Новости / Культура

Баранавіцкі рэжысёр, чый фільм можа патрапіць на «Оскар», расказаў пра будучыню Беларусі і беларускага кіно

24.01.2019, 9:26 / remove_red_eye 1473 / chat_bubble8

Аляксей Палуян яшчэ толькі заканчвае вучобу ў Акадэміі мастацтваў Касэля ў Нямеччыне на аддзяленні кіно і тэлебачання, але яго фільмы ўжо паспелі трапіць на прэстыжныя кінафеставалі сусветнага ўзроўню. Аляксей расказаў Intex-press, як з айцішніка ператварыўся ў рэжысёра, пра што і для каго яго фільмы і хто для яго – герой нашага часу.

Баранавіцкі рэжысёр, чый фільм можа патрапіць на «Оскар», расказаў пра будучыню Беларусі і беларускага кіно

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

Пра змену прафесіі

Які 18-гадовы хлопец не марыць стать айцішнікам? Вось і мяне прываблівала перспектыўная работа з добрымі заробкамі, тым больш што матэматыка заўжды мне падабалася. Таму пасля вучобы ў цудоўнай гімназіі №4 я паступіў у БДУІР, але ўжо на курсе другім-трэцім зразумеў, што інфарматыка – не зусім маё. Падчас вучобы я ўдзельнічаў у пастаноўках студэнцкага тэатра, пасля мне пашчасціла атрымаць стыпендыю па абмене ў Германію. Менавіта там я зразумеў, што кіно – гэта маё, раз і назаўжды.

У 2013-м я вырашыў паступаць у Акадэмію мастацтваў Касэля. Майстрам у маім кінааддзяленні працуе цудоўны чалавек – актрыса савецкай школы ў лепшым сэнсе гэтага слова, сцэнарыст, рэжысёр Яна Друзь. Дзякуючы ёй я зразумеў, што знаходжуся на правільным шляху.

 Пра замежных спецыялістаў

Што мне падабаецца ў спецыялістах з Захаду – яны мала крытыкуюць і шмат прапаноўваць ідэй. А ў тваёй працы знаходзяць не хібы, а нешта цікавае для сябе. І пасля прапануюць сотні варыянтаў, як гэта цікавае можна ўдасканаліць і палепшыць. У нас такога я не заўважаў. Таму, мабыць, і дасягненні ў замежнікаў іншыя, бо ідзе зусім іншая прафесійная настройка.

РЕКЛАМА

 

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

Пра баланс

Калі будуеш драматургію, ты павінен знаходзіць баланс паміж тым, каб усё было лагічна і рэалістычна і каб адначасова захавалася таямніца, над чым ты працуеш. Бо калі логікі будзе зашмат, фільм атрымаецца сухім і прадказальным. Калі занадта рамантычным, то глядач скажа, што ў жыцці так не бывае. Шукаць гэты баланс вельмі складана. Але гэта самае цікавае.

 Пра «Возера радасці»

Мой тата гадаваўся ў быценьскім і целеханаўскім інтэрнатах і для мяне гэтая тэма заўсёды была вельмі цікавай. З інтэрнатам у таты звязаны светлыя ўспаміны, і ён вельмі ўдзячны выхавацелям інтэрната. Але ж гэтая тэма заставалася балючай для яго, таму ён амаль ніколі мне нічога не распавядаў пра яго дзяцінства. Я вырашыў пачаць гутарыць з ім пра гэта і распавёў, што хачу зрабіць фільм, абапіраючыся на яго дзіцячы досвед. Я пачаў працаваць над сцэнаром у 2016-м, абапіраючыся на яго жыццёвы шлях.  Неўзабаве мой добры сябра падарыў мне кнігу Віктара Марціновіча «Возера радасці», якая тады толькі выйшла ў свет. Я пачаў чытаць і зразумеў, што гісторыя Марціновіча вельмі падобная да маёй. Таму я сустрэўся з пісьменнікам і прапанаваў зняць фільм па аднаму з эпізодаў яго кнігі. Ён пагадзіўся, хаця я папярэдзіў, што шмат буду мяняць. Для прыкладу, у кнізе галоўная гераіня Яся – дачка чыноўніка, а ў маім фільме яна вясковая дзяўчынка. У маім фільме зусім іншы канец, якога ў кнізе няма.

