Новости / Общество

Як павялічваецца колькасць расійскіх войскаў ля граніцы з Беларуссю

11.12.2019, 16:59  / remove_red_eye 618   / chat_bubble1

Створаныя фарміраванні расійскай арміі валодаюць значным патэнцыялам для правядзення аперацыяў у межах мажлівай гібрыднай вайны ва Усходняй Беларусі, калі сілы і сродкі для прымушэння нашай краіны да інтэграцыі будуць вычарпаныя. Безумоўна, гэта — фактар наўпроставага ваенна-палітычнага ціску на кіраўніцтва Беларусі.

Як павялічваецца колькасць расійскіх войскаў ля граніцы з Беларуссю

Напрамкі патэнцыйных удараў фарміраванняў 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі Узброеных сілаў РФ, фота: novychas.by

Пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны Узброеныя сілы Расіі сталі фарміраваць новыя вайсковыя злучэнні для нарошчвання ўдарнага патэнцыялу і стварэння адзінай наступальнай лініі. Непасрэдна ля мяжы з нашай краінай з 2016 года пачалі фарміравацца новыя расійскія ўдарныя падраздзяленні, пункты дыслакацыі якіх — з улікам мясцовасці, інфраструктуры і наяўных транспартных шляхоў спалучэння — сведчаць пра абсалютную прыярытэтнасць беларускага стратэгічнага напрамку, пiша «Новы Час».

З 2018 года ў месцах базавання гэтых падраздзяленняў пачалося істотнае назапашванне ўзбраенняў і вайсковай тэхнікі, якое на гэты момант з’яўляецца адкрытай пагрозай для Беларусі.

У красавіку 2016 года валанцёры міжнароднай выведвальнай супольнасці InformNapalm першымі выявілі і раскрылі планы Узброеных сілаў (УС) РФ па перакідванні падраздзяленняў 28-й асобнай мотастралковай брыгады (АМСБр) з Екацярынбурга да мяжы з Беларуссю і Украінай. Характэрна, што ў траўні таго ж года міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў: «Новыя дывізіі будуць створаныя для супрацьдзеяння нарошчванню сілаў NATO ля расійскіх межаў». Аднак Беларусь не з’яўляецца чальцом Паўночнаатлантычнага альянсу і афіцыйна ніколі не заяўляла пра намеры ўвайсці ў яго. Больш за тое, менавіта з Расіяй яна ўваходзіць ва ўсе мажлівыя ваенныя хаўрусы.

Падобныя заявы разам з пашыранымі расійскімі СМІ паведамленнямі пра стварэнне «звышмагутнага браняванага кулаку» ля беларускай мяжы не вытрымліваюць аніякай крытыкі і спрабуюць насамрэч схаваць асноўныя мэты і задачы разгортвання новых вайсковых аб’ектаў ля мяжы з Беларуссю, якія могуць стаць плацдармам у выпадку далейшай эскалацыі агрэсіўных дзеянняў з боку Расіі.

У траўні 2016 года ў памежныя з Беларуссю і Украінай раёны — у Ельню Смаленскай вобласці і Клінцы Бранскай вобласці — з Екацярынбурга былі перакінутыя першыя падраздзяленні 28-й АМСБр Цэнтральнай вайсковай акругі УС РФ. На іх базе пачалося разгортванне 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі (в/ч 61423, нумар перайшоў ад 28-й АМСБр), якая, паводле арганізацыйна-штатнай структуры, увайшла ў перафарміраваную 20-ю агульнавайсковую армію Заходняй вайсковай акругі.

Эшалон з дывізіёнам самаходных 152-мм гаўбіцаў «Мста-С» (2С19) прыбывае да мяжы з Беларуссю і Украінай, фота: novychas.by

На гэты момант у складзе 144-й МСД маюцца наступныя фарміраванні і падраздзяленні: 488-ы мотастралковы полк (МСп), 254-ы МСп, 59-ы танкавы полк, 856-ы самаходны артылерыйскі ракетны полк, 1259-ы зенітны ракетны полк, асобныя зенітна-ракетны і процітанкавы дывізіёны, 5 асобных батальёнаў і 3 асобныя роты. Запланавана разгортванне яшчэ аднаго мотастралковага палка і даўкамплектаванне 59-га Тп і 254-га МСп.

Горад Клінцы, што знаходзіцца ў зоне з падвышаным узроўнем радыяцыі праз аварыю на ЧАЭС і ўсяго за 34 кіламетры ад мяжы з Магілёўскай вобласцю Беларусі, і за 42 кіламетры ад Чарнігаўскай вобласці Украіны, стаў пунктам сталай дыслакацыі адразу двух расійскіх мотастралковых палкоў.

Першым клінцоўскім фарміраваннем стаў наноў створаны 488-ы мотастралковы Сімферопальскі Чырвоназнамённы, ордэна Суворава другой ступені полк імя С. Арджанікідзэ (в/ч 12721). З 2019 года ім камандуе палкоўнік Уладзімір Мікалаевіч Карала.

