Новости / Коронавирус

Доктар-беларус працаваў з каранавірусам у Іспаніі і сам захварэў. Вось што ён раіць

3.04.2020, 9:47  / remove_red_eye 2891   / chat_bubble1

Беларус Аляксей Носаў працуе лекарам у адным са шпіталёў гішпанскай Валенсіі, дзе цяпер віруе каранавірус. Калі 29 сакавіка Носаў выйшаў на працу, зразумеў, што не адчувае пахаў. Здаў аналіз на каранавірус і пайшоў дадому. Праз два дні прыйшоў станоўчы вынік/

Доктар-беларус працаваў з каранавірусам у Іспаніі і сам захварэў. Вось што ён раіць

Доктар Аляксей Носаў. Фота Радыё Свабода

«Радыё Свабода» адразу спытала ў Аляксея пра здароўе. Ён кажа, што адчувае сябе нармальна.

«Лёгкі кашаль часам, — доктар некалькі разоў кашляе ў слухаўку і працягвае пералічваць свае сымптомы: — Тэмпэратуры няма, былі эпізоды дыярэі, пачуцьцё сьцісканьня ў грудной клетцы — як пасьля доўгага сядзеньня за кампутарам у нязручнай позе, як быццам трохі зашчаміў сьпіну. Гэта ўсё».

Носаў мяркуе, што вірус яшчэ не трапіў у ягоную кроў, таму няма тэмпэратуры.

«Ёсьць некалькі формаў цячэньня хваробы. Наколькі я зразумеў, у мяне больш лёгкая. Напэўна, гэта залежыць ад уласнай сыстэмы абароны арганізма. Я трэніруюся і гуляю ў рэгбі, не прымаю ніякіх антыбіётыкаў, збалянсавана харчуюся, хранічных захворваньняў у мяне няма. Можа быць, гэта мяне ратуе».

«Праз 2-3 дні разьвівалася «нармальная» двухбаковая пнэўманія»

Па спэцыяльнасьці Аляксей траўматоляг. Але падчас пандэміі, калі мэдыкаў не хапае, зьявіўся прафэсійны жарт: «Сядзіце, калі ласка, дома, калі ня хочаце, каб вам інтубацыю рабіў гінэколяг або траўматоляг».

Аляксей Носаў працуе ў прыёмным пакоі аднаго з гарадзкіх шпіталёў Валенсіі. Зьмена ў лекара цягнецца 14 гадзін.

«Калі я іду на зьмену, то 7 гадзін працую са звычайнымі пацыентамі — бо звычайных хваробаў ніхто ж не адмяняў. І 7 гадзін — у «зоне 0» — для пацыентаў з рэсьпіраторнымі захворваньнямі. Там у нас адбываецца дыягностыка, каб адрозьніць каранавірус ад іншых захворваньняў. Ёсьць пэўная схема, якая залежыць ад узросту, тэмпэратуры і іншых праяваў».

Пацыентаў да 20 гадоў без тэмпэратуры і кашлю адпраўляюць дадому да моманту, пакуль у іх ня зьявіцца іншых сымптомаў, дзеліцца схемай працы Носаў. Калі ёсьць тэмпэратура ці кашаль, то пацыенту робяць рэнтген лёгкіх. Калі выяўляецца пнэўманія, то чалавека шпіталізуюць і робяць аналіз на каранавірус.

«У групе ад 20 да 40 гадоў, калі ёсьць кашаль і тэмпэратура, адразу робяць рэнтген і аналіз. Калі ты зьвярнуўся ў 60 гадоў і ў цябе нават нічога няма, то рэнтген і аналіз адразу ж».

Носаў паўтарае сумную, але ўжо агульнавядомую праўду: каранавірус найбольш небясьпечны для старых людзей, якія маюць нейкія хранічныя захворваньні.

«У людзей у пажылым узросьце, якія зьвярталіся без сымптомаў і былі станоўчымі на каранавірус, праз 2-3 дні разьвівалася «нармальная» двухбаковая пнэўманія. Ня так даўно тут была даволі рэзанансная падзея: ад каранавірусу загінуў 21-гадовы чалавек, трэнэр фітнэсу. У яго выпадкова выявілі спадарожную паталёгію, зьвязаную з саркомай крыві. На фоне аслабленага арганізма хвароба разьвіваецца вельмі імкліва».

У Носава сымптомы каранавірусу лёгкія, яго не шпіталізавалі. Ён сядзіць дома разам са сваёй сям’ёй. Шпіталі проста ня могуць дазволіць сабе прымаць усіх людзей, у каго ёсьць каранавірусныя сымптомы.

«У нас і так не хапае магчымасьці разьмясьціць усіх цяжкіх. Таму людзей з падрабязнымі інструкцыямі адпраўляюць дадому. Я жыву зь сям’ёй, і мая жонка ўсё роўна выходзіць у краму. Мае сямейнікі зьяўляюцца носьбітамі вірусу, але бессымптомнымі».

«Тое ж самае адбывалася ў тых краінах, дзе цяпер пекла пякельнае»

Аляксей расказвае, што чэргі ў краму — на вуліцах, бо ў памяшканьні можа знаходзіцца толькі абмежаваная колькасьць людзей. На ўваходзе стаіць антысэптык, у якім можна памыць свае пальчаткі.

