Новости / Экономика

Бюджэтнікам налічылі заробкі па новай сістэме. Што атрымалі людзі і як рэагуюць на змены?

13.02.2020, 16:58  / remove_red_eye 612   / chat_bubble2

Са студзеня супрацоўнікам бюджэтных арганізацый заробак налічваюць па новых правілах. Увялі іх, каб спрасціць сістэму. Пры гэтым не раз гучала, што студзеньскія заробкі будуць не ніжэйшымі за снежаньскія. Але ў разліковых лістках многія пабачылі меншыя сумы.

Бюджэтнікам налічылі заробкі па новай сістэме. Што атрымалі людзі і як рэагуюць на змены?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Сяргей ГУДЗІЛІН

Прэміі ўрэзалі, гады працы ў прыватных установах не ўключылі ў стаж

Настаўніца Ганна Севярынец кажа, што ў яе калектыве педагогі атрымалі на 100—200 рублёў менш, чым звычайна. Калі аклад захаваўся практычна той жа, то з прэміямі — бяда, пiша «Наша Нiва».

Вось якія змены ўбачылі выкладчыкі.

«Аклад складаецца з іншых рэчаў. Раней надбаўкі за катэгорыю, стаж былі вынесены за межы акладу, а цяпер уключаны ў яго.

Што істотна змянілася ў методыцы — налічэнне стажу. Цяпер гэта даплата ўнутры акладу, і з яе выкінутыя тыя гады, якія мы працавалі ў прыватных установах. У мяне, напрыклад, выпала 5 год. Хоць я выконвала тую ж працу і з заробку гэтак жа сплачваліся падаткі».

Што яшчэ заўважна змянілася — гэта сістэма налічэння прэмій. Праблема ў тым, што ў настаўнікаў яны складаюць значную частку заробка.

«Аддзел адукацыі больш не налічвае нам ніякіх даплат і прэмій. Цяпер яны будуць выплочвацца кіраўніцтвам школы. А яны яшчэ не атрымалі гэты зарплатны фонд і інструкцыі. Таму ў гэтым месяцы нам выдалі голы аклад. Нам абяцаюць, што ўсё кампенсуюць, але, як яно будзе, невядома», — наракае выкладчыца.

Сам фонд, з якога налічваюцца прэміі, істотна зменшыўся. Раней гэта было 20% ад зарплатнага фонду, цяпер 5%. Атрымліваць прэміі будуць за вынік — напрыклад, за пераможцаў алімпіяд.

«Але гэта тытанічная праца, немагчыма паказваць высокія вынікі штогод», — заўважае Ганна Севярынец.

У пастку праз гэта трапляюць тыя, хто займае адміністрацыйныя пасады і чыя праца не прадугледжвае тую ж падрыхтоўку алімпіяднікаў, — завуч, сакратар. З чаго ім атрымліваць прэміі, незразумела.

Але і колькі будуць плаціць настаўнікам за розныя дасягненні, невядома. Раней у калектыўнай дамове былі прапісаны канкрэтныя расцэнкі. Цяпер, паколькі сістэма налічэння заробку змянілася, тая дамова не мае сілы.

«Сказалі, што ў якасці кампенсацыі раз на год будуць выплачваць суму на аздараўленне. Для мяне як настаўніка вышэйшай катэгорыі гэта 150 рублёў», — дадае Ганна Севярынец.

У выйгрышы — толькі малакваліфікаваныя работнікі

Меншыя сумы ў сваіх разлікоўках убачылі і некаторыя работнікі галіны культуры. У «Нашу Ніву» патэлефанавала супрацоўніца аднаго з раённых музеяў — у параўнанні са снежнем яе заробак упаў на 100 рублёў.

«У папярэднім месяцы ўсё было ў парадку. А ў гэтым атрымала каля 350 рублёў. Калі прыплюсаваць аванс, мінімалка, канечне, атрымліваецца (цяпер гэта 375 рублёў. — «НН»), але не больш», — бядуе жанчына.

Па яе словах, прычына таксама ў змене сістэмы прэмій. Музей, як самастойная юрыдычная арганізацыя, зарабляе грошы на свой спецрахунак. З гэтых сродкаў супрацоўнікам выдавалі дадатковую прэмію. А новыя правілы працэнт гэтай прэміі зменшылі.