фота: novychas.by

З траўня 2016 года перадыслакаваныя ўральскія падраздзяленні 28-й АМСБр знаходзіліся ў мясцовасці на паўночным захадзе Клінцоў непадалёк н.п. Філатаў Хутар, дзе былі створаныя палявыя лагер і парк узбраення і вайсковай тэхнікі (УВТ).

фота: novychas.by

Напрыканцы 2016-га і пачатку 2017 года асабовы склад быў перадыслакаваны на тэрыторыю адноўленага вайсковага мястэчка №2 (каардынаты месца дыслакацыі: 52°44’49.4″N 32°15’02.3″E). У выніку выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі вызначана, што жаўнераў размясцілі ў двух рэканструяваных трохпавярховых інтэрнатах агульнага тыпу, разлічаных на 300 вайскоўцаў кожны, і ў трох збудаваных двухпавярховых інтэрнатах блочна-модульнага тыпу на 200 вайскоўцаў кожны. То бок, у гэтых казармах на тэрыторыі вайсковага мястэчка могуць быць раскватараваныя да 1200 жаўнераў.

Тэрыторыя адноўленага вайсковага мястэчка №2 з месцам дыслакацыі асабовага складу 488-га МСп УС РФ. Фота Google Earth

На гэтай тэрыторыі, згодна з зацверджаным генеральным планам, павінны былі збудаваць яшчэ дзве блочна-модульныя казармы і рэканструяваць адзін будынак для размяшчэння да 700 вайскоўцаў. Таксама планавалася пабудаваць не менш за 14 сховішчаў узбраення і вайсковай тэхнікі, разлічаных агулам на 470 машына-месцаў. Аднак станам на кастрычнік 2019 года са значных аб’ектаў гэтага праекту рэалізаваная толькі рэканструкцыя і пабудова пяці інтэрнатаў, збудаваная вялікая сталоўка на 1000 чалавек, здзейсненая рэканструкцыя штабу палка і адноўлены шыхтавы плац.

Вайскоўцы 488-га МСп на шыхтавым плацы вайсковага мястэчка №2 у г. Клінцы, фота: novychas.by

З канца 2016 і пачатку 2017 года ўзбраенне і васковую тэхніку з парку УВТ непадалёк н.п. Філатаў Хутар пачалі перасоўваць у сяло Займішча — адміністрацыйную частку Клінцоў, якая знаходзіцца на поўдні гэтага горада. Тут у прамежку з канца чэрвеня па верасень 2016 года пачалі разбудоўваць палявы парк узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі (за 41 кіламетр ад мяжы з Беларуссю; каардынаты месца дыслакацыі: 52°43’02.2″N 32°16’18.0″E).

Палявы парк УВСТ 488-га МСп, г. Клінцы, с. Займішча

Палявы парк УВСТ 488-га МСп, г. Клінцы, с. Займішча

Палявы парк у Займішчы арганізаваны паводле батальённага прынцыпу. Яго арганізацыя і абсталяванне забяспечваюць перадусім мажлівасць хуткага вывядзення вайсковай тэхнікі па баявой трывозе. Пры гэтым ахоўныя ўласцівасці мясцовасці практычна не выкарыстоўваюцца, на нізкім узроўні знаходзіцца арганізацыя маскавання і схрону вайсковай тэхнікі.

Было. Фота Google Earth

Стала. Фота Google Earth

З аналізу спадарожнікавых здымкаў вынікае, што 488-ы МСп складаецца з трох мотастралковых і аднаго танкавага батальёну, аднаго гаўбічнага і аднаго ракетна-артылерыйскага дывізіёну.

УВТ 488-га МСп, кастрычнік 2019 г. Фота TerraServer, DigitalGlobe

Паводле наяўнасці спецыяльнай вайсковай тэхнікі полк мае асобныя роты (інжынерна-сапёрная, рамонтная, сувязі, матэрыяльнага забеспячэння). На спадарожнікавым здымку зафіксаваныя наступныя ўзбраенне і вайсковая тэхніка 488-га МСп: да 30 танкаў Т-72, амаль 90 БМП-2, іншыя баявыя браняваныя машыны (ББМ), дзясяткі разнастайных браняваных машынаў забеспячэння, некалькі дзясяткаў сістэмаў артылерыі, у тым ліку 12 адзінак буксаваных 152-мм гаўбіцаў 2А65 «Мста-Б», некалькі адзінак БМ-21 «Град». Таксама выяўленыя рухомыя сродкі тэхнічнага абслугоўвання бранятанкавага ўзбраення і тэхнікі ў палявых умовах.

Палявы парк УСВТ і збудаванае ў 2018 г. вайсковае мястэчка УС РФ, кастрычнік 2019 г. Фота TerraServer, DigitalGlobe

Характэрна, што калі агульная плошча вайсковай базы ў Займішчы яшчэ ў траўні 2018 года складала 25 гектараў, то ўжо станам на кастрычнік 2019 года база займала больш за 60 гектараў зямлі, то бок, павялічылася больш чым удвая. Меркавана, тэрыторыя гэтага вайсковага аб’екта будзе і далей пашырацца праз даўкамплектаванне і фарміраванне новых падраздзяленняў.

