцей, як ён будзе? Я б ня ведаю, як вытрымаў, калі б не мая жонка».

Абдымкі з жонкай Юліяй. Фота: Радыё Свабода

Абдымкі з жонкай Юліяй. Фота: Радыё Свабода

Пасьля арышту Паўла і іншых удзельнікаў лідзкай сустрэчы Ціханоўскага ў інтэрнэце для арыштаваных літаральна за суткі сабралі некалькі тысяч рублёў. Праваабаронцы накіравалі інфармацыю аб затрыманьні лідзкага фэльчара ў СААЗ.

«Вельмі ўдзячны за падтрымку, за лісты, — гаворыць Павал. — Чатыры лісты атрымаў. Усе дзякуюць за праўду. За тое, што не баяўся расказаць. Зь Менску, са Смаргоні, два зь Ліды. Я зусім ня ведаю, што адбывалася гэтыя сем дзён. Там поўная ізаляцыя, на вуліцу ня выйсьці нават. Гэта вельмі няправільна. Сем дзён у камэры — гэта вельмі жорстка. Хаця б хвіліну ў дзень далі дзецям пазваніць. Што са мной зараз будзе, я ня ведаю. Хачу пабыць зь сям’ёй, са сваімі дзецьмі».

Заўтра ў Паўла Палейчыка працоўны дзень, ён павінен зьвіцца на працы ў ранішнюю зьмену. Фэльчар гаворыць, што пакуль ня ведае, ці чакаюць яго на «хуткай».

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
10 Комментарий
старее
новее большинство голосов
Inline Feedbacks
Посмотреть все комментарии
Nickname

Так трэба было яму там апынуцца, каб не лезцi больш на такiя «сустрэчы»…..

Scroll Up