Новости / Общество

Выпрабавана на сабе. Ці можна выжыць у Баранавічах, размаўляючы па-беларуску. «Патэльні? А что это?»

21.02.2019, 9:23  / remove_red_eye 2167   / chat_bubble30

Напярэдадні Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, карэспандэнт Intex-press тыдзень размаўляла па-беларуску. З якімі складанасцямі яна сустрэлася, ці падтрымалі яе ў гэтым эксперыменце блізкія і чаму яна вырашыла не вяртацца да рускай мовы.

Выпрабавана на сабе. Ці можна выжыць у Баранавічах, размаўляючы па-беларуску. «Патэльні? А что это?»

Фота: Яўген ЦІХАНОВІЧ, Intex-press

Беларускую мову я чую з дзяцінства: матуля калісьці працавала ў беларускамоўнай школе і пасля працы працягвала размаўляць па-беларуску дома. Мая першая спроба карыстацца роднай мовай адбылася  шэсць гадоў таму – падчас сесіі ва ўніверсітэце. Тады мяне хапіла на некалькі дзён.

Калі ў рэдакцыі прапанавалі тыдзень паразмаўляць па-беларуску, я адразу згадзілася. Па-першае, беларуская мова прыгожая, па-другое, родная мова выклікае прыемныя ўспаміны з дзяцінства. Пераход з расійскай на беларускую мову я запланавала на панядзелак, 11 лютага, і напярэдадні ўвечары нават пракручвала ў галаве прыклады размоў, успамінала словы. Аднак усё пайшло не па плане…

«Здавалася, нібы за мяне размаўляў нехта іншы»

З раніцы я пайшла на паседжанне суда. Знаёмых, з якімі трэба было павітацца, я сустрэла менавіта там. Падышла і пачала размову… па-руску. Гэта быў не страх і не сорам – я проста забылася пра тое, што сёння пачынаю размаўляць на беларускай мове.

Напомнілі мне пра гэта ў рэдакцыі: калегі запыталі, ці помню пра эксперымент, і я, толькі што сыпаўшая словамі па-руску, змоўкла. Ну як я магла забыцца?!

Другую палову дня я сумленна спрабавала размаўляць па-беларуску. Прызнаюся, было вельмі складана: у галаве круціліся толькі рускія словы, і ўсе заўважылі, як я спатыкаюся амаль на кожным сказе. Тое, як я гаварыла, здавалася мне ненатуральным, нібы за мяне размаўляў нехта іншы. Гэта засмучала. Трэба было нешта прадпрымаць.

Дома я вырашыла паглядзець «Новую зямлю». Фільм ідзе прыблізна дзве гадзіны. Гэтага часу аказалася дастаткова, каб звыкнуцца і ўспомніць словы. І, кладучыся спаць, я з нецярпеннем чакала наступнага дня, каб даказаць калегам, што размаўляць па-беларуску я ўсё ж такі магу.

«А чаму па-беларуску?»

Аб тым, што буду размаўляць па-беларуску, я нікога не папярэдзіла. Мабыць, таму паведамленні з пытаннем «а чаму па-беларуску?» я па некалькі разоў на дзень атрымлівала ў сацсетках і чула пры гутарках. «А хіба ў гэтым ёсць нешта дзіўнае?» – дапытвалася я, і ўсе адказалі, што няма. Але ніхто не пачаў адказваць мне на беларускай мове.

Мяне не падтрымалі ні сябры, ні бацькі. Спачатку ім спадабалася ідэя размаўляць са мною па-беларуску, але больш чым на тры сказы нікога не хапіла. Хлопец размаўляць са мной на беларускай мове і не спрабаваў – адразу запытаўся, калі я вярнуся да рускай.

Даволі няпроста прыйшлося на працы, бо я вяду крымінальную тэматыку. Да таго, што мне будуць адказваць па-руску, я была гатовая. Але ж я і сама не ведала міліцэйскіх тэрмінаў, таму, каб не губляцца падчас тэлефонных размоў, загадзя запісвала пытанні ў сшытак. Дарэчы, і ў міліцыі, і ў пракуратуры мяне разумелі і адказвалі на пытанні. Праўда, па-руску.

"13,3% школьнікаў навучаліся па-беларуску ў сярэдніх школах краіны ў 2015–2016 гадах, па дадзеных Белстата. Для параўнання: у 1994–1995 гадах гэта лічба складала прыкладна 75%.

Прадаўцу падказвалі людзі з чаргі

Непаразуменні часцей узнікалі ў крамах. У першы ж дзень, калі я запыталася пра кошт крабавых палачак, прадавец двойчы перапытала, што я хачу. А мужчына, які разлічваўся перада мною, нават зрабіў некалькі крокаў наперад, азірнуўся і паглядзеў на мяне, быццам на дзіва. Мне стала няёмка – нібы апынулася ў іншай краіне.

Па іроніі лёсу менавіта на «беларускамоўным» тыдні мне спатрэбілася новая патэльня. Здавалася б, проста патэльня. Але ў гандлёвым цэнтры слова «патэльня», мабыць, ніколі не чулі.

– Простите, что? Что вы ищете? Патэльні? А что это такое? – некалькі разоў перапытаў мяне хлопец-кансультант, а потым пазваў на дапамогу калегу. Калега, пачуўшы, што мне патрэбна, на некалькі хвілін «завіс», а потым прапанаваў пашукаць самастойна.

Самым вялікім здзіўленнем тыдня стала тое, што мяне не зразумелі… на аўтавакзале. Не ведаю, якія словы ўвагналі прадаўца ў ступар – «калі ласка» ці «чыпсы з печы», але яна чамусьці раззлавалася і нават не чула, як людзі з чаргі падказвалі ёй, што мне трэба. І гэта на вакзале, дзе бывае многа вяскоўцаў. Няўжо там беларуская мова –рэдкасць?

