Новости / Коронавирус

Крах эканомікі, змена граніц і ўрадаў. Як каранавірус можа змяніць наш лад жыцця

17.03.2020, 18:15  / remove_red_eye 1508   / chat_bubble6

Новы вірус COVID-19 змяняе свет на нашых вачах. Сюжэты мастацкіх фільмаў і кніг імкліва ажыццяўляюцца і становяцца рэальнасцю. Ці гатовыя вы да зменаў?

Крах эканомікі, змена граніц і ўрадаў. Як каранавірус можа змяніць наш лад жыцця

Фото: https://pxhere.com/

Каб месяц назад нехта сказаў, што з-за каранавіруса большасць еўрапейскіх краін закрые граніцы, а заходняя медыцына не будзе даваць рады хваробе, дык шмат хто з нас проста пасмяяўся б і палічыў усё гэта фантастычным трызненнем.

Але ўсё змянілася вельмі хутка – за некалькі тыдняў. Закрыццё граніцы паміж брацкімі краінамі стала нормай, як у Еўрасаюзе, так і ў Еўразійскім саюзе. Кожная краіна цяпер спрабуе выратавацца асобна, у максімальнай ізаляцыі перажыць гэтыя няпростыя часы. Абрынуліся акцыі магутных карпарацый на сусветных біржах.

Лічбы пра захварэўшых і памерлых у СМІ нагадваюць зводкі з фронту: Кітай вытрымаў удар і цяпер умацоўвае абарону, а вось на італьянскім фронце – цяжкія баі і колькасць ахвяр расце, павялічваецца напружанасць у Іспаніі і Францыі. Інфармацыя пра вялізныя чэргі ў крамах, закрыццё ў суседніх краінах метро і забарону грамадскага транспарту паміж рэгіёнамі і гарадамі ўжо нікога не здзіўляе.

Усе гэтыя падзеі ўздымаюць шмат пытанняў і выклікаюць праблемы, якія не толькі Беларусі, але і ўсяму свету трэба будзе развязаць у бліжэйшы час. Як будуць працаваць прадпрыемствы, якія арыентаваліся на экспарт? Што будзе, напрыклад, з беларускай «малочкай», якая пастаўляла значную долю сваёй прадукцыі ў Расію? Ці не апынуцца беларускія дальнабойшчыкі без работы? Як працаваць тым арганізацыям, якія залежаць ад паставак з Еўропы ці Кітая?

Мноства побытавых нязручнасцяў таксама чакае нас ужо ў бліжэйшы час. Напрыклад, ёсць верагоднасць, што знікне з продажу добрая і якасная кава, якую раней вазілі з Польшчы, ці сарвецца запланаваны на лета адпачынак на курорце ў Італіі ці Егіпце.

Ці заўважылі вы, што ўжо змяняюцца і нашыя звычкі, узмацняюцца захады па забеспячэнні асабістай гігіены. У крамах развешваюць дазатары з дэзсродкамі. Многія жыхары стараюцца пазбягаць месцаў, дзе збіраецца шмат людзей, часцей мыюць рукі. Растуць замовы развозу ежы па дамах, але некаторыя кур’еры ўжо не заходзяць у кватэры, а чакаюць кліента на вуліцы.

Ніхто не верыць афіцыйным лічбам аб колькасці захварэўшых і спадзяецца толькі на сябе. І гэта датычыцца не толькі жыхароў Беларусі, але і Украіны, Польшчы ці Італіі.

Беларускія ўлады заяўляюць, што ў нас сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Усе спадзяюцца, што гэтая трасца хутка скончыцца і ўсе адновіцца. Хацелася б верыць, што кіраўніцтва Беларусі пралічыла наступствы і ведае, што рабіць, калі самаізаляцыя суседніх краін працягнецца больш за месяц. Ведае, дзе шукаць дадатковыя сродкі на падтрымку медыцыны і эканомікі.

ЕС вылучыў 7 млрд еўра дапамогі Польшчы для барацьбы з каранавірусам. Хто цяпер дапаможа Беларусі? Закрыццё Расіяй сваёй граніцы з намі паказала, што, хутчэй за ўсё, вялікай брацкай дапамогі, у выпадку чаго, не будзе. Ці гатовы мы даць рады самі сабе? Ці хопіць нам тых жа апаратаў для вентыляцыі лёгкіх, якія так неабходны для цяжкахворых? Іх нават у Італіі цяпер не хапае.

На жаль, сёння лёгкі апакаліпсічны сцэнар робіцца фактам. Да чаго гэта прывядзе, пакуль не зусім вядома. Мы ўсе сведкі значнай гістарычнай падзеі, якая можа змяніць існуючы лад жыцця на планеце і будучыню Зямлі, пакроіць нанова граніцы і зрыне ўрады.

Тыя змены апішуць гісторыкі трохі пазней – нашаму замыленаму воку яны пакуль не заўважныя ды нават падаюцца трохі дзіўнымі. Але калі каранавірус будзе пераможаны, свет ужо не будзе ранейшым.

Меркаванне аўтара може не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
6 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
#жуебелыгусь

Тыя змены апішуць гісторыкі трохі пазней-ну так и не трынди если не знаешь ни фига!

Scroll Up