Для мяне фігура Ясі – гэта адлюстраванне беларуса, які не ставіць сябе на пярэдні план, а больш назірае збоку, асэнсоўвае і толькі пасля дзейнічае. Для мяне было вельмі прынцыпова, каб галоўную ролю выконвала дзяўчынка з інтэрната. Я, дарэчы, знайшоў інтэрнат, знайшоў дзяўчынку, амаль год з імі працавалі, а за тры тыдні да здымак кіраўніцтва інтэрната перастала выходзіць на сувязь. Калі я прыехаў, мяне адправілі на сустрэчу з ідэолагам мясцовага райвыканкама. Яна папярэдзіла мяне, што здымаць уінтэрнаце мы не зможам. У нас было шмат падрыхтавана – гатовыя дэкарацыі, масоўка, галоўная гераіня.

Аб’ехалі палову Беларусі ў пошуках галоўнай гераіні і на апошнім касцінгу ў Магілёве знайшлі Насцю Пляц, якая і выканала ролю Ясі. Насця – сацыяльная сірата. Калі ёй было тры гады, маці прывяла яе з братам у інтэрнат і пакінула там. Мне вельмі пашанцавала з Насцяй. І ў яе ёсць усё, каб стаць добрай актрысай. Дзякуючы ёй, нашаму моцнаму акцёрскаму складу і цудоўным жыхарам вёсачак, дзе мы здымалі, і людзям з Ляхавіцкага раёна, наш фільм атрымаўся такім, якім ён ёсць.

РЕКЛАМА

 

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

Пра тэмы

Усе пытаюцца, як знайсці тэму для фільма. На гэтае пытанне няма адказу, у кожнага аўтара свой шлях да тэмы. Што я бачу, насамрэч у Беларусі ў гэтым сэнсе – непаханае поле. У нас наступае такі час, які калісьці быў у 90-х у румынаў, у югаславаў. Чаму ў іх зараз самае моцнае кіно? Таму што яны пераасэнсавалі тое, што адбывалася з іх краінамі ў 90-я. Мы знаходзімся на пачатку гэтага шляху, нашаму пакаленню таксама трэба зразумець, што ў нас зараз адбываецца і куды мы накіроўваемся. Нам не трэба гуляцца ў кіно, а варта сесці, пераасэнсаваць, тады пойдуць фільмы з моцнымі пасыламі.

Пра сакрэты поспеху

Канкурэнцыя ў кіно шалёная. Таму каб атрымаць фінансавую падтрымку кінафонду, проста здзівіць недастаткова. Тым больш што заходнія еўрапейцы не здзіўляюцца толькі нашай экзотыцы. Павінна быць цікавая і добра адпрацаваная гісторыя. Калі канфлікт у тваім фільме, пра які ты гаворыш – блізкі да разумення ў іншых краінах, але са сваёй мясцовай экзотыкай, гэта кранае. У выпадку, калі ты зможаш пабудаваць драматургію комплексней, чым усе астатнія, у цябе ёсць шанс.

За гады навучання ў Нямеччыне я крыху пазнаёміўся з нямецкім грамадствам, але ніколі не зразумею яго так, як сваё — беларускае. Таму зараз для сваіх фільмаў я бяру толькі беларускія гісторыі, бо я больш разумею, пра што я кажу і што мяне асабіста больш хвалюе.

 

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

Пра кіно

Кіно зараз не можа быць дзяржаўным ці недзяржаўным. Яно альбо незалежнае, альбо камерцыйнае. Каманда, якая здымае аўтарскае кіно, можа толькі звярнуцца да дзяржаўнай установы за фінансавай падтрымкай. На гэтым дзяржаўнасць у кінавытворчасці заканчваецца.

Кіно здымаюць альбо каб зарабіць грошы, альбо зрабіць добры фільм. Калі першае ў Беларусі не атрымоўваецца, трэба рабіць незалежны конкурс з незалежным прафесійным складам журы, выдаткоўваць грошы і запрашаць да ўдзелу ў конкурсе ўсіх жадаючых рэжысёраў. Без усялякіх тэмаў зверху, як гэта зараз робіцца ў Беларусі. Тады будзе матывацыя ў маладых беларускіх аўтараў. І пабачыце тады, што добрае аўтарскае кіно пойдзе.