Затое як прыемна было пачуць адказ па-беларуску ад… сталічнага таксіста (на выхадныя я ездзіла ў Мінск). Мужчына распавёў, што звычайна размаўляе па-руску, але ўжо не першы раз вязе беларускамоўных:

– Ім я адказваю па-беларуску. Мне не складана, а пасажырам прыемна.

Адкрыла дакументальныя фільмы пра паэтаў

Кожную раніцу за сняданкам я гляджу відэа з жартамі. Падчас эксперыменту рабіць выключэнне я не планавала. Аднак знайсці відэа з беларускімі жартамі амаль нерэальна. А вось дакументальных фільмаў, асабліва пра паэтаў, у інтэрнэце было шмат. Вырашыла глядзець іх. Дарэчы, вершы раніцаю натхняюць лепш за жарты.

Сучасных замежных фільмаў з беларускім агучваннем у агульным доступе таксама мала. Пашукавікі ў асноўным прапаноўвалі беларускае кіно. Нядрэнна, канешне, але мне хацелася б паглядзець што-небудзь больш папулярнае.

Што цалкам задаволіла, дык гэта беларуская музыка. Спачатку я слухала тых музыкаў, пра якіх ведала сама, а потым кампазіцыі, якія параілі калегі. А вось на чытанне беларускіх твораў часу не было.

Няёмка размаўляць па-руску

Дзесьці на чацвёрты дзень заўважыла, што канчаткова звыклася з беларускай мовай і гучаць яна пачала натуральна. Канешне, нават праз тыдзень у меня праскокваюць рускія словы, але гэта, я лічу, пытанне часу.

Увечары ў нядзелю я з сумам зразумела, што тыдзень скончыўся. Аднак у панядзелак родным і калегам я пажадала «Добрай раніцы» і працягнула размаўляць на роднай мове. Прычына – мне няёмка чуць рускую мову са сваіх вуснаў. Эксперымент, які спачатку ўспрымаўся як звычайнае рэдакцыйнае заданне, змяніў мае адносіны да беларускай мовы. Я вырашыла і далей размаўляць па-беларуску. Калі не ўвесь час, то хаця б з сябрамі ды роднымі.

Ці змянілася стаўленне да беларускай мовы ў Баранавічах?

Мікалай Падгайскі, былы старшыня Баранавіцкай суполкі Таварыства беларускай мовы:

– Паступова расце і папулярнасць беларускай мовы, і павага да беларускамоўных. Ужо няма таго адчужэння, что было напрыканцы савецкага часу. Мяне больш хвалюе, што на дзяржаўным узроўні беларуская мова ў нас фактычна вынішчаецца. Усё павінна ісці з адукацыі, а мы не можам дабіцца адкрыцця беларускамоўнай школы ці класа. Зараз у горадзе працуе два беларускамоўныя класы, у мінулым навучальным годзе былі беларускамоўныя групы ў васьмі садках. Пакрыху ў нас з’яўляюцца беларускамоўныя шыльды, але гэта вынік працы асобных людзей ці арганізацый. Цэнтральна нічога не мянялася.

Не магу сказаць, што ў нас стала больш беларускамоўных гараджан.Чалавек, які зараз размаўляе па-беларуску, перавучыўся: раней родная мова была забытай, таму, каб на яе перайсці, трэба спачатку яе вывучыць.

Таццяна Малашчанка, маці дачок, якія навучаюцца ў беларускамоўных класах:

– Мне здаецца, што апошнім часам беларуская мова ўсё менш пужае жыхароў нашага горада. Калі некалькі гадоў таму гараджане цураліся беларускамоўных людзей, то зараз нават спрабуюць адказваць па-беларуску. Нядаўна мы рабілі свята для малодшай дачкі на дзіцячай пляцоўцы. Бацькі і дзеці, якія бавіліся каля нас, потым выказалі нам удзячнасць за тое, што пачулі родную мову.

Яшчэ адно назіранне – у Баранавічах пачалі з’яўляцца шыльды, на якіх дублююцца назвы вуліц на беларускай мове. З’яўляецца і беларускамоўная рэклама. Канешне, не магу не адзначыць, што беларускамоўныя класы, у якіх навучаюцца мае дочкі, таксама сталі больш папулярнымі. У гэтым годзе ў клас да старэйшай дачкі прыйшлі дзве дзяўчынкі. Наколькі я ведаю, хутка новенькія з’явяцца і ў класе малодшай.

Юлія Траццяк, былая выкладчыца моўных курсаў «Мова нанова»:

– Цяжка ацаніць, палепшылася сітуацыя ці пагоршалася, бо я размаўляю па-беларуску, колькі сябе памятаю, і большасць людзей, якія са мной вядуць размову, размаўляюць таксама па-беларуску. Вельмі часта людзі пераходзяць на беларускую мову, калі чуюць, што я звяртаюся да іх па-беларуску. Напрыклад, гэта адбываецца ў крамах, цырульнях і медыцынскіх установах.

Магчыма, у Мінску беларуская мова больш распаўсюджана, але ў сталіцы ўсе працэсы больш яркія і маштабныя. Каб зразумець, чаму чалавек не размаўляе па-беларуску, ён павінен задаць гэта пытанне сабе і адказаць таксама сабе. Мне здаецца, што гэта не пытанне моды.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
30 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Patrick

Родная мова — это здорово. Но только, даже те кто пытается размауляць, делает это не чистом белар. языке, а на трасянке.

Scroll Up