Новости / Общество

«Бывае, накрычыць або шлёпне». Што вядома пра бацьку, які да сьмерці зьбіў сваю малую дачку. ФОТА

22.10.2019, 7:47  / remove_red_eye 2486   / chat_bubble1

Бацька да сьмерці зьбіў маленькую дачку на Горадзеншчыне. Суседзі характарызуюць сямʼю як нармальную. Сужыцелька таксама не падазравала, што ён да такога здольны.

«Бывае, накрычыць або шлёпне». Што вядома пра бацьку, які да сьмерці зьбіў сваю малую дачку. ФОТА

Дом, дзе бацька зьбіў дачку да непрытомнасьці. Фота: svaboda.org

Дзяўчынка самастойна ня дыхала

Паводле афіцыйнай вэрсіі, 25-гадовы мужчына жорстка зьбіў сваю чатырохгадовую дачку за тое, што яна яго не паслухалася, увечары 18 кастрычніка. Ён трос дзіця, біў рукамі і нагамі. Некалькі разоў кінуў на тахту, а таксама ў сьцяну, пасьля чаго дачка страціла прытомнасьць. Мужчына выклікаў хуткую дапамогу. Да прыезду мэдыкаў сам спрабаваў апрытомніць дачку, паведамляе svaboda.org.

Як расказала Валянціна Кніга, якая выконвае абавязкі намесьніка галоўнага ўрача па мэдыцынскай частцы Зэльвенскага цэнтральнага раённага шпіталя, дзяўчынка не прыходзіла ў прытомнасьць пасьля таго, як яе прывезьлі ў больніцу. Яна самастойна ня дыхала. Ёй зрабілі комплекс рэанімацыйных мерапрыемстваў, аднавілі сардэчную дзейнасьць, пасьля чаго падключылі дзяўчынку да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Яна памерла праз два дні, увечары 20 кастрычніка.

«За зачыненымі дзьвярыма нічога не зразумееш»

Бацьку памерлай дзяўчынкі завуць Кірыл. Раней ён жыў у адной зь вёсак суседняга Слонімскага раёну. Ён выхоўваў дзьвюх дачок: старэйшай М. было 4 гады (яна памерла), малодшай Я. — тры гады. Раней сямʼя значылася ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, дзяцей забіралі зь сямʼі. Летась увосень Кірыл вярнуў сабе дачок.

Фота: svaboda.org

Сёлета ён разам зь дзецьмі пераехаў да іншай маладой жанчыны, Веранікі, у адну зь вёсак Зэльвенскага раёну Горадзенскай вобласьці. У ейным доме і адбыўся гвалт, пасьля якога дзіця памерла.

Па словах суседзяў, мужчына пераехаў сюды ў траўні. Бываў наездамі.

Суседзі ад здарэньня ў шоку

Суседка Вера, што жыве цераз дарогу ад Веранікі, кажа пра сямʼю толькі добрае. Па ейных словах, пара пазнаёмілася праз інтэрнэт. Чым Кірыл займаўся прафэсійна, Вера ня ведае. Да нядаўняга часу ён быў у дэкрэтным адпачынку, пакуль малодшай дачцэ ня споўнілася тры гады.

Суседка Вера

Суседка Вера Фото: svaboda.org

«Заўсёды зычлівы, усьміхаецца, вітаецца. Плот пабудаваў, дровы сек. Вераніка яго хваліла, што ён пра ўсё клапоціцца, зь дзецьмі дапамагае, што ён добры. Я ня бачыла, каб ён агрэсію праяўляў да дзяцей. Калі б ён іх рэгулярна біў, то дзеці б крычалі», — мяркуе Вера.

Яна ніколі ня бачыла Кірыла нападпітку. Ведае, што пара зьбіралася ажаніцца.

