Новости / Культура

На выданне кнігі памерлага баранавіцкага літаратара Яна Збажыны ўжо сабралі большую частку патрэбнай сумы

15.03.2019, 16:59  / remove_red_eye 414   / chat_bubble4

Сёлета нашаму выбітнаму паэту споўнілася б 55 год.

На выданне кнігі памерлага баранавіцкага літаратара Яна Збажыны ўжо сабралі большую частку патрэбнай сумы

Вокладка кнігі Яна Збажыны.

Сябар Яна Збажыны і баранавіцкі паэт Алесь Бакач разам з грамадскім актывістам Уладзем Гундарам падрыхтавалі да друку новы зборнік выбраных твораў Збажыны «Тым, хто хоча вечна жыць». Спачатку планавалася выдаць кнігу на 60 старонак і DVD-дыск з відэазапісамі выступаў Яна. Аднак пасля выдаўцы адмовіліся ад дыска і вырашылі сабраць пад вокладкай усе вядомыя творы літаратара. Аб’ём кнігі павялічыўся да 200 старонак.

– Спачатку думалі зрабіць зборнік выбраных твораў, але пераважыла думка, што неабходна выдаць усё, што мы знайшлі з напісанага ім, бо невядома, калі яшчэ будзе такая магчымасць, – патлумачыў Intex-press Уладзь Гундар. – Мы не будзем прадаваць кнігу, яе атрымаюць усе, хто ахвяруе мінімум 6 рублёў. Таксама асобнікі будуць перададзены ва ўсе гарадскія бібліятэкі Баранавічаў, у тым ліку ў бібліятэку Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, абласную і Рэспубліканскую бібліятэкі і Баранавіцкі краязнаўчы музей. 

– Кніга ўжо змакетавана і гатова да друку, але грошай пакуль не хапае, – расказаў Intex-press Уладзь Гундар. – Каб выдаць збор твораў накладам 100 асобнікаў, неабходна 1000 рублёў, таму звяртаюся па дапамогу да вас, шаноўныя гараджане. Найперш заклікаю адгукнуцца баранавіцкіх літаратараў і іншых творцаў, а таксама ўсіх неабыякавых людзей, тых, хто ведаў Яна Збажыну і чытаў яго творы, дапамагчы фінансава, каб гэтае выданне пабачыла свет, і такім чынам ушанаваць яго памяць.

Прозвішчы ўсіх, хто ахвяруе больш за 10 рублёў, будуць змешчаны ў зборніку. Ахвярадаўцы з гэтага спісу атрымаюць асобнік пасмяротнага зборніка Збажыны.

Збор твораў «Тым, хто хоча вечна жыць» будзе прэзентаваны на вечарыне памяці Яна Збажыны, якая адбудзецца 29 сакавіка ў чытальнай зале Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Валянціна Таўлая.

Кантакты для сувязі: +375 33-303-49-77 ці +375 44-564-25-83 Уладзь Гундар.

За сваё кароткае жыццё Ян Савіцкі (больш вядомы пад літаратурным псеўданімам Ян Збажына) друкаваўся ў шматлікіх літаратурных выданнях. Дапамагаў парадамі і рэдагаваннем маладым баранавіцкім літаратарам, выдаваў іх зборнікі. Аднак сам пры жыцці паспеў выдаць у 2004 годзе толькі адзіную сваю кнігу «Пыл саркафагаў». У 2011 годзе паэта не стала.

Па словах беларускага пісьменніка Алеся Аркуша, наш горад і краіна яшчэ не да канца зразумелі, каго страцілі.

– У вершах Збажыны ёсць такія дасягненні, якія сапраўды сталі набыткам беларускай паэзіі. Гэта яго эксперыменты з вершаванай формай. Бадай, цяжка якога-небудзь іншага беларускага паэта з яго пакалення паставіць з Янам поруч у гэтай справе – хіба што Юрася Пацюпу. Збажына пісаў і ўжо добра засвоеныя нашай паэзіяй санеты, трыялеты, танка, хоку, але і досыць экзатычныя візуальныя вершы – гэта калі вершаваныя радкі ўтвараюць нейкую графічную выяву або раўналежныя вершы – калі паэтычная думка раскладаецца на два вектары, з дапамогай розных ракурсаў і сэнсавых алюзій утвараючы своеасаблівы аб’ёмны паэтычны эфект.

Ян Збажына

У СКЛЕПЕ

Пыл не здзьмухвай. Прабач і пакінь.
                       Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска

Вільготным пылам саркафагаў
ля эпітафій бачу час
і ў лаўрах марную развагу
выяваў — профіль і анфас.
Камень шыхтамі сваю вернасць
няхістка захаваў руцэ,
што й зараз мур так шчыльна тчэ.
Зайздрошчу тым, чый крок паверхня
няўладна больш адлюстраваць —
на павуцінне ўтаймаваць
павук паспеў іх след.
З начніцы
хімера невымоўнасць п’е…
Плыву ў суцэльнай таямніцы,
апошні сведка — сам сабе.

 

Поделиться:
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
4 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
777

Жаль, что страна не участвует в сохранении своего языка.

Scroll Up