Спадарожнікавыя здымкі для параўнання плошчы вайсковай базы г.Клінцы, с. Займішча, леваруч — травень 2018 года, праваруч — кастрычнік 2019 года. Фота TerraServer, DigitalGlobe

Істотнае павелічэнне плошчы вайсковага аб’екту ў Займішчы адбылося праз разгортванне ў 2018 годзе другога вайсковага фарміравання 144-й МСД, якое з гэтага часу мае тут сталы пункт дыслакацыі. Гэта 254-ы гвардзейскі мотастралковы полк імя Аляксандра Матросава (в/ч 91704, ПСД — г. Клінцы, с. Займішча).

Шаўроны 488-га МСп і 254-га МСп

На сёння ён па колькасці асабовага складу і наяўнага ўзбраення і вайсковай тэхнікі з’яўляецца батальённай тактычнай групай. Паводле аналізу спадарожнікавых здымкаў, яна складаецца з мотастралковага батальёну, узброенага да 40 адзінак ББМ (меркавана, БТР-80 і БТР-82А), і ўзмоцненага танкавай ротай (не менш за 8 адзінак, меркавана, Т-72БА). Апроч гэтага ва ўзбраенні маюцца і некалькі дзясяткаў сродкаў артылерыі, у тым ліку дывізіён буксаваных 152-мм гаўбіцаў 2А65 «Мста-Б» (зафіксавана 12 адзінак) і некалькі адзінак БМ-21. Працягваецца ўкамплектаванне гэтага фарміравання да паўнавартаснага палка.

Улетку 2018 года на тэрыторыі палявога парку ў Займішчы пачалося будаўніцтва казармаў для вайскоўцаў. За некалькі месяцаў, да кастрычніка 2018 года, былі ўзведзеныя 4 блочна-модульныя збудаванні, разлічаныя агулам на не менш за 800 вайскоўцаў. У іх, меркавана, размешчаны асабовы склад 254-га МСп.

Вайсковыя інтэрнаты блочна-модульнага тыпу і інфраструктура, г. Клінцы, с. Займішча, кастрычнік 2019 года. Фота TerraServer, DigitalGlobe

Характэрна, што актыўнае перакідванне вайсковай тэхнікі і ўзбраення да мяжы з Беларуссю супадае з пачаткам інтэнсіфікацыі захадаў з боку РФ да паўнавартаснага разгортвання так званага «Союзного государства». Нягледзячы на тое, што Беларусь з’яўляецца адным з асноўных ваенных хаўруснікаў Расіі, з якой створаная адзіная рэгіянальная групоўка войскаў, адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны, расійскае камандаванне разгортвае ўздоўж беларускай мяжы паўнавартасную ўдарную наступальную лінію, якую ўтвараюць фарміраванні 144-й МСД.

Напрамкі патэнцыйных удараў фарміраванняў 144-й МСД УС РФ

Вайсковая база ў Клінцах знаходзіцца ўсяго за 90 кіламетраў ад Гомеля, злучаная з горадам чыгуначным спалучэннем і трасай рэгіянальнага значэння. На ёй дыслакуюцца фарміраванні, разгорнутыя на падставе падраздзяленняў 28-й мотастралковай брыгады з Екацярынбурга, якія атрымалі значны баявы досвед падчас расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны і Сірыі. Створаныя фарміраванні расійскай арміі валодаюць значным патэнцыялам для правядзення аперацыяў у межах мажлівай гібрыднай вайны ва Усходняй Беларусі, калі сілы і сродкі для прымушэння нашай краіны да інтэграцыі будуць вычарпаныя. Безумоўна, гэта — фактар наўпроставага ваенна-палітычнага ціску на кіраўніцтва Беларусі.

Адсутнасць з боку Беларусі памежнага кантролю і значных вайсковых сілаў на мяжы з Расіяй у Магілёўскай і Гомельскай абласцях істотна павялічваюць вызначаныя пагрозы.

Разам з тым, нягледзячы на прыярытэтнасць беларускага стратэгічнага напрамку для разгортвання і прасоўвання створаных фарміраванняў 144-й МСД, яны могуць быць выкарыстаныя і супраць Украіны. Рэалізацыя сцэнару поўнамаштабнага ўварвання Узброеных сілаў РФ ва Украіну прадугледжвае і выкарыстанне тэрыторыі Беларусі ў якасці ваеннага плацдарму, наступальныя стратэгічныя аперацыі з якога могуць праводзіць таксама сілы 1-й танкавай арміі. Элементы гэтых дзеянняў ужо былі адпрацаваныя падчас супольных стратэгічных вучэнняў «Захад–2017».

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
1 Комментарий
старее
новее большинство голосов
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Nickname

Автор, ДЗЯНІС ІВАШЫН, NOVYCHAS.BY… Считает, что кругом УРАГИ…

Scroll Up