Пачалося галасаванне за лаўрэата прэміі імя Віктара Сырыцы
Сфармаваны шорт-ліст прэміі Сырыцы за 2019 год, у яго увайшлі cем прадстаўнікоў розных рэгіёнаў Беларусі. Лаўрэата абярэ Рада Руху «За Свабоду».
У гэтым годзе на конкурс паступілі 25 прапановаў, у шорт-ліст трапілі сем чалавек.
- Андрусь Архіпенка (кампанія па ўшанаванні памяці пісьменніка Алеся Адамовіча, усталяванне помніка ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці);
- Зміцер Шыманскі (кампанія па беларусізацыі новага аўтавакзала ў Брэсце);
- Эдзіта Бранцэвіч (апекаванне беларускамоўнай групы ў садку Смаргоні Гродзенскай вобласці);
- Юрый Нагорны (усталяванне новага памятнага знака на месцы апошняга бою каліноўцаў у вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёна);
- Ларыса Шчыракова (арганізацыя грамадскай кампаніі «Забітыя і забытыя» па ўшанаванні месцаў масавых расстрэлаў пад Гомелем у 30-я — 40-я гады);
- Віктар Клімус (стварэнне мультымедыйнага дадатку, дзякуючы якому можна пабачыць страчаныя будынкі старога Брэста);
- Хрыстафор Жаляпаў (правядзенне ў Віцебску канферэнцыі «Беларуская дзяржаўнасць. Гісторыя і сучаснасць»).
У гэтым годзе арганізацыя зноў запускае не толькі галасаванне сярод сябраў Рады, але і т.зв. грамадскае, у якім можа прыняць удзел любы ахвотны. Гэтае галасаванне будзе мець кансультацыйны характар. Усе ахвотныя могуць аддаць свае галасы за лепшую ініцыятыву, запоўніўшы форму:
Галасаванне працягнецца да 20 лютага.
Прэмія імя Віктара Сырыцы была заснавана Радай Руху «За Свабоду» ў снежні 2016 года ў памяць пра выбітнага дзеяча нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі, жыхара Баранавіч Віктара Сырыцу. Ёю уганароўваюцца аўтары найлепшых рэгіянальных ініцыятываў па папулярызацыі беларушчыны па выніках мінулага года. Лонг-ліст прэміі збіралі да 10 лютага, удзел у фармаванні шорт-ліста прыняло кіраўніцтва арганізацыі.
Віктар Сырыца памёр 9 лістапада 2015 года. Баранавіцкі краязнаўца, гісторык, ён меў шмат публікацый у перыядычных выданнях, некаторы час працаваў намеснікам дырэктара Баранавіцкага недзяржаўнага эканоміка-юрыдычнага тэхнікума. Але, бадай, найбольшы ўклад у жыццё рэгіёна, у адраджэнне Беларушчыны Віктар Антонавіч унёс як сябра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ, якую ўзначальваў 18 год.