«І абавязкова паверх сваіх пальчатак надзяваеш пальчаткі, якія даюць у краме», — дадае доктар.

Носаў мяркуе, што распаўсюджваньне хваробы залежыць ад паводзінаў людзей. Ён зьдзіўляецца, што ў Гішпаніі, якая стала адной з ахвяраў каранавірусу, усё роўна «знаходзіліся адважныя людзі, якія і ў мэтро езьдзілі бяз масак і пальчатак».

«Нават некаторыя прадаўцы тыдзень таму стаялі бяз масак і пальчатак. Я не абараняюся маскай і пальчаткамі. Я абараняю вас маскай і пальчаткамі. А вы абараняеце мяне. Гэта значыць, я ваша абарона, а вы мая. Значыць, калі я выкарыстоўваю гэтую абарону, а хтосьці зь мяне сьмяецца, то яны не паважаюць ня проста мяне, а і ўсіх астатніх. Ёсьць бессымптомныя носьбіты вірусу».

Пытаемся ў Носава, ці варта беларусам насіць маскі, бо цяпер няшмат людзей іх надзяваюць.

«Тое ж самае адбывалася ў тых краінах, дзе цяпер пекла пякельнае. Жудаснае пекла. У Італіі, Гішпаніі, у ЗША таксама ня вельмі да гэтага ставіліся, езьдзілі бяз масак і хіхікалі. Але гэтая штука не даруе. Можаце сьмяяцца з каго заўгодна і ставіцца да гэтага як заўгодна. Але справа ў тым, што нож у сьпіну вам усадзяць. Пытаньне толькі ў часе.

Колькасьць людзей, якія кантактуюць паміж сабой, — гэта тое, што прыводзіць да колькасьці заражэньняў. Прычым колькасьць заражаных памнажаецца. Ёсьць інкубацыйны пэрыяд, які доўжыцца прыкладна ад 3 да 14 сутак.

Мне вельмі шкада Беларусь, улічваючы, што цяпер адбываецца. Горш за ўсё, калі хтосьці памірае ад каранавірусу, які не кваліфікуюць як каранавірус. І пэрсанал не апрацоўвае ні ложак, ні мэблю, самі не засьцерагаюцца ніякім чынам. Адпаведна, яны заражаюць усё больш і больш людзей».

Як у Гішпаніі лечаць ад COVID-19

«У нас лечаць сымптомы пнэўманіі. Калі ёсьць пнэўманія і дыхальная недастатковасьць, то інтубуюць ці праводзяць вэнтыляцыю лёгкіх і ўводзяць два магутныя антыбіётыкі — азітраміцын і гідроксіхлёрахін».

На думку Аляксея Носава, колькасьць людзей, якія захварэюць ці стануць носьбітамі новага каранавірусу, дасягне 90% жыхароў Зямлі.

«Гэты вірус вельмі кантактны. Людзі будуць яго пераносчыкамі — бессымптомна, зь мінімальнымі або сурʼёзнымі сымптомамі. У мяне ён знаходзіцца ў насаглотцы. Задача — ня даць апусьціцца вірусу ў лёгкія. Таму я пастаянна палашчу горла, пʼю цёплыя напоі, каб змываць вірус у страўнік. У страўніку знаходзіцца наш сябар саляная кіслата, якая забівае ўсё, што туды трапляе, акрамя пэўных відаў бактэрый, якія ў гэтым выпадку ня маюць значэньня. Прамываю нос і насаглотку солевым растворам — на шклянку вады пару чайных лыжак солі, пару кропель ёду. Рэкамэндуецца кожныя паўгадзіны штосьці піць, нешта ўжываць».

Аляксей нагадвае: ёсьць вялікая імавернасьць захварэць, дакрануўшыся да чагосьці, а потым да твару — у пальчатках ці бязь іх.

«На мэталічных паверхнях гэты вірус жыве да 7-9 дзён. Вельмі важна рабіць штодзённую вільготную прыборку дома, важная гігіена — пастаяннае мыцьцё рук».

Што тычыцца Беларусі, то Носаў думае, што Беларусь толькі на самым пачатку эпідэміі.

«Нават таму, што нармальна не публікуюцца статыстычныя зьвесткі пра вірус. Праўду кажуць, што гэта, як радыяцыя: яе не відаць. Калі б па горадзе бегалі злыя сабакі і рвалі бы ўсіх, то, натуральна, усе б сядзелі дома. А гэта маленькі вірус, яго не відаць, таму людзі думаюць: «Ах, што там я! Я ж зух! Пайду кульну сто грамаў лукашэнкаўскіх! У лазьню схаджу, а потым зарыюся ў зямлю па ноздры і ўсё, нічога ня будзе». Гэта хлусьня».

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

1
Оставить комментарий

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
1 Цепочка комментария
0 Ответы по цепочке
0 Последователи
 
Популярнейший комментарий
Цепочка актуального комментария
1 Авторы комментариев
Nickname Авторы недавних комментариев
  Подписаться  
новее старее большинство голосов
Уведомление о
Nickname
Участник
Комментатор
Первая сотня
Загрузка аватара
За просмотр контента
За посещение сайта
Логин на сайт
Читатель-месяца
Ударник
Глаз как у орла
Герой

Хай добра будзе…..

Scroll Up