Новости / Общество

Вернецца Баранавіцкая вобласць? Навукоўцы прапанавалі скараціць 20 раёнаў Беларусі альбо перайсці да 15 абласцей і 450 воласцяў

22.09.2018, 17:51 / remove_red_eye 1599 / chat_bubble

З 11 да 12 верасня ў Беларусі знаходзілася дэлегацыя Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы. З удзелам прадстаўнікоў верхняй палаты беларускага парламента, экспертаў з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі і Беларусі быў праведзены круглы стол па значных пытаннях мясцовага самакіравання. Найбольш актуальныя з іх датычыліся ўмоў далейшага развіцця сістэмы мясцовага самакіравання. На думку экспертаў, узрастанне ролі мясцовых органаў улады немагчыма без удасканалення сістэмы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення (АТД). Беларускія навукоўцы, у сваю чаргу, ужо сёння гатовы прапанаваць магчымыя варыянты.

Вернецца Баранавіцкая вобласць? Навукоўцы прапанавалі скараціць 20 раёнаў Беларусі альбо перайсці да 15 абласцей і 450 воласцяў

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел БССР у 1945 годзе.

Мякка ці радыкальна?

Навукоўцы мяркуюць, што беларуская сістэма АТД не з’яўляецца аптымальнай. Гэта відаць хоць бы па тым, што сёння існуюць істотныя адрозненні рэгіёнаў аднаго рангу па колькасці насельніцтва, узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця і забяспечанасці інфраструктурай, піша Звязда.

— Такая сітуацыя прывяла да таго, што існуючае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне не супадае з актуальнымі тэрытарыяльнымі сацыяльна-эканамічнымі супольнасцямі, якія адлюстроўваюць працэс раёнастварэння. Таму ў некаторых выпадках складана дамагчыся комплекснага развіцця тэрыторыі. Гаворка ідзе аб узаемным эканамічным, сацыяльным, дэмаграфічным, экалагічным і інавацыйным развіцці раёнаў, — лічыць кандыдат эканамічных навук, загадчык аддзела сусветнай эканомікі і знешнеэканамічных даследаванняў Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Вярцінская.

Сёння раёны краіны адрозніваюцца і па памерах, і па транспартнай даступнасці да раённых цэнтраў. Так, чатыры з шасці абласных цэнтраў знаходзяцца на адлегласці больш за 200 км ад цэнтра краіны, а 16 раённых цэнтраў размешчаны бліжэй да Мінска, чым да цэнтраў сваёй вобласці.

РЕКЛАМА

Занадта вялікая аддаленасць асобных раёнаў ад абласной адміністрацыі аказвае негатыўны ўплыў на эфектыўнасць рашэння шэрагу мясцовых задач. У асобных раёнах і асабліва ў сельсаветах склалася цяжкая дэмаграфічная сітуацыя: міграцыйнае змяншэнне, перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю.

— Гэта прывяло да апусцення вёсак і пасёлкаў. Паралельна з дэпапуляцыяй і старэннем насельніцтва праблемай застаецца той факт, што большасць першасных адзінак адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення не мае дастатковых фінансавых і кадравых рэсурсаў для забеспячэння неабходнага мінімуму дзяржаўных паслуг, — адзначыла Таццяна Вярцінская.

На яе думку, каб вырашыць вострыя сацыяльна-эканамічныя праблемы такога характару, у Беларусі неабходна арыентавацца на так званы мяккі варыянт удасканалення сістэмы АТД, згодна з якім трэба аб’ядноўваць сельсаветы тых населеных пунктаў, колькасць людзей у якіх скарачаецца. Такім чынам будзе павышацца эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Паводле ацэнак навукоўцаў, у аснове далейшага ўдасканалення АТД краіны павінна знаходзіцца ў тым ліку і забеспячэнне набліжанасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання да насельніцтва — гэта дазволіць грамадзянам больш шырока ўдзельнічаць у вырашэнні мясцовых праблем і якасна аказваць сацыяльныя паслугі насельніцтву. Акрамя таго, важная і аптымізацыя колькасці дзяржаўных служачых і скарачэнне выдаткаў на іх утрыманне без шкоды для дзяржаўнага тэрытарыяльнага кіравання і нацыянальнай бяспекі.

— Зараз не назапашана крытычнай масы праблем і недахопаў існуючага АТД, таму радыкальных падыходаў да змены сеткі не патрабуецца. Нашай краіне неабходна арыентавацца на эвалюцыйны, г. зн. мяккі шлях яе ўдасканалення, — растлумачыла Таццяна Вярцінская.

Скараціць да 100

Мяккі варыянт змены АТД можа прадугледжваць аб’яднанне шэрагу гарадоў абласнога падпарадкавання (напрыклад, Баранавічы, Пінск, Бабруйск) з аднайменнымі раёнамі, як гэта адбылося ў іншых абласцях. Магчыма аб’яднаць і гарвыканкамы абласных цэнтраў з выканкамамі аднайменных раёнаў.

«Акрамя таго, мэтазгодна аб’яднанне раёнаў з колькасцю жыхароў менш за 20 тысяч чалавек з суседнімі больш буйнымі раёнамі з улікам транспартнай даступнасці раённых цэнтраў, вытворчых і сацыяльна-культурных сувязяў, якія ўжо склаліся, а таксама меркавання насельніцтва, якое там пражывае. Агульную колькасць раёнаў прапануецца скараціць да 95—100», — паведаміла Таццяна Вярцінская.

Таксама беларускія навукоўцы прапаноўваюць стварэнне самастойнай адміністрацыйна- тэрытарыяльнай адзінкі — Мінскай сталічнай акругі ў складзе Мінскага раёна, якая аб’яднае гарады — спадарожнікі Мінска.

Цяпер шэраг з названых кірункаў ужо ажыццяўляецца ў Беларусі. Напрыклад, у Мінскай вобласці ў 2006 годзе змены адбыліся ў Салігорскім, Пухавіцкім, Мядзельскім раёнах; у 2007 — у Клецкім і Бярэзінскім. У 2009 годзе тэрыторыі 32 сельсаветаў былі зменены.

А калі ўсё ж радыкальна?

Межы Баранавіцкай вобласці

Межы Баранавіцкай вобласці

Аднак, як паказвае вопыт іншых краін, змены ў АТД рэалізуюцца паэтапна і могуць закрануць перыяд як мінімум у дзесяць гадоў.

Важна падкрэсліць, што такая рэформа, як правіла, адбываецца адначасова з удасканаленнем рэгіянальнай фінансава-бюджэтнай сістэмы і ўмацаваннем інстытута мясцовага самакіравання. У гэтым выпадку за аснову адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы можа быць узяты варыянт, вызначаны ў 2003 годзе ў праекце Канцэпцыі рэфармавання мясцовага кіравання і самакіравання ў Беларусі і працоўнай групай, якая была створана пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Яго сутнасць заключаецца ў пераходзе ад трох звёнаў сістэмы (сельсавет, раён і вобласць, або першасны ўзровень, базавы і рэгіянальны) да двух (раён і вобласць) і ў знаходжанні аптымальных памераў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія дазваляюць больш эфектыўна рэалізоўваць прынцыпы і функцыі мясцовага кіравання і самакіравання, замацаваныя за адпаведнымі ўзроўнямі.

Рэалізацыя гэтага падыходу прадугледжвае стварэнне замест 6 абласцей 15—18 новых абласцей (акруг) з сярэднім радыусам даступнасці ад 43 да 80 кіламетраў. Базавай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай замест 118 раёнаў і каля 1200 сельсаветаў можа стаць новы раён або абшчына, воласