Новости / Культура

Краязнаўца, які аднавіў гісторыю ўсіх вёсак Баранавіцкага рэгіёна: «Наш раён надзвычай багаты на значныя падзеі і выбітныя асобы»

11.05.2019, 11:02 / remove_red_eye 909 / chat_bubble1

У студзені 2019 года баранавіцкі краязнаўца, дырэктар Цешаўлянскай сярэдняй школы Васіль Дубейка прэзентаваў сваю другую кнігу «Багрымаў Крашын». Большую частку выдання Васіль Міхайлавіч напісаў больш за 20 гадоў таму, а зараз толькі дапоўніў і ўдасканаліў напісанае. Цяпер да друку рыхтуюцца яшчэ дзве кнігі даследчыка.

Краязнаўца, які аднавіў гісторыю ўсіх вёсак Баранавіцкага рэгіёна: «Наш раён надзвычай багаты на значныя падзеі і выбітныя асобы»

Васіль Дубейка. Фота: Сяргей САЛАНКЕВІЧ

Васіль Міхайлавіч Дубейка распавёў Intex-press аб сваім краязнаўчым шляху, а таксама растлумачыў, чаму Баранавіцкі раён надзвычайна багаты з пункту гледжання гісторыі і навошта нам патрэбныя нацыянальная мова і гістарычна-патрыятычнае выхаванне грамадзян.

 Станоўча падзейнічала «перабудова»

Я родам з вёскі Семігосцічы, што ў Столінскім раёне. Цікавасць да гісторыі краіны і роднага краю з’явілася ў мяне ў дзяцінстве. Тады ў нас з маім сябрам нават было спаборніцтва, хто больш прачытае гістарычных кніг.

Я так цікавіўся гісторыяй, што, здаецца, у 10-м класе адзіны ў Столінскім раёне выпісваў «Ваенна-гістарычны часопіс» – афіцыйнае выданне Міністэрства абароны СССР.

РЕКЛАМА

Таксама з маленства я захапляўся нашай палескай прыродай, марыў быць аграномам і звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Але мая спроба паступіць у сельскагаспадарчы інстытут скончылася няўдала. Далей была служба ў войску і паступленне ў БДУ на гістарычны факультэт.

Не магу сказаць, што на мяне ўздзейнічала якая-небудзь асоба. Хутчэй – час: другая палова 80-х, перабудова, ажыўленне грамадска-палітычнага жыцця, абуджэнне ў людзей жадання даведацца аб мінулым сваёй краіны. Памятаю, з якой нецярплівасцю чакаў кожнага новага нумара часопіса «Маладосць», у якім друкавалася кніга Міколы Ермаловіча «Па слядах аднаго міфа». Думаю, што тады не было настаўнікаў, гісторыкаў, журналістаў, культурных дзеячаў, якія б не цікавіліся гэтай кнігай.

У 1987 годзе я скончыў навучанне і быў накіраваны працаваць настаўнікам гісторыі ў Баранавіцкі раён. Першым месцам маёй працы стала вёска Вялікая Сваротва. Так склалася, што руіны адноўленай цяпер трохкутнай Троіцкай царквы знаходзіліся праз дарогу ад школы. А ў той час нават рэшткі гэтага храма ўзбуджалі цікавасць да гісторыі. Хацелася адрадзіць гэты помнік.

Калі я пачынаў у 1990-х пісаць гісторыю храмаў Баранавіцкага раёна, такой тэмай яшчэ ніхто не займаўся. Было адшукана шмат энцыклапедычных звестак, але ў іх закраналіся выключна архітэктурныя вартасці тых ці іншых культавых помнікаў.

Баранавіцкі раён вельмі багаты на гістарычныя падзеі

Сур’ёзна займацца краязнаўствам я пачаў у 1989 годзе, калі ў мясцовай газеце быў надрукаваны мой артыкул, які называўся «Новая Мыш. Сацыяльна-гістарычны нарыс». Лічу, што менавіта ў 90-я я сфармаваўся як краязнаўца. Тады ж пачаў прымаць удзел у розных рэгіянальных і міжнародных навуковых канферэнцыях.

РЕКЛАМА

У тыя часы быў створаны калектыў, які працаваў над выданнем кнігі «Памяць» горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна. У арганізацыйны камітэт баранавіцкіх краязнаўцаў увайшоў і я. Атрымалася шмат папрацаваць у архівах, і не толькі ў беларускіх. На жаль, шмат дакументаў, якія тычацца гісторыі Беларусі, знаходзяцца за мяжой: у архівах Кракава, Варшавы, Вільнюса, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Львова… Яны раскіданыя па ўсім свеце.

Мы здзейснілі плённую камандзіроўку ў Вільню, адкуль прывезлі вялікую колькасць разнастайнага гістарычнага матэрыяла, які толькі часткова ўвайшоў у кнігу.

