Новости / Культура

На кнігу памерлага літаратара Яна Збажыны збіраюць грошы ў Баранавічах

1.02.2019, 11:37  / remove_red_eye 1037   / chat_bubble3

Сёлета выбітнаму паэту споўнілася б 55 год.

На кнігу памерлага літаратара Яна Збажыны збіраюць грошы ў Баранавічах

Вокладка кнігі Яна Збажыны.

За сваё кароткае жыццё Ян Савіцкі (больш вядомы пад літаратурным псеўданімам Ян Збажына) друкаваўся ў шматлікіх літаратурных выданнях. Дапамагаў парадамі і рэдагаваннем маладым баранавіцкім літаратарам, выдаваў іх зборнікі. Аднак сам пры жыцці паспеў выдаць у 2004 годзе толькі адзіную сваю кнігу «Пыл саркафагаў». У 2011 годзе паэта не стала.

Па словах беларускага пісьменніка Алеся Аркуша, наш горад і краіна яшчэ не да канца зразумелі, каго страцілі:

– У вершах Збажыны ёсць такія дасягненні, якія сапраўды сталі набыткам беларускай паэзіі. Гэта яго эксперыменты з вершаванай формай. Бадай, цяжка якога-небудзь іншага беларускага паэта з яго пакалення паставіць з Янам поруч у гэтай справе – хіба што Юрася Пацюпу. Збажына пісаў і ўжо добра засвоеныя нашай паэзіяй санеты, трыялеты, танка, хоку, але і досыць экзатычныя візуальныя вершы – гэта калі вершаваныя радкі ўтвараюць нейкую графічную выяву або раўналежныя вершы – калі паэтычная думка раскладаецца на два вектары, з дапамогай розных ракурсаў і сэнсавых алюзій утвараючы своеасаблівы аб’ёмны паэтычны эфект.

Сябар Яна і таксама баранавіцкі паэт Алесь Бакач, разам з грамадскім актывістам Уладзем Гундарам падрыхтавалі да друку новы зборнік выбраных твораў Збажыны «Тым, хто хоча вечна жыць». Да кнігі плануецца дадаць DVD-дыск з відэазапісамі выступаў Яна.

Каб выдаць кнігу з дыскам накладам 100 асобнікаў, неабходна 500 рублёў. Выдаўцы зборніка звяртаюцца да ўсіх неабыякавых людзей, тых, хто ведаў Янку Збажыну і чытаў яго творы, дапамагчы фінансава, каб паспець надрукаваць яе да 31 сакавіка – дня нараджэння паэта.

Прозвішчы ўсіх, хто ахвяруе больш за 10 рублёў, будуць змешчаны ў зборніку. Ахвярадаўцы з гэтага спісу атрымаюць асобнік пасмяротнага зборніка Збажыны.

Кантакты для сувязі: +375 33-303-49-77 ці +375 44-564-25-83 Уладзь Гундар.

Ян Збажына

Жоўты трыпціх

І

Адчуванне смерці неабходна

тым, хто хоча вечна жыць, —

жаўцізною восені паходня

доўга будзе нам свяціць.

Адспяваюць птушкі напрадвесні

толькі раз на цэлы год,

асалодзяць нашых боляў песні,

згорклы ў сэрцы даўні мёд…

ІІ

На пытанні, што стаяць спрадвеку,

з цягам часу знойдзецца адказ.

Хваляванні сённяшняга веку

хваляваць не будуць заўтра нас.

Хай жа лёс хвілінай летуцення

нам запаліць жоўтыя агні!..

Тыя словы, рэчы, справы, цені,

з болем сэрца восеньскія дні.

ІІІ

Але ўсё на свеце з божай ласкі!

Восень сцеле жоўтым дываном,

І ўсе стомленыя твараў маскі

ціхім спачываюць сном…

СТАГОДДЗЕ

Айчына. Воля. Барацьба.
Пятля. Астрог і неба ў краты.
Жывога вечная сяўба
І пустазелле, бюракраты.

Гарластых цётак чарада.
Авоські. Клункі. Плёткі. Сваркі.
Штодзённасць…
Спрэчкі і нуда.
Нуда і спрэчкі…
Святы, чаркі.
Высакароднасць. Грамада.
Вячэра. Лаянка за скваркі.

Крыніца. Маці. Немаўля.
Забойцы. Здраднікі. Пачвары.
Пакутная ў слязах зямля
І лёсам гнаныя ахвяры.

У СКЛЕПЕ

Пыл не здзьмухвай. Прабач і пакінь.
                       Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска

Вільготным пылам саркафагаў
ля эпітафій бачу час
і ў лаўрах марную развагу
выяваў — профіль і анфас.
Камень шыхтамі сваю вернасць
няхістка захаваў руцэ,
што й зараз мур так шчыльна тчэ.
Зайздрошчу тым, чый крок паверхня
няўладна больш адлюстраваць —
на павуцінне ўтаймаваць
павук паспеў іх след.
З начніцы
хімера невымоўнасць п’е…
Плыву ў суцэльнай таямніцы,
апошні сведка — сам сабе.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
3 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Huwniarz

Эх, Янка, Янка… Разумная галава, не бярог ты сябе 🙁 наш ты баранавіцкі Анатоль Сыс. 🙁

Scroll Up