Новости / Общество

«Часам даводзіцца адбівацца»: беларуска аб працы Снягурачкай

29.12.2018, 19:16  / remove_red_eye 939   / chat_bubble14

Маладзечанка Ганна Кандраценка цяпер у дэкрэтным адпачынку, але напярэдадні Новага года графіку яе працы можа паспачуваць любы: у дзень у Ганны можа быць да 15 прадстаўленняў, а праца не заканчваецца нават у святочную поўнач — 31 снежня. Ганна працуе Снягурачкай.

«Часам даводзіцца адбівацца»: беларуска аб працы Снягурачкай

Фота з архіва гераіні

Калі ўпершыню Ганна прымерала на сябе ўбор навагодняй чараўніцы, яна цяпер ужо і не ўспомніць, паведамляе «Наша Нiва».

«Магчыма, гэта было яшчэ ў школе, або ў Інстытуце культуры, які я заканчвала. Але памятаю, што вельмі хутка зразумела, што гэта — самая найлепшая ў свеце праца — дарыць дзецям веру ў цуды. І калі ты бачыш, якім шчасцем загараюцца вочы не толькі дзяцей, але дарослых, калі ты прыходзіш да іх на свята, то дарыць радасць хочацца ўдвая».

Калі гаварыць пра самае неабходнае, што павінна быць у Снягурачкі, Ганна адказвае: самы лепшы касцюм, гульнявая праграма, запас цікавінак на выпадак, калі нешта пойдзе не так і чароўны посах, каб адбівацца ім ад надакучлівых і не вельмі цвярозых дарослых.

Ранішнікі для дзяцей

«Дзеці — адначасова і самая ўдзячная публіка, і самая патрабавальная, — кажа Ганна, — і каб дзіця паверыла ў тое, што ты сапраўдная, трэба «замарочыцца» са знешнім выглядам. Дзед Мароз у красоўках і джынсах, а Снягурачка ў мішуры — гэта халтура».

Ганна расказвае, што на яе погляд, самая простая роля ў навагодніх ранішніках, як раз у Дзеда Мароза.

«Што яму? Увайсці ў канцы прадстаўлення, сказаць хо-хо-хо і схавацца ў бараду, калі нешта не так».

А вось роля Снягурачкі, іншая справа.

«Я заўсёды вучу і свае словы, і Дзеда Мароза. Справа ў тым, што дзейнасць незалежных акцёраў аформленая па заканадаўстве на мяне, я даю аб’явы ў газеты і ў суполкі. Працую і на дзіцячых ранішніках, і на дарослых карпаратывах. А паколькі Снягурачка не можа працаваць адна, то прашу быць маім Дзедам Марозам або мужа, або брата свайго, і часам даводзіцца іх пераконваць вельмі доўга».

Ганна расказвае, што амаль не бывае такога прадстаўлення, якое ішло б дакладна па сцэнарыі.

«Бывае, што і Дзед Мароз забудзецца словы, тады даводзіцца мне браць усё ў свае рукі, а бывае, што і дзіця, якому выклікалі Дзеда Мароза, расплачацца».

Быў у практыцы Ганны выпадак, калі дзіця сустрэла Дзеда Мароза і Снягурачку і спалохалася.

«Плача, ні ў якую не хоча ісці на рукі. На пытанне Дзеда Мароза: «Ты ведаеш, хто я?», крычыць «Нееееее». А аказалася, што бацькі толькі расказвалі дзіцяці, што ёсць такі чараўнік Дзед Мароз, а як ён выглядае чамусьці не паказалі. Забыліся».

У такіх выпадках, працягвае Ганна, даводзіцца гуляць з дарослымі. Дзіця назірае, а сняжынкі выразаюць, цацкі вешаюць на ёлку і чытаюць вершыкі дарослыя.

«А як вы хацелі, шаноўныя? — смяецца Ганна. — Свята павінна быць у кожнага».

Карпаратывы для дарослых

Гаворачы пра святы для ўсіх, Ганна мае на ўвазе таксама і карпаратывы для дарослых.

«Даводзілася працаваць і на карпаратыўных святах, і ў рэстаранах у навагоднюю ноч. І я скажу, што з дарослымі працаваць нашмат складаней».

«Па-першае, жарты пра расіян, якіх у санаторыі, дзе я працавала, адпачывае 80% — праўда. Яны, сапраўды, паводзяць сябе неадэкватна. Спакушаныя аніматарамі ў розных там турцыях і егіптах, проста не ўспрымаюць нашу казачную праграму. Ад некаторых даводзіцца адбівацца і посахам».

Ганна расказвае, што былі выпадкі, калі ў яе прасілі памераць карону і пацеркі, адбіралі рэквізіт. Што спрабавалі пацалаваць і патрымацца за яе, пагладзіць па назе і не толькі, спрабавалі пасадзіць за стол, і на калені.

«Пры чым, рабілі гэта так: «Эй, ты, псссс, сюды давай хадзі. Бягом!» Без аховы і не ўдавалася справіцца».

Яшчэ Ганна абураецца тым, што амаль ва ўсіх кампаніях Дзеда Мароза і Снягурачку ўсе лічаць сваім абавязкам усадзіць за стол.

«Заўсёды даводзіцца тлумачыць, што мы на рабоце, што я наогул за рулём. Не, людзям цяжка зразумець, што ў нас у перадсвяточныя дні можа быць да 15 заказаў у дзень. Я не ўяўляю сабе, як бы мы дажылі да апошняга, каб пагаджаліся на застоллі».

Праца для душы

Пры гэтым, Ганна сваю працу любіць. І з задавальненнем працуе нават у навагоднюю ноч.

«Сем’і, якія замаўляюць Дзеда Мароза і Снягурачку, як правіла хочуць, каб мы прыходзілі тады, калі ўся сям’я ўжо сабралася за сталом. А ў рэстаран замаўляюць на святочную поўнач. Навучылася адзначаць Новы год не дома. Гэта таксама весела. Проста мы з сябрамі замаўляем столік там, дзе я працую. Заканчваецца праграма, пачынаецца свята для сваіх».

А павіншаваць уласных дзяцей, кажа Ганна, проста фізічна не атрымоўваецца.

«Сыну пяць гадоў, дачцэ — годзік. Я не апранаюся дома ў Снягурачку, не хачу, каб дзеці зразумелі, што яна не сапраўдная чараўніца, а пераапранутая мама».

А вось муж Ганны ў Дзеда Мароза пераапранаецца.

«Тут у мяне іншая логіка. Яго ўсё адно не бачна за барадой. А дзеці чуюць знаёмы голас. Я вельмі хачу, каб мае дзеці як мага даўжэй верылі ў тое, што іх тата і ёсць — самы сапраўдны чараўнік».

Поделиться:
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
14 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
777

А на заводе у станка ни от кого бы не отбивалась 😉