У 90-я была задумана выдаць серыю кніг «Баранавіцкая гістарычная бібліятэка». Было нават распрацавана шэсць макетаў будучых кніг. Планавалася, што паступова будзем раскрываць падзеі нашай мінуўшчыны жыхарам горада і раёна. Першай кнігай павінен быў быць «Храналагічны і біяграфічны даведнік па гісторыі Баранавіцкага краю». Я спадзяваўся, што гэтыя кнігі абудзяць цікавасць да гісторыі ў нашых людзей і з’явіцца новае пакаленне краязнаўцаў.

Безумоўна, Баранавіцкі раён надзвычайна багаты на гістарычныя падзеі, і гэта невыпадкова. Калі паглядзець на гістарычныя карты, можна заўважыць, што праз гэтую тэрыторыю заўжды праходзілі галоўныя гандлёвыя артэрыі ВКЛ. Ад Слоніма праз Старую Мыш, Сталавічы, Паланэчку і далей на Мір і Мінск ішоў знакаміты Варшаўскі тракт, які злучаў Польшчу і ВКЛ з Масковіяй. Зразумела, што тут часцяком праходзілі не толькі гандляры, але і войскі розных дзяржаў. Невыпадкова, што ў 1660 годзе каля Палонкі адбылася адна з самых знакамітых бітваў 13-гадовай вайны, якую мы называем «Патоп». Фактычна гэтая бітва выратавала ў той момант як ВКЛ, так і ўсю Рэч Паспалітую.

Таксама невыпадкова каля Баранавіч адбылася Сталовіцкая бітва 1771 года, калі сышлося войска канфедэратаў на чале з Міхаілам Агінскім з расійскім войскам, якое ўзначаліў Сувораў. Можна ўзгадаць Першую і Другую сусветныя войны, якія таксама пакінулі свой адбітак на гэтай зямлі.

На жаль, цікавасць беларусаў да сваёй уласнай гісторыі, мякка кажучы, невысокая. Таму трэба штосьці рабіць, каб яе ўзняць.

З нашым раёнам звязана і вялікая колькасць падзей, якія тычацца не толькі гісторыі Беларусі, але і гісторыі суседніх краін. Шмат знакамітых людзей жылі на нашай зямлі. Нашчадкі павінны ганарыцца іх дзейнасцю, браць з іх прыклад. Аб людзях мінулага трэба пісаць для сучаснікаў, таму што гэта ўмацоўвае нашу сувязь з гэтай зямлёй, пераконвае нас, што мы не бязродныя.

За гады маёй працы атрымалася адшукаць і зрабіць шмат цікавага. У свой час быў надрукаваны артыкул пра Палонкаўскую бітву 28 чэрвеня 1660 года, пра якую амаль ніхто тут не ведаў. Іншых знаходак таксама было шмат. Напрыклад, калі я пачынаў у 1990-х пісаць гісторыю храмаў Баранавіцкага раёна, такой тэмай яшчэ ніхто не займаўся. Было адшукана шмат энцыклапедычных звестак, але ў іх закраналіся выключна архітэктурныя вартасці тых ці іншых культавых помнікаў. Давялося ўзнаўляць гісторыю храмаў Баранавіцкага краю з нуля.

Сёння ў мяне назапашана шмат інфармацыі: з лёгкасцю магу напісаць кніжку пра любое буйнае паселішча нашага раёна. Праўда, попыт на такую літаратуру не вельмі высокі.

Кнігі ўбачылі свет толькі праз 20 гадоў

Кнігу пра Новую Мыш «На беразе Мышанкі», якая была надрукавана ў 2018 годзе, я напісаў таксама ў пачатку 1990-х. Па розных прычынах ранейшыя спробы надрукаваць гэтую кнігу былі беспаспяховымі. Летась я толькі трохі дапрацаваў яе, дадаў новыя факты.

Калі толькі збіраў матэрыял, узнікла пытанне: чаму такому вядомаму і значнаму мястэчку, як Новая Мыш, так мала надавалася ўвагі ў гістарычнай літаратуры? Былі толькі невялікія фрагменты, без агульнай карціны мінулага.

Вось і нарадзілася кніга. Я рады, што кніга мае такую шырокую папулярнасць: яе набываюць жыхары раёна, вобласці, Мінска. За першыя два тыдні разышлося 80 асобнікаў. Асабліва людзей цікавяць спісы жыхароў Новай Мышы і навакольных вёсак, якія прыводзяцца з 1692 года. Землякі атрымалі магчымасць скласці свой уласны радавод, знайсці імёны сваіх продкаў, а праз гэта ў іх абуджаецца цікавасць да мінулага сваёй малой радзімы, краю і ўвогуле гісторыі Беларусі.

Гісторыкі павінны імкнуцца данесці звесткі аб старажытных падзеях нашай радзімы да сучасных жыхароў. Мы з’яўляемся не толькі пераемнікамі багатай мінуўшчыны свайго народа, але павінны таксама ўзбагаціць і перадаць наступным пакаленням нацыянальныя каштоўнасці.

Другая кніга «Багрымаў Крашын», што выйшла ў пачатку года, таксама была даўно напісана. Шмат матэрыялаў для яе былі знойдзены мною, яшчэ ў 1990-я гады ў розных архівах. Я лічу, што ніводны краязнаўца не зможа напісаць гісторыю паселішча, карыстаючыся толькі электроннымі крыніцамі.