У адным са сталічных музеяў расказваюць, што, калі не ўлічваць прэміі, заробкі ў іх не паменшалі.

«Голыя аклады, хоць на пару рублеў, але выраслі. З’явіліся новыя стымулюючыя выплаты. Але ў выніку выйгралі толькі малакваліфікаваныя работнікі, якім трэба даплачваць да мінімалкі. Вось ім даплачваем за кошт іншых», — дзеляцца ў адміністрацыі.

Наколькі заробак змяніўся з улікам прэміі, складана сказаць. У музеі заўважаюць, што яна кожны месяц розная, бо залежыць і ад колькасці бальнічных, і ад адпачынкаў. А пазабюджэтная — ад таго, колькі ўстанова зарабіла.

Читайте также: «Когда увидела расчетку, опустились руки». Барановичские педагоги – о своих зарплатах, насчитанных по-новому

Сваімі назіраннямі падзяліўся яшчэ адзін супрацоўнік сферы культуры. Ён адзначае, што сістэма не вельмі прадуманая, але перадумоў для зніжэння заробкаў у ёй не закладзена. Такая перадумова хутчэй у недахопе грошай у раённых бюджэтах.

«Фактычна атрымліваецца так, што для некаторых работнікаў змяніліся каэфіцыенты, і, адпаведна, іх заробкі пры тым жа ўзроўні надбавак мусілі вырасці. Але ўказ №27 прадугледжвае, што рост заробкаў павінен быць у межах асігнаванняў, а пакольку іх заўсёды недастаткова, то і росту няма. І вось для таго, каб нівеляваць рост заробкаў праз павышаны каэфіцыент, у часткі работнікаў зразаюцца надбаўкі — па кантракце, за складанасць, напружанасць… Без усякіх падстаў, проста каб лічбы сышліся. З іншага боку, тым, у каго заробак па-ранейшаму не дацягвае да мінімалкі, гэтыя самыя надбаўкі павышаюцца, таксама без разумных падстаў», — піша мужчына.

Зараз, у сувязі са зменамі, з бюджэтнікамі заключаюцца дадатковыя пагадненні да кантрактаў. Таму важна сачыць, што там прапісваецца.

«Вельмі шмат палярных меркаванняў наконт указа №27, сарыентавацца складана.

Нават выплаты за студзень не тое каб рэлевантныя, бо ў многіх туды закладзена прэмія за снежань, якая налічалася па старых правілах. За студзень прэмія будзе ўжо значна меншая», — лічыць культурны супрацоўнік.

Улады спрабуюць зняць напружанне

Улады пастаянна падкрэслівалі, што заробак, разлічаны па новых правілах, не павінен быць меншым за папярэдні. Для параўнання Мінпрацы прапануе супастаўляць суму, якая складалася з:

— тарыфнай стаўкі, тарыфнага акладу;
— яе павышэння;
— надбавак і даплат (апроч даплат за начны час, сумяшчэнне пасад, працу звышурочна);
— усярэдненай прэміі (напрыклад, у памеры 20 % ад фонду аплаты).

Мінпрацы дадае, што пры параўнанні не ўлічваецца прэмія, выплачаная за кошт эканоміі фонда аплаты працы, бо яна выдаецца раз на год (і звычайна менавіта ў снежні).

Людзі, незадаволеныя новымі заробкамі, цяпер масава звяртаюцца ў міністэрства. Улады занепакоены гэтай сітуацыяй і спрабуюць суцішыць шуміху. У распараджэнне Рэдакцыі трапіла дакладная запіска на імя намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі.

«Аператыўны разгляд камітэтам [па працы, занятасці і сацабароны Магілёўскага аблвыканкама] асобных зваротаў паказвае, што работнікі літаральна ўспрымаюць сумы, якія павінны выплаціць ім у студзені ў параўнанні са снежнем. …Камітэт прапануе … на працягу двух дзён правесці паўторныя сходы ў працоўных калектывах усіх бюджэтных арганізацый з тлумачэннем прычын зніжэння ўзроўню заработнай платы ў асобных выпадках на канкрэтных прыкладах», — сказана з запісцы.

Читайте также: «Когда увидела расчетку, опустились руки». Барановичские педагоги – о своих зарплатах, насчитанных по-новому

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
2 Комментарий
старее
новее большинство голосов
Inline Feedbacks
Посмотреть все комментарии
Nickname

Всё «по плану»…..

Scroll Up