Новости / Коронавирус

Меркаванне. Чаму змаганне з COVID-19 у Беларусі нагадвае савецкую спробу спыніць нашэсце каларадскага жука

1.04.2020, 9:16  / remove_red_eye 2689   / chat_bubble2

Свамі думкамі дзеліцца Руслан Равяка

Меркаванне. Чаму змаганне з COVID-19 у Беларусі нагадвае савецкую спробу спыніць нашэсце каларадскага жука

Старыя людзі памятаюць, што недзе да 1960-х гадоў на нашых землях ніхто не ведаў, што такое каларадскі жук. Шмат стагоддзяў да гэтага з вырошчваннем бульбы нашы сяляне мелі значна менш клопатаў.

Мае дзяды расказвалі, што спачатку пра небяспеку пачалі пісаць у газетах, пасля з’явіліся агітацыйныя плакаты. Людзей заклікалі шукаць гэтае стварэнне і здаваць у калгас. За кожнага жука абяцалі грошы. Выяву каларадскага жука размяшчалі паўсюль, нават на школьных сшытках ды пачках запалак. Але дзіўную паласатую жужалку ніхто яшчэ нейкі час не бачыў на ўласныя вочы і не верыў у яе існаванне.

Памятаю, як у 1990-я старыя людзі наракалі, што раней шукалі каларадскага жука, каб зарабіць якую капейку, і не маглі знайсці. А пасля нечакана склалася так, што паласаты шкоднік зрабіўся часткаю жыцця і ніхто нават капейчыну не плаціў за яго збор.

Дарэчы, пасля той «каларадскай акупацыі» савецкія ўлады пачалі тлумачыць, што гэта амерыканцы адмыслова вывелі жука і з самалётаў раскідалі над СССР, каб пасеяць голад у краіне.

Кропкавыя захады ўладаў па пошуку і ізаляцыі заражаных на каранавірус нагадваюць тое змаганне з каларадскім жуком. Здаецца, што трэба проста пералавіць усіх хворых, ізаляваць іх, а разам тых, хто меў з імі кантакт, ды праблема вырашыцца.

Я быў бы рады, каб гэтак і адбылося. Аднак сітуацыя змяняецца на вачах. Хворых выяўляюць у зусім нечаканых месцах. Напрыклад, 30 сакавіка паведамілі пра чалавека з каранавірусам у Іўеўскім раёне. COVIN-19 знайшлі ў дзядзькі з невялікай вёскі. Як расказалі мае знаёмыя, што жывуць у Іўі, прадпрымальнік рабіў мэблю на заказ і вазіў прадаваць яе ў Расію. Пасля апошняй паездкі ён, відаць, і прывёз адтуль вірус. Чалавек больш за тыдзень жыў у вёсцы, развозіў мэблю па беларускіх кліентах, пасля адчуў сябе блага, лячыўся ў мясцовым ФАПе і толькі пазней трапіў у Іўеўскі шпіталь. І такіх прыкладаў усё больш. Вірус, як той жук, хутка захоплівае ўсё новыя абшары. Зрэшты, дзіўна было, калі б ён абышоў Беларусь, захапіўшы навакольныя краіны.

На жаль, надыходзяць такія часы, калі кожны павінен сам дбаць аб сваім здароўі і здароўі сваіх родных і блізкіх. Новая хвароба хітрая і падступная. Таму толькі ўсе разам мы можам даць ёй рады. Калі ўлады ў Беларусі не плануюць ўводзіць агульнанацыянальны карантын, то трэба самім, наступіўшы сабе на горла, адкласці «вельмі важныя» праблемы і адмежаваць да мінімуму свае кантакты, старацца не наведваць людныя месцы. Паспрабаваць не сустракацца са старымі сваякамі, асабліва не прывозіць да іх дзяцей, якія незаўважна пераносяць хваробу, але лёгка заражаюць ёю людзей сталага веку.

А калі ўсё ж паўстае неабходнасць наведвання людных мясцін, дык не саромецца выкарыстоўваць сродкі асабістай абароны, антысептыкі ды трымаць дыстанцыю ад іншых людзей. 1,5 метра, што вас падзяляе ад іншага чалавека ў краме ці іншым грамадскім месцы, могуць выратаваць ад заражэння. Не трэба, як у нас прынята, піхацца ў чарзе, дыхаючы ў карак і напіраючы на таго, хто стаіць наперадзе. Час змяніўся, і ў новых умовах мы павінны таксама прыстасоўвацца, каб не было балюча пасля ад таго, што не выканаў простых, але вартых парадаў.

Магчыма, вірус знікне праз пэўны час ці навукоўцы прыдумаюць ад яго лекі. Аднак вельмі верагодна, што каранавірус, як той каларадскі жук, застанецца з намі назаўжды, як і сезонны грып. У гэтым выпадку нам давядзецца змяніць свае звычкі і лад жыцця, каб выжыць і абараніць сябе самога і сваіх родных ды блізкіх. Змаганне толькі пачынаецца.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі

Чытайце таксама: Крах эканомікі, змена граніц і ўрадаў. Як каранавірус можа змяніць наш лад жыцця

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
2 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии

Да вы РУСЛАН РАВЯКА-просто гений !!!!

Scroll Up