Баранавіцкія ўлады вызначылі школу, дзе ў новым навучальным годзе адкрыецца беларускамоўны першы клас
Ён будзе працаваць на базе СШ № 9. Свае заявы, па данным Intex-press, ужо падалі 6 бацькоў будучых першакласнікаў.
Яшчэ ў маі жыхар горада Генадзь Ясевіч звярнуўся ва ўпраўленне па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама з пытаннем, ці будзе створаны у горадзе беларускамоўны клас. Бо яго сын Зянон восенню пойдзе ў 1 клас, і Генадзь хацеў бы, каб дзіцё атрымлівала адукацыю на роднай мове.
– У нас у сям’і няма строгай традыцыі размаўляць на адной мове. Дома мы ўсе карыстаемся дзвюма – рускай і беларускай. І, на мой погляд, валоданне не толькі рускай, але і роднай вельмі карысна, – распавёў Генадзь.
На той час сям’я Ясевіч была адзінай, якая жадала аддаць сваё дзіця ў такі клас. Генадзь быў упэўнены, што ў 170-тысячным горадзе знойдзецца бацькі, якія таксама захочуць, каб іх сын або дачка вывучалі школьныя прадметы на беларускай мове.
І ў хуткім часе такія жадаючыя знайшліся. Улады пайшлі ім на сустрач і адкрылі набор у першы клас з беларускаю моваю навучання.
– Мы самі хацелі, каб нашыя дзеці навучаліся ў 9-й школе. Яна знаходзіцца ў цэнтры горада, туды зручна дабірацца, – адзначае Генадзь.
Па яго словах, ў беларускамоўны клас ужо падалі шэсць заяў.
Хто яшчэ жадае, каб яго першакласнік навучаўся на роднай мове, можа падаць дакументы ў СШ №9 для залічэння. Неабходны: медыцынская даведка аб стане здароў`я дзіцяці, копія пасведчання аб нараджэнні дзіцяці, заява (запаўняецца на спецыяльным бланку ў школе).
Дарэчы, у Баранавічах існуе два беларускамоўныя класы – абодва ў гімназіі №4.