Новости / Коронавирус

Лекар-рэаніматоляг: менскія рэанімацыі запоўненыя, афіцыйная статыстыка моцна заніжаная

22.04.2020, 11:25  / remove_red_eye 2310   / chat_bubble2

Свабода на ўмовах ананімнасьці пагутарыла зь лекарам-рэаніматолягам аддзяленьня рэанімацыі аднаго зь менскіх шпіталяў. Імя і дакладнае месца працы доктара рэдакцыя мае.

Лекар-рэаніматоляг: менскія рэанімацыі запоўненыя, афіцыйная статыстыка моцна заніжаная

Ілюстрацыйнае фота. Рэанімацыйная палата з апартамі ШВЛ

Уся лякарня запоўнена пацыентамі з запаленьнем лёгкіх

— Якая цяпер сытуацыя ў рэанімацыйным аддзяленьні, дзе вы працуеце?

— У нас трохі больш за 20 рэанімацыйных ложкаў. Пэрыядычна зьяўляюцца вольныя месцы. Пацыенты пастаянна паступаюць, мы як бы на мяжы магчымасьцяў, але два-тры ложкі на сёньня, калі я сыходзіў з працы, былі вольныя.

— Гэта ўсё пацыенты з каранвірусам?

— Так. «Кавідныя» пацыенты пачалі да нас паступаць у канцы сакавіка. Але як толькі дыягназ COVID-19 пацьвярджаўся, іх у нас забіралі ў шпіталі, якія ўжо былі перапрафіляваныя пад такіх пацыентаў. Але зь мінулага тыдня ўсе пазытыўныя застаюцца ў нас. Так што цяпер мы ўжо сталі запаўняцца, як лякарня з COVID-19.

Практычна ўсе аддзяленьні запоўненыя пнэўманіямі. Цяпер ідзе сартаваньне пацыентаў паміж аддзяленьнямі. У адны пераводзяцца каранавірусныя пнэўманіі, у іншыя — нявысьветленыя.

Наколькі дакладная дыягностыка

— У Маскве вырашылі ў гэты пэрыяд усе выпадкі пнэўманій лічыць каранавіруснымі. А як у Менску, ці ёсьць у вас выпадкі некаранавірусных пнэўманій?

— Так. Мы бачым запаленьне лёгкіх, бачым клініку і падобную сымптаматыку, але мазкі прыходзяць адмоўныя. Мы бяром новыя і новыя мазкі, а яны ўсё адмоўныя і адмоўныя. Хоць паводле ўсіх астатніх прыкметаў пацыент павінен быць пазытыўны.

— Гэта азначае, што палімерная ланцуговая рэакцыя (ПЛР) — не зусім дакладны аналіз?

— Так, пры мазку з носу — гэта 60 % пэўнасьці, зь зеву — ад 30 адсоткаў. Самы пэўны — гэта аналіз макроты і забор, змыў з бронхаў, там будзе каля 90 % пэўнасьці.

— У некаторых краінах пачалі дыягназы ставіць па кампутарнай тамаграфіі. У Беларусі так ня робяць?

— Не. Я чуў, што такое робіцца, але найбольш пэўны аналіз — мазок ці забор матэрыялу з бронхаў. Вядома, на раньніх стадыях КТ бачыць так званы эфэкт «матавага шкла», але гэта можа сьведчыць пра пнэўманію віруснага паходжаньня, але неабавязкова пра COVID-19.

Так што тамаграфія служыць для таго, каб пацьвердзіць дыягназ або западозрыць. Але толькі па КТ у нас дыягназ ня ставіцца.

«Сродкаў індывідуальнай аховы пакуль хапае, але мы эканомім»

— Ці былі ў вашай рэанімацыі сьмяротныя выпадкі каранавірусных хворых?

— Як я ўжо казаў, раней яны пераводзіліся ў іншыя клінікі, але з таго часу, што яны застаюцца ў нас, не, не было.

— Ці хапае вам ахоўных сродкаў — касьцюмаў, масак, шчыткоў, акуляраў?

— Пра гэта нічога дрэннага не скажу. Наша лякарня ўкамплектаваная сродкамі індывідуальнай засьцярогі. Мы ўсе маем свае халаты, свае касьцюмы, нам рэгулярна мяняюць рэсьпіратары. З гэтым праблемаў няма. Зрэшты… Пэрыядычна ўсё ж адчуваецца напружаньне.