Пра памылкі

Любімая фраза майго прафесара «памылкі – нашы лепшыя сябры». Я згодны, не трэба баяцца памылак. Я іх шмат нарабіў падчас першых фільмаў. Калі нешта не атрымоўваецца, мяне гэта, наадварот, падбухторвае. Мне хочацца здымаць далей, лепей, мацней. 

Пра праўду і крытыку

Для праўды зараз варта знайсці моцную форму. Каб гэта было не проста крытыканства, бо не заўсёды чорнае ёсць чорнае, а белае – белае. Пра сваю краіну ты можаш распавесці, выкарыстоўваючы адну мезансцэну, адзіны дыялог. І мая прафесар, якая вельмі любіць Беларусь, заўсёды кажа мне: «Глядзі, не забрудзь сваю краіну, бо ты ў Заходняй Еўропе і людзі будуць глядзець на яе праз цябе, твае фільмы».

Я пакуль расказваў пра Беларусь тое, што сам змог зразумець. Але зрабіў гэта з пазітыўнага боку. Лічу, калі толькі негатыўна пра нешта расказваць, атрымаеш дыстанцыю ў адказ. Крытыкаваць заўсёды трэба па-добраму.

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

Пра героя нашага часу

Святлана Алексіевіч – вось прыклад для ўсіх беларусаў, герой нашага часу. Мужная жанчына, якая ведае, што і дзеля чаго робіць. Калі б мы ўсе гэта ведалі… Мы спачатку нешта робім, а пасля пачынаем задаваць пытанні: а навошта, а ці варта было? 

На жаль, так атрымліваецца, што калі ты нешта робіш на Радзіме, ты нікому не патрэбен. А калі нешта атрымоўваецца за мяжой, пра цябе адразу пачынаюць пісаць. Атрымала Алексіевіч Нобелеўскую прэмію, яе адразу прызналі. Але ўзровень яе твораў і мышлення ад гэтага ж не змяніўся.

Так заўсёды было і заўсёды будзе. Не толькі ў Беларусі. Улада і інтэлігенцыя –гэта не пра сяброўства. Улада не любіць людзей, якія выдзяляюцца, а не стаяць у адным радзе з іншымі.  Пра гэта трэба разважаць і гутарыць.

 Пра беларускія вёскі

Гарады ў нас бязлікія нейкія, а вёскі наадварот — цікавыя. Мае калегі з Германіі здзіўляліся, што ў краіне, дзе агульная атмасфера падаецца меланхалічнай, кожная хата ў вёсцы пафарбаваная ў свой асабісты колер. Яны такога нідзе не бачылі.

Кожная вёска – свой мікракосмас, дзе ўсе свае, дзе людзі несапсаваныя. Галоўнае ў вёсцы — атрымаць давер. З аднаго боку, шкада, што мы губляем гэты свет, бо людзі ідуць па лепшае жыццё ў гарады. Але, мне здаецца, мы яшчэ будзем вяртацца да вёсак, проста, магчыма, форма ў іх будзе крыху іншай. Штучна ўплываць на гэты працэс не трэба, бо на ўсё, што робіцца пад прымусам, хочацца рэагаваць метадам ад зваротнага. 

Пра мову

Восем апошніх гадоў я размаўляю на беларускай мове. З бацькамі, сябрамі — паўсюль. Проста аднойчы прыйшло разуменне: калі не я, то хто? Я пачаў з сябе. Размаўляю на мове, фільмы здымаю таксама на мове.  У мяне была цудоўная настаўніца беларускай мовы ў гімназіі №4 — Ніна Аркадзьеўна Гарбунова — так прагу і любоў да мовы прывіла. Удзячны ёй вельмі. У нас усе настаўнікі былі цудоўныя.

Вяртаючыся да тэмы — калі кожны пачне на мове размаўляць, нешта зменіцца ў моўным пытанні. Трэба мур гэты моўны пераскокваць.

РЕКЛАМА

Пра веру і рэлігію

Я веруючы чалавек. Лазніца кажа, што рэжысёр звяртаецца да Бога двойчы — калі піша сцэнар і калі шукае галоўнага героя. Я звяртаюся часцей. 