Спадзяюся, што хутка выйдзе мая праца «Паходжанне айконімаў Баранавіцкага раёна». Гэта праца распавядае пра ўсе існуючыя і ўжо неіснуючыя паселішчы Баранавіцкага раёна, аналізуе паходжанне іх назваў. Гэта будзе ўнікальнае для Беларусі выданне, заснаванае на мясцовым матэрыяле. Пакуль плануем правесці прэзентацыю ў Гарадзішчы і Новай Мышы.

Таксама сёлета запланаваны выхад маёй кнігі «Семігосцічы: вёска з прыгожай і загадкавай назвай», дзе я падрабязна разглядаю гісторыю сваёй малой радзімы.

Канечне, я не толькі пішу, але і шмат чытаю сам. У мяне вялікая гістарычная бібліятэка: ёсць усе навінкі беларускай і замежнай гістарычнай літаратуры. Засмучаюць іх мізэрныя наклады: 200–500 асобнікаў… Выданне ў Беларусі тысячнага ці двухтысячнага накладу – гэта фантастыка. Але нават такая невялікая колькасць кніг з цяжкасцю прадаецца. На жаль, цікавасць беларусаў да сваёй уласнай гісторыі, мякка кажучы, невысокая. Таму трэба штосьці рабіць, каб яе ўзняць.

РЕКЛАМА

У суседніх краінах Балтыі, ва Украіне, Польшчы выдаецца ў разы болей гістарычнай літаратуры: там існуюць дзяржаўныя праграмы, якія па  маштабах з нашым узроўнем нават нельга і параўнаць. Суседзі намнога больш цікавяцца сваёй гісторыяй, і нацыянальныя пачуцці там больш высокія.

Мне здаецца, што гісторыкі павінны імкнуцца данесці звесткі аб старажытных падзеях нашай радзімы да сучасных жыхароў. Мы з’яўляемся не толькі пераемнікамі багатай мінуўшчыны свайго народа і выхоўваемся на спадчыне нашых продкаў, але павінны таксама ўзбагаціць і перадаць наступным пакаленням нацыянальныя каштоўнасці. Праз гэта і прыходзіць разуменне, што мы звяно ў ланцужку гістарычных падзей.

Без мовы ў Беларусі не будзе будучага

У Цешаўлянскай школе я працую ўжо 24 гады. Акрамя кіраўніцтва ўстановай, выкладаю гісторыю. Як настаўніку мне здаецца, што ў нас нямала ўвагі надаецца гісторыі. Праводзіцца велізарная колькасць конкурсаў, даследуюцца традыцыі, матэрыяльная і духоўная культуры, помнікі гісторыі і прыроды. Робіцца велізарны аб’ём працы для выхавання патрыётаў сваёй радзімы.

Я займаюся прэзентацыямі, у школе створаны музей імя Яна Чачота, які актыўна задзейнічаю ў выхаваўчай рабоце і навучанні. Разам са школьнікамі вядзем краязнаўчую і навукова-практычную дзейнасць. Мае вучні станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі раённых, абласных і рэспубліканскіх канферэнцый і конкурсаў. Думаю, што моладзі, якая цікавіцца гісторыяй, мае веды дапамагаюць пашырыць кругагляд.

Наша школа беларускамоўная: урокі, мерапрыемствы праводзяцца па-беларуску. Мы вельмі шануем беларускае слова, і гэта адбіваецца на свядомасці вучняў: яны лічаць сябе беларусамі, дзеці размаўляюць па-беларуску. Заўсёды раю ім скарыстацца магчымасцю пазнаць і вывучыць родную мову, бо авалодаць рускай мовай у нашай рускамоўнай прасторы вельмі лёгка.

Сам я размаўляю па-беларуску ўсюды: у сям’і, з калегамі, дзе заўгодна. А на гэтай глебе, на жаль, было шмат канфліктных сітуацый. Але я глыбока перакананы: без мовы няма перспектывы ў будучыні нашай Беларусі. Выкарыстанне роднай мовы – гэта памяць аб продках і павага да іх. Гэта – соль зямлі, яе адметнасць, яе подых. Калі не зберажом беларускую мову, ці маем мы права звацца беларусамі? Патрыятызм павінен выхоўвацца на нацыянальнай гісторыі, культуры, мове, традыцыях і дасягненнях нашых продкаў.

 

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

1
Оставить комментарий

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
1 Цепочка комментария
0 Ответы по цепочке
0 Последователи
 
Популярнейший комментарий
Цепочка актуального комментария
1 Авторы комментариев
Nickname Авторы недавних комментариев
  Подписаться  
новее старее большинство голосов
Уведомление о
Nickname
Участник
Комментатор
Первая сотня
Загрузка аватара
За просмотр контента
За посещение сайта
Логин на сайт
Читатель-месяца
Ударник

Шмат цiкавага, i на мове…. =)

Scroll Up