Немагчыма сказаць, ці хопіць іх заўтра, бо ніхто ня ведае, наколькі гэта ўсё зацягнецца. Таму на гэты момант мы эканомім, жывём, так бы мовіць, не на шырокую нагу. Але на сёньня па меры неабходнасьці ў нас усё ёсьць.

Дзяжурствы па 24 гадзіны, калі мы выходзім з чырвонай зоны на адпачынак, а пасьля вяртаемся, — мы надзяваем той самы касьцюм, які перад гэтым кварцуецца і дэзынфікуецца.

«У лякарні ёсьць выпадкі заражэньня і мэдсёстраў, і лекараў»

— Ці ёсьць выпадкі захворваньня на каранавірус сярод пэрсаналу?

— Так, ёсьць выпадкі. Хварэе малодшы пэрсанал, хварэюць лекары. Дыягназы пацьверджаныя. Але цяжкіх хворых сярод пэрсаналу няма.

Зрэшты, дакладна ня ведаю, бо тыя супрацоўнікі, якія выяўляліся раней, іх пераводзілі ў іншыя клінікі, якія на той момант прызначаліся для пацыентаў з COVID-19.

— А тыя, хто захварэў нядаўна?

— 15 красавіка выйшаў загад міністра, што пнэўманіі, лёгкія выпадкі каранвірусных пнэўманій і проста пазытыўныя на COVID-19 лечацца амбуляторна, пры ўмове, што яны могуць самаізалявацца дома. Цяпер іх назіраюць і лечаць паліклінікі.

Тыя, хто знаходзіўся ў лякарнях проста як кантакты, ужо выпісалі дадому. Цяпер у лякарнях будуць лячыцца толькі цяжкія пнэўманіі, а таксама пацыенты зь сярэднім і цяжкім цячэньнем COVID-19.

Што такое беларускі пратакол лячэньня каранавірусу

— Ці ёсьць у вас нейкія праблемы, напрыклад недахоп пэрсаналу або лекаў?

— У прынцыпе, у лякарні ўжо зьявіўся антымалярыйны прэпарат «Імард». Мы яго актыўна пачынаем уводзіць, але гэта экспэрымэнтальнае лячэньне, таму мы даём яго дыфэрэнцавана — пры цяжкіх паталёгіях або калі бачым, што чалавек пагаршаецца.

— А гэты «Імард»​ беларускай вытворчасьці?

— Здаецца, не. Але яго пакуль хапае. У клінікі ён ужо паступае. Тыя пацыенты, каму ён неабходны, яго атрымліваюць. Гэтыя лекі маюць пабочныя эфэкты, таму ўсім яго не прызначыш.

— Раней афіцыйна было абвешчана, што ў Беларусі ёсьць свае пратаколы лячэньня каранвірусу. «Імард» — гэта і ёсьць адзін з пунктаў таго пратаколу?

— Як вы ведаеце, лячэньня ад COVID-19 у сьвеце пакуль ня знойдзена, буйнамаштабных дасьледаваньняў не праведзена. Таму ўсе спосабы лячэньня пакуль экспэрымэнтальныя.

Але, так, «Імард»​ — частка гэтага экспэрымэнтальнага пратаколу. Уся тэрапія зводзіцца да сымптаматычнага лячэньня. Як мы лечым і ВРВІ. Для пнэўманій — гэта антыбактэрыяльная тэрапія, кіслародная падтрымка, інфузія. Але спэцыфічнага лячэньня няма.

— Значыцца, вы прымяняеце кіслародную тэрапію?

— Так, гэта базавае лячэньне для тых, хто трапляе ў рэанімацыю. Калі яно не дапамагае, чалавека пераводзяць на ШВЛ.

Як ад каранавірусу лечацца дома

— А тыя, хто лечыцца дома, могуць атрымаць «Імард»?

— Дома лечацца людзі зь лёгкім цячэньнем хваробы. Для такіх пацыентаў «Імард» не выкарыстоўваецца, таму што ў яго няма доказнай базы. Яго прымяняюць у больш цяжкіх выпадках, калі сымптаматычнае лячэньне не дапамагло. Гэта такое лячэньне адчаю.

