Новости / Культура

Мастацкі пленэр, прысвечаны 215-годдзю Рафала Ратшы Слізня, правялі пад Баранавічамі

17.07.2019, 7:00 / remove_red_eye 317 / chat_bubble1

Баранавіцкая філія Таварыства беларускай мовы і Дзіцячая мастацкая школа сумесна з Вольнаўскім сельсаветам правялі 29 чэрвеня выязны пленэр, прысвечаны 215-годдзю з дня нараджэння беларускага мастацтвазнаўцы, скульптара, жывапісца і майстра барэльефаў Рафала Ратшы Слізня.

Мастацкі пленэр, прысвечаны 215-годдзю Рафала Ратшы Слізня, правялі пад Баранавічамі

Ангеліна Булыга малюе царкву ў Вольна. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Анжаліка Вакуліч, мастачка і выкладчыца Баранавіцкай дзіцячай мастацкай шлолы, са сваімі навучэнцамі ўжо не першы раз прымае ўдзел у мастацкіх пленэрах рознага ўзроўню.

– З задавальненнем адправіліся ў творчую вандроўку на радзіму вядомага ў XIX стагоддзі земляка. У ліку беларусаў нямала тых, хто вызначыўся выдатнымі здольнасцямі і ўражлівымі дасягненнямі, нашы продкі ўвайшлі ў гісторыю дзякуючы сваім справам і ўчынкам. Рафал Слізень быў не толькі вельмі таленавітым скульптарам, але і надзвычай таленавітым архітэктарам, які будаваў у правінцыі невялікія сядзібы і іншыя будынкі, займаўся планаваннем сядзібных паркаў, — расказала Анжаліка Вакуліч.

Падчас пленэра вучні зрабілі выдатныя скетчы Свята-Траецкай царквы ў Вольна, з цікавасцю вывучаючы асаблівасці архітэктуры віленскага барока, малявалі на беразе пакручастай ракі Змейкі.

РЕКЛАМА
Ніна Генералава падчас пленэра ў Вольна. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Ніна Генералава падчас пленэра ў Вольна. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Удзельнікі пленэра таксама наведалі вёску Бартнікі, дзе нарадзіўся Рафал Слізень. Там захаваўся панскі дом роду Слізняў. У гэтым доме ў 1841 годзе пасля вяртання са ссылкі з Уфы жыў Ян Чачот, сябар Адама Міцкевіча і пачынальнік сучаснай беларускай літаратуры. Сюды ж прыязджаў пагасціць і Ігнат Дамейка, калі ў жніўні 1884 года вярнуўся ў Беларусь з Чылі. Там яго сустракаў Отта Слізень, родны брат Рафала.

У вёсцы Вольна, дзе праходзіў пленэр, Рафал Слізень атрымаў пачатковую адукацыю ў базыльянскай школе, а затым пасля вяртання з Пецярбурга ў 1830 годзе і працаваў.

Пленэр у Вольна. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Пленэр у Вольна. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

У пленэры ўдзельнічалі таксама мастак Юрый Лешык і літаратуразнаўца Аляксей Белы.

– Мне было вельмі прыемна паўдзельнічаць у пленэры, – паведаміў Юрый Лешык. – У мяне засталіся добрыя ўражанні. Мы, беларусы, жывем на такой зямлі, якая мае мноства гістарычных мясцін, мноства архітэктурных помнікаў, звязаных са значнымі гістарычнымі асобамі. Але шкада, што мы не ведаем пра гэта. Крыўдна, што большасць гістарычных помнікаў знаходзіцца ў разбураным і занядбаным стане. На жаль, у дзяржавы няма грошай, каб аднавіць, захаваць ці падтрымаць у належным стане тое, што ў нас ёсць.

Па словах мастака, трэба праз творчасць ісці да людзей, арганізоўваць выставы, пленэры, канцэрты, іншыя мерапрыемствы, звязаныя з мастацтвам.

РЕКЛАМА
Пленэр у Вольна. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Пленэр у Вольна. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Айцец Мікалай распавёў удзельнікам пленэра пра гісторыю царквы Святой Тройцы, першапачаткова пабудаванай ў 1768 годзе як уніяцкая. Царква мае нетрадыцыйную для храмаў ляпніну з вайсковай тэматыкай і з’яўляецца гістарычнай і архітэктурнай каштоўнасцю вёскі Вольна.

Вольнаўскі сельсавет падрыхтаваў пачастунак для ўдзельнікаў пленэра. А бібліятэкар Таццяна Яроцкая расказала пра старадаўнія беларускія лялькі ручнога вырабу, якія сама і стварае.

Удзельнікі пленэра выказалі падзяку Наталлі Ібрагімавай, старшыні Вольнаўскага сельсавета, за падтрымку ідэі пленэра і дапамогу ў яе рэалізацыі.

