Новости / Коронавирус

«За ноч памерлі 5 чалавек». Што адбываецца ў Стоўпцах, дзе ў шпіталі звыш ста хворых на пнэўманію

23.04.2020, 15:05  / remove_red_eye 17578   / chat_bubble5

Усе аддзяленьні раённай лякарні запоўненыя хворымі на COVID-19 і пнэўманію. Успышка ў раёне настолькі моцная, што хворых развозяць у іншыя раёны. У найбліжэйшыя дні ў Стоўпцах чакаюць дапамогі мэдыкаў зь Менску.

«За ноч памерлі 5 чалавек». Што адбываецца ў Стоўпцах, дзе ў шпіталі звыш ста хворых на пнэўманію

Фота: svaboda.org

Стоўпцы знаходзяцца за 70 кілямэтраў ад сталіцы. Сытуацыю ў раённым цэнтры, дзе жыве каля 17 тысяч чалавек, называюць адной з самых вострых у Менскай вобласьці, пiша «Радые Свабода».

Яшчэ на мінулым тыдні галоўны доктар раённай лякарні Сьвятлана Глебка расказала, на базе яе ўстановы адкрылі шпіталь на 134 месцы. Аднак ад таго, што колькасьць пнэўманіяў не зьмяншаецца, хворых пацыентаў даводзіцца развозіць у шпіталі суседніх раёнаў.

Самой Сьвятланы Глебкі няма на працоўным месцы. Так Свабодзе паведамілі ў прыёмнай галоўнага доктара. Атрымаць камэнтар у адміністрацыі шпіталя пра цяперашнюю сытуацыю нам не ўдалося.

«У рэанімацыі замест двух пастоў цяпер чатыры»

Пазамінулай ноччу ў шпіталі зафіксавалі антырэкорд — ад пнэўманіі і COVID-19 памерлі 5 чалавек. Яшчэ адна асоба са Стоўпцаў памерла ў шпіталі ў Слуцку.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

«Памірае нехта кожны дзень. Звычайна адзін-два. Перад гэтым за суткі трое памерлі. Але з аўторка на сераду ажно пяцёра. Тры жанчыны і два мужчыны. Нестарыя людзі — ад 53 да 65 гадоў. Надта хутка гэта ўсё адбываецца», — распавёў Свабодзе мэдыцынскі работнік раённай лякарні на ўмовах ананімнасьці.

Усе аддзяленьні шпіталя запоўнены хворымі на пнэўманію. У рэанімацыі замест двух пастоў цяпер чатыры. Апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ) хворым хапае, іх своечасова даставілі зь Менску. Хірургічнае аддзяленьне цяпер «чыстая зона».

«Пад апаратамі цяпер 12 чалавек. На пятым паверсе таксама падключаюць кісларод пацыентам у кожную палату. Другі і чацьвёрты паверхі закрылі цалкам, там COVID-19», — гаворыць мэдык.

Але ёсьць вялікая праблема з тэстамі. Дамагчыся іх зрабіць, нават маючы сымптомы, вельмі складана. Некаторыя чакаюць тыдзень, пакуль шпіталь пагодзіцца ўзяць мазок.

З мэтай прафіляктыкі каранавіруснай інфэкцыі з 21 красавіка па 8 траўня ў лякарні прыпынілі працу мэдкамісіі для кіроўцаў, а таксама аддзяленьня дзённага знаходжаньня і ложкаў дзённага знаходжаньня ва ўчастковых лякарнях і амбуляторыях. Школа мацярынства праводзіцца ў інтэрнэце.

Днямі захварэў малады хірург. Яго адправілі ў шпіталь у Менск.

Як даведалася Свабода, неўзабаве са сталіцы павінны прыехаць рэаніматолягі, каб дапамагчы стаўпецкім дактарам.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Учора пахавалі як мінімум чатырох у закрытых трунах. Сёньня хаваюць шасьцёх

У пасьведчаньнях аб сьмерці дактары пішуць пнэўманію або іншыя спадарожныя хранічныя хваробы.