Пра прызнанне і мару

Прызнанне для мяне як для рэжысёра — гэта калі майстар, імя якога ёсць у французскай сінематэцы, скажа, што мой фільм добры. Я такую пахвалу ўжо атрымаў ад выбітнага нямецкага аператара Томаса Маўха. Як жа ж ён палюбіў фільм «Край Жанчын»! 

Як рэжысёр, мару зняць су’рёзны моцны паўнаметражны мастацкі фільм у Беларусі на беларускай мове, і каб бацькі яшчэ гэта ўбачылі. А як чалавек, мару проста пра тое, каб мама і тата былі здаровыя. Таму што, вось прыехаў зараз у Баранавічы і толькі і чую: там нехта памёр, там. І разумею, што гэта пакаленне маіх бацькоў памірае. Належыць да жыцця, але нялёгка прымаць.

Пра будучыню

Праз гадоў дзесяць наша пакаленне зойме кіруючыя пасады. І ад нас залежыць будучыня нашай краіны, нашай мовы, нашага культуры. Пакаленне маіх бацькоў не зразумела тады, у 90-я, што яно атрымала. Спадзяюся, што ў нас ёсць шанс гэта зразумець. Канешне, калі гэтая свабода ў нас будзе. За гэта трэба змагацца.  

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

Фота: архіў Аляксея ПАЛУЯНА

ДАВЕДКА

Аляксей Палуян нарадзіўся 18 кастрычніка 1989 года ў Баранавічах. Скончыў гімназію №4, затым БДУІР. Вучыцца ў акадэміі мастацтваў горада Касэля, здымае мастацкія і дакументальныя фільмы. У яго фільмаграфіі пяць кінастужак: «Сафія», «Вяртанне», «Парушэнне спакою», «Край жанчын» і «Возера радасці». Дзве апошнія здымаліся ў Беларусі. Фільм «Возера радасці» па кнізе беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча трапіў на галоўны фестываль кароткаметражнага кіно ў свеце Clermont-Ferrand, які адбудзецца ў лютым у Францыі. Фільм-пераможца аўтаматычна трапляе ў спіс намінантаў на «Оскар».

 

 

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

8
Оставить комментарий

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
3 Цепочка комментария
5 Ответы по цепочке
4 Последователи
 
Популярнейший комментарий
Цепочка актуального комментария
5 Авторы комментариев
NicknamegecdЮрий К.777eni. Авторы недавних комментариев
  Подписаться  
новее старее большинство голосов
Уведомление о
eni.
Участник
За просмотр контента
Комментатор
Первая сотня
Загрузка аватара
За посещение сайта
Логин на сайт

Желаю дальнейших успехов в творчестве.

777
Участник
Загрузка аватара
Комментатор
Первая сотня
За просмотр контента
За посещение сайта
Доверие
Логин на сайт

Желаю ему получить своего Оскара!

gecd
Участник
Комментатор
Первая сотня
За просмотр контента
За посещение сайта

вы серьезно ?
пустите в прокат в «ЗВЕЗДЕ» на пару дней фильм на белорусском языке — БЕСПЛАТНО !!!!
ни кто на него не пойдет

Юрий К.
Участник
Загрузка аватара
За просмотр контента
Комментатор
Первая сотня
За посещение сайта

на языке прыщ может быть, а размаўляюць людзі на мове

gecd
Участник
Комментатор
Первая сотня
За просмотр контента
За посещение сайта

выйди в город и послушай на какой языке люди разговаривают.
на родном на русском.

Юрий К.
Участник
Загрузка аватара
За просмотр контента
Комментатор
Первая сотня
За посещение сайта

Да, в последние пару десятилетий, в основном, на русском. Но с чего Вы взяли, что для беларусов он родной?

gecd
Участник
Комментатор
Первая сотня
За просмотр контента
За посещение сайта

Родной это тот на котором ты разговариваешь ВЕЗДЕ. А не раз ты беларус — значит твой язык белорусский.

Nickname
Участник
Комментатор
Первая сотня
Загрузка аватара
За просмотр контента
За посещение сайта
Логин на сайт
Читатель-месяца
Ударник

2 госязыка… Но преобладает русский, это правда.

Scroll Up