Каля дома — пасечаныя дровы

Каля дома — пасечаныя дровы Фота: svaboda.org

У той вечар Вера не заўважыла нічога незвычайнага. Пара разам зь дзецьмі прыехала з суседняй вёскі на роварах, усьміхнуліся, прывіталіся і пайшлі ў сваю хату. Кірыл потым сек дровы. Што адбылося далей, суседка ня ведае. Кажа, за закрытымі дзьвярамі ды праз плястыкавыя вокны не чуваць.

Іншая суседка — Ядвіга Пятроўна, якая жыве цераз пару хат, даведалася пра трагедыю ад журналістаў.

Ядвіга Пятроўна

Ядвіга Пятроўна Фота: svaboda.org

«Нармальная сямʼя была. Каб яны калі сварыліся, або калі біліся — не. Ён акуратны. А Веранічка ўвогуле акуратная дзеўка», — кажа Ядвіга Пятроўна.

«Добра я сытуацыю не ацэньваю»

Сужыцелька Кірыла Вераніка мае сваю чатырохгадовую дачку, працуе сацыяльным работнікам у мясцовым доме для састарэлых. Цяпер яна езьдзіць на допыты ў Сьледчы камітэт, вельмі прыгнечаная, гаворыць ціха.

Вераніка

Вераніка Фота: svaboda.org

Дом састарэлых, у якім працуе Вераніка

Дом састарэлых, у якім працуе Вераніка Фота: svaboda.org

Вераніка была дома, калі ўсё здарылася. У той момант яна была на кухні, а Кірыл з дачкой у пакоі. Што менавіта адбылося, што стала прычынай канфлікту, чаму не заступілася за дзяўчынку, яна ня хоча казаць. Тлумачыць, што ўсё ўжо расказала сьледчым.

Вераніка кажа, што Кірыл выпіваў рэдка

Вераніка кажа, што Кірыл выпіваў рэдка Фота: svaboda.org

Кажа, што раней падобнага гвалту не было.

«[Кірыл] ставіўся да дзяцей, як усе бацькі. Бывае, накрычыць, я не хаваю, што мог шлёпнуць», — кажа Вераніка.

Чым сужыцель займаўся да таго, як пераехаў да яе, чаму зь ягонай сямʼі раней забіралі дзяцей, дзяўчына ня ведае.

Па ейных словах, ён рэдка выпіваў. У той дзень піў піва каля трэцяй гадзіны. Канфлікт адбыўся каля 20:00. На думку Веранікі, тады ён ужо быў цьвярозы.

Дзяўчына не апраўдвае свайго сужыцеля

Дзяўчына не апраўдвае свайго сужыцеля Фота: svaboda.org

Але апраўдваць свайго былога сужыцеля яна ня хоча, бо памяняла думку пра яго пасьля трагедыі. Вераніка ня мае намеру ні наведваць яго ў СІЗА, ні даваць яму добрую характарыстыку ў судзе.

«Не, канешне. Навошта? Няхай нясе пакараньне. Добра ж я таксама сытуацыю не ацэньваю», — кажа дзяўчына.

Малодшую Кірылаву дачку забралі ў прытулак. Вераніка кажа, што ня мае права яе наведваць, бо для яе яна чужы чалавек. Да таго ж цяпер яна найбольш перажывае за сваю родную дачку.

У двары дома, дзе здарылася трагедыя, сушацца дзіцячыя калготкі, раскіданыя цацкі

У двары дома, дзе здарылася трагедыя, сушацца дзіцячыя калготкі, раскіданыя цацкі Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Ці хадзілі Кірылавы дочкі ў дзіцячы садок, высьветліць не ўдалося. У зэльвенскім садочку сказалі, што мужчына дзяцей не пераводзіў у Зэльву, што іхнія дакумэнты засталіся ў садочку па ягоным месцы рэгістрацыі ў Слонімскім раёне. А ў Слонімскім раёне ў садку сказалі, што апошнім часам дзеці былі з бацькам, дзіцячы садок не наведвалі.

Кірыл цяпер пад вартай. Зэльвенскі раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў крымінальную справу за замах на забойства заведама малалетняй асобы.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Темы:
Поделиться:
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
1 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии

Убийце — смерть.

Scroll Up