«Але дактары паміж сабой гавораць, што вядома, якая сапраўдная прычына, — кажа Свабодзе адна з мэдыкаў. — Мінулай ноччу памёр 52-гадовы інжынэр аднаго з прадпрыемстваў. Дык у яго былі і COVID-19, і пнэўманія».

Свабодзе ўдалося скантактавацца са знаёмымі нябожчыка. Ён працаваў у мясцовай філіі энэргасетак. Паводле знаёмых, мужчына захварэў пару тыдняў таму.

«Два апошнія тыдні Алег быў на ШВЛ, на днях яго ўвялі ў штучную кому, але арганізм ня справіўся. З энэргасетак людзі і раней хварэлі, некаторых ужо выпісалі, ляжалі з пнэўманіяй. Была нават думка, каб дыспэтчараў перавезьці на адну з базаў адпачынку пад Стоўпцамі, каб не было кантактаў. Уявіце, што будзе, калі энэргетычны сэктар застанецца без кваліфікаваных работнікаў. Ад стаўпецкіх сетак залежаць жа і Нясьвіж, і Дзяржынск».

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Цяпер у цяжкім стане знаходзіцца другі супрацоўнік гэтага прадпрыемства.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

У сераду ў Стоўпцах адбылося сама меней чатыры пахаваньні ў закрытых трунах. На сёньня толькі ў адным з рытуальных агенцтваў, як даведалася Свабода, заплянавана 6 такіх пахаваньняў. Заносіць нябожчыкаў у дамы нельга.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Сёньня ў Стоўпцах пахвалі жанчыну, якая памерла са станоўчым тэстам на COVID-19. Захворваньне пацьвердзіў трэці тэст, першыя два былі нэгатыўныя. Разьвітаньне адбылося ў касьцёле ў Стоўпцах.

Прысутнічаць на жалобным набажэнстве дазволілі толькі тром асобам. Астатнія родныя назіралі за пахаваньнем з-за плота могілак. Свабодзе родныя распавялі, што пад апаратам ШВЛ яна знаходзілася два тыдні.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

«Хаця б тое, што яна так доўга змагалася за жыцьцё кажа аб тым, што яна была моцнай жанчынай», — сказаў адзін са сваякоў.

Як стала вядома Свабодзе, уладальнік аднаго з рытуальных агенцтваў трапіў з жонкай у шпіталь з пнэўманіяй.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Прасілі правесьці суботнік на працоўным месцы, але ідэю праігнаравалі

У горадзе часьцей можна пабачыць чэргі з дыстанцыяй, людзей у масках. Але гаворка пакуль пра абсалютную меншасьць. Шмат дзяцей бацькі пакінулі дома, не пусьціўшы ў школу. Хатнія заданьні вучні адсылаюць настаўнікам электроннай поштай. У некаторых клясах вучыцца ўсяго па некалькі чалавек.

Некаторыя фірмы ў горадзе ўжо прыстасоўваюцца да новых рэаліяў. Спэцыялісты мясцовага газавага прадпрыемства выяжджаюць толькі ў аварыйных справах. Да канца траўня ім забаронена выяжджаць на любыя іншыя выклікі.

Некалькі выпадкаў COVID-19 пацьвердзілася ў ДАІ, супрацоўнікі ідуць там на бальнічныя.

Падобная сытуацыя і на філіяле Менскага маторнага заводу, найбуйнейшым прадпрыемстве ў горадзе. Там вядома пра сама меней тры выпадкі каранавірусу.

«З наступнага тыдня будуць выходныя, магчыма, да 11 траўня. Апрацоўваюць месцы карыстаньня хлёркай, многія ў масках, дазатары з антысэптыкам», — расказаў нам рабочы заводу.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Тым часам горад рыхтуецца да суботніка. Мясцовыя ўлады не зьбіраюцца яго адмяняць, нягледзячы на тое, што каранавірус пацьверджаны ў аднаго з намесьнікаў старшыні райвыканкаму, паведамілі адразу некалькі крыніц Свабодзе.