— Значыць, тыя, хто лечыцца дома, атрымліваюць тэрапію як пры ВРВІ?

— Так. Але разумееце, вельмі шмат бессымптомнага COVID-19 або лёгкіх формаў, накшталт лёгкай прастуды. Такім людзям амаль ніякага лячэньня не патрабуецца.

Што агульнага ў пацыентаў рэанімацыі, хворых на COVID-19

— Ці былі ў вас выпадкі выпіскі з рэанімацыі назад у звычайныя аддзяленьні?

— Так, людзі папраўляюцца, людзі стабілізуюцца і пераводзяцца ў агульныя аддзяленьні. Але паколькі цалкам «кавідныя» пацыенты ў нас толькі зь мінулага тыдня, то я не магу назваць цалкам вылечаных пацыентаў. Людзі яшчэ лечацца.

Больш складана з тымі, хто трапіў на ШВЛ. Пакуль ім вэнтылююцца лёгкія.

— Якія заканамернасьці ходу гэтай хваробы паводле назіраньняў лекара-рэаніматоляга?

— Практычна ўсе пацыенты нашай рэанімацыі ва ўзросьце 55-65 гадоў. Практычна ўсе цяжкія пацыенты маюць празьмерную вагу цела або атлусьценьне.

Як з рэанімацыі бачыцца маштаб эпідэміі

— Як вам знутры бачыцца цяперашні маштаб эпідэміі ў Беларусі?

— Мы ведаем тыя ж лічбы, што агучваюцца афіцыйна. З другога боку, калі нехта валодае адрознымі лічбамі, то выдаваць іх забаронена. Але я і мае калегі лічым, што афіцыйная статыстыка хворых моцна заніжаная, у пяць-шэсць разоў. Дадайце сюды бессымптомна хворых, якія пераносяць хваробу на нагах і працягваюць распаўсюджваць вірус і заражаць іншых.

Так што заражаных нашмат больш, а афіцыйныя лічбы — гэта тыя, хто ўжо трапіў у лякарню. Але гэта мая суб’ектыўная думка.

Толькі ў нашай лякарні з канца сакавіка выяўлена больш за 350 пацьверджаных хворых. Гэта толькі адна невялікая бальніца. У Менску павінна быць каля 5000 тысяч. У маштабах краіны — яшчэ больш.

Мы пазьбягаем рабіць прагнозы і адносна канкрэтных хворых, і адносна ўсёй эпідэміі. Кітайская або нямецкая статысткі супярэчлівыя, розныя па-рознаму лічаць. Занадта шмат супярэчлівай інфармацыі.

Паводле кітайскіх дасьледаваньняў, стойкага імунітэту не ўзьнікае. У тых, хто перахварэў, цітры антыцелаў у крыві нізкія. Дарэчы, у пажылых людзей цітры большыя, чым у маладых.

«Мы ўсе кашляем​»​

— Усе 20 хвілін нашай размовы вы кашляеце?

— Так, мы ўсе кашляем.

— Мазкі ў вас і вашых калегаў бралі?

— Так, бралі. Мазкі адмоўныя. Але цяпер вырашылі, што будуць браць мазкі толькі ў тых, у каго ёсьць «клініка» — тэмпэратура, кашаль, нейкія катаральныя сымптомы. Калі чалавек адчувае сябе больш-менш нармальна, мазкі звычайна не бяруць. Мы ходзім на працу.

— Але ж вы так кашляеце…

— Мне рабілі ня толькі мазкі, але і кампутарную тамаграфію. Пнэўманіі няма. Я працую.

Я думаю, што раней ці пазьней усе мы з гэтай інфэкцыяй сутыкнёмся — занадта вялікі маштаб эпідэміі ў сьвеце і ў Беларусі. Галоўнае, каб не было аднамомантнай нагрузкі на сыстэму аховы здароўя. Каб мы змаглі дапамагчы ўсім.

Так што заставайцеся дома.

Радыё Свабода

Читайте также: Реаниматолог из Витебска: «Такое ощущение, что мы на войне, а остальные — нет»

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
2 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
злой кот

Надо посидеть у костра подышать дымом. Если что это не я сказал.

Scroll Up