Паліна Валынец з малюнкам царквы. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Паліна Валынец з малюнкам царквы. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Яна Комар і Алеся Ліцкевіч са сваімі працамі. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Яна Комар і Алеся Ліцкевіч са сваімі працамі. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Пейзаж (возера) - малюнак Яны Комар. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Пейзаж (возера) — малюнак Яны Комар. Фота: архіў Таццяны КІСЕЛЬ

Таццяна Кісель, старшыня Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны падчас пленэра 

Рафал Слізень (1804–1881) вядомы як мастак, які сваімі скульптурамі і медалямі прадстаўляў віленскую школу рамантызму.

Будучы скульптар спачатку навучаўся ў базыльянаў у Вольна, пазней – у Полацкай езуіцкай калегіі. Рафал сам хацеў стаць езуітам, чаго не ўхваляў бацька. Скончыўшы навучанне ў Полацку, прыехаў у Вільню і паступіў на аддзяленне маральных навук (юрфак) Віленскага ўніверсітэта. Браў актыўны ўдзел у дзейнасці таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Вывучаў мясцовае, рымскае, крымінальнае, кананічнае права, сусветную гісторыю, статыстыку, філасофію, а ў вольны час браў урокі мастацтва ў знакамітага Яна Рустэма. Тут ён навучыўся маляванню, пачаў ствараць акварэльныя партрэты, мініяцюры, дасціпныя карыкатуры.

Пазней пераехаў у Пецярбург, дзе некалькі год служыў у Міністэрстве ўнутраных спраў, быў службоўцам. Пазнаёміўся з мастакамі Аляксандрам Арлоўскім і Вінцэнтам Смакоўскім. Тады пачаў ствараць медалі. У Пецярбургу сустракаўся з Адамам Міцкевічам, з якім абменьваўся забаўнымі вершыкамі. Падарыў маці каханай Міцкевіча Марыі Шыманоўскай медальён, які сам стварыў. Па просьбе бацькі ў 1830 годзе вярнуўся ў Літву.

Пасля шлюбу Рафал жыў жыццём простага памешчыка, але не забыўся мастацтва, шмат вандраваў. Быў не толькі таленавітым скульптарам, але і надзвычай здольным архітэктарам, будаваў невялікія сядзібкі і іншыя будынкі ў правінцыі, планаваў прысядзібныя паркі. «Нават пасаджаныя дрэвы былі поўныя паэзіі. Дзесьці ўдалечыні адкрыецца від на касцёл, рачулку – амаль з нічога ён ствараў сапраўды пекны краявід. Суседзі здолелі належным чынам ацаніць вялікі талент і густ спадара Рафала, звярталіся па дапамогу і яе атрымлівалі, таму смела можна сцвярджаць, што Наваградскі павет мае прыгожыя селішчы і рэзідэнцыі толькі дзякуючы Рафалу Слізню», – пісаў сучаснік скульптара.

Рафалу асабліва падабаўся гатычны стыль. Будынкі ён аздабляў вежкамі, любіў высокія гатычныя вокны з шылаватымі канцамі, таму імаверна, што ён быў і аўтарам праекта перабудаванай любаўскай драўлянай капліцы.

Рафал стварыў шмат работ дробнай пластыкі, нярэдка дарыў іх знаёмым. Вядомыя і скульптурныя партрэтныя бюсты, напрыклад, бюст Адама Міцкевіча, падараваны віленскаму Музею старажытнасцяў. З натуры Рафал стварыў медальён Генрыка Жавускага, партрэты графаў Яўстаха і Кастуся Тышкевічаў, Тамаша Зана, Яна Чачота, Эдварда Адзінца, Міхала Ромера, прафесара Адамовіча ды шмат іншых сваіх сучаснікаў.

Рафал Слізень быў папулярнай і прывабнай асобай. Сучаснікі прыгадваюць яго пачуццё гумару, захапленне прымаўкамі, праніклівасць, пастаянную зацікаўленасць ва ўсім. Мастак памёр раптоўна, 20 траўня 1881 года, у сваім маёнтку ў Любаве, не дачакаўшыся ўрачыстасцяў, прымеркаваных да залатога вяселля.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

1
Оставить комментарий

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
1 Цепочка комментария
0 Ответы по цепочке
0 Последователи
 
Популярнейший комментарий
Цепочка актуального комментария
1 Авторы комментариев
Nickname Авторы недавних комментариев
  Подписаться  
новее старее большинство голосов
Уведомление о
Nickname
Участник
Комментатор
Первая сотня
Загрузка аватара
За просмотр контента
За посещение сайта
Логин на сайт
Читатель-месяца
Ударник

Добрая нагода для сустрэчы.

Scroll Up