«Зваротаў па дапамогу на пахаваньне стала ў разы больш. Настроі ў райвыканкаме вельмі сумныя, але на суботнік загадваюць усё роўна ісьці. Была прапанова правесьці яго на працоўных месцах, а не на вуліцы, але гэтую ідэю кіраўніцтва праігнаравала», — падзяліўся са Свабодай супрацоўнік райвыканкаму.

Райвыканкам: суботнік добраахвотны

Суботнік адбудзецца, паведаміла Свабодзе намесьніца начальніка ідэалёгіі райвыканкаму Сьвятлана Жыбуль. Паводле яе словаў, ён добраахвотны і пройдзе паводле ўсіх рэкамэндацыяў мэдыкаў, з захаваньнем дыстанцыі.

«Калі пандэмія, то гэта не азначае, што нельга нават прыбраць двор. Гэта ж можа і да чэрвеня працягвацца. Калі чалавек выйдзе да брамы, ці ў двары прадпрыемства, то што станецца? Кіраўнікі прадпрыемстваў адказваюць за здароўе працаўнікоў, дастанцыя будзе 1,5-2 мэтры паміж імі. Ніхто ня будзе ў адной залі. Усе будуць на бясьпечнай адлегласьці. Мы і на працы ўсе ў пальчатках, у масках, ёсьць антысэптык, мыем рукі кожныя паўгадзіны. Але галоўнае: калі чалавек ня хоча ісьці на суботнік, то ніхто яго не прымусіць», — сказала Свабодзе чыноўніца.

Але саму сядзібу райвыканкаму апрацавалі і на ўсялякі выпадак пускаюць туды толькі яе супрацоўнікаў. Неўпаўнаважаным уваход забаронены. Пры пільнай патрэбе наведнік можа запрасіць службоўца праз тэлефон выйсьці да ўваходу.

У складанай сытуацыі мясцоваму шпіталю дапамагаюць дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі і ініцыятывы, сярод якіх мясцовая філія «Беларускага саюзу жанчын» і прафсаюзныя арганізацыі. Стаўпецкая арганізацыя БРСМ прапануе дастаўку харчоў і мэдыкамэнтаў тым, хто ня ў стане схадзіць па іх самастойна.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Першымі дапамогу пачала зьбіраць ініцыятыва «COVID-19. Стоўпцы», у якую ўвайшлі мясцовыя жыхары і ўраджэнцы раёну. Да гэтай пары ўдалося сабраць амаль 4 000 рублёў. За гэтыя сродкі для мэдыкаў набылі маскі, рэсьпіратары, антысэптык, харчы і ваду. На гэтым тыдні па дапамогу зьвярнуліся і з санэпідэмстанцыі. У іх няма рэсьпіратараў, касьцюмаў ПЧК і інш. Далучыцца да збору сродкаў можна праз краўдфандынг-плятформу «МолаМола».

На момант публікацыі нам не ўдался атрымаць камэнтар пра сытуацыю ў горадзе і раёне ва ўпраўленьні аховы здароўя Менскага аблвыканкаму. Ніводзін з тэлефонаў адказных чыноўнікаў не адказвае.

Читайте также: Российский фельдшер: «Первая волна COVID-19 смоет 30% медиков»

Грозит ли Беларуси дефолт? Эксперты – о том, как коронавирус ударит по экономике страны

Меркаванне. Як каранавірус прымусіў беларусаў перайсці ў апазіцыю да ўлады

Все новости по теме Коронавирус читайте здесь.

Инфографика: Петр КАРАСЮК

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
5 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
злой кот

После парада будет ваще дичь..ну и после субботника.

Scroll Up