Новости / Люди

Памёр Васіль Сёмуха, які пераклаў на беларускую мову Біблію і нямецкую класіку

4.02.2019, 7:42  / remove_red_eye 529   / chat_bubble4

Васіль Сёмуха пайшоў з жыцця на 84-м годзе.

Памёр Васіль Сёмуха, які пераклаў на беларускую мову Біблію і нямецкую класіку

Васіль Сёмуха. Фота: nn.by

Пра гэта паведаміла ў сваім «Фэйсбуку» старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, пiша «Наша Нiва».

Нарадзіўся Васіль Сёмуха на хутары Ясенец Пружанскага раёна. Яго тату і маму забілі немцы за сувязь з партызанамі. Уратавалі Васіля ад смерці і выгадавалі цёткі.

Сваёй роднай мовай называў заходнепалескі дыялект, які вельмі любіў і з якога праз пераклады шмат прыўнёс у літаратурную беларускую мову, якой валодаў віртуозна.

Напрыканцы жыцця Васіль Сёмуха страціў зрок з-за дыябету, але да апошняга перакладаў.

Ён аўтар поўнага перакладу Бібліі на беларускую мову. Таксама ён пераклаў на беларускую мову дзясяткі аўтараў з нямецкай, польскай, латышскай, лацінскай, нарвежскай, іспанскай моў. Вуснамі Сёмухі па-беларуску загаварылі Гётэ, Шылер, Грымельсгаўзэн, Брэхт, Зюскінд, Райніс, Бэлшавіца, Міцкевіч, Славацкі, Ева Пінска… Не раз публікаваўся ў «Нашай Ніве».

Удзельнічаў у барацьбе за незалежнасць у 1980–1990-я.

Васіль Сёмуха — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, быў уганараваны дзяржаўнымі ўзнагародамі Нямеччыны і Латвіі. Ад сярэдзіны 1990-х яго, аднак, ігнаравалі ўлады РБ, бо ён рэзка і адкрыта крытыкаваў аўтарытарны рэжым. Выкладаў у забароненым Беларускім ліцэі імя Якуба Коласа. П’есу «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» у яго перакладзе, поўную паралеляў з беларускай сучаснасцю, знялі з паказу ў тэатры «Вольная сцэна».

Ён выгадаваў дваіх цудоўных дзяцей. Яго сын, прадпрымальнік, жыве ў Мінску, дапамог бацьку выдаць Біблію па-беларуску. А дачка ўдзельнічала ў першых падпольных незалежных суполках у 1980-я. Пазней выйшла замуж у ЗША і цяпер жыве ў Вашынгтоне.

Дзядзька Васіль быў з тых людзей, якія да старасці захоўваюць дзіцячую непасрэднасць. Было ў ім нешта панкаўскае, вясёлае, гарэзлівае, што захапляла моладзь пакаленне за пакаленнем.

Каларытны і душэўны, Васіль Сёмуха, непаўторны чалавек, стварыў творы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускай культуры.

Темы:
Поделиться:
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
4 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Patrick

Вот человек оставил большой след после себя. Вечная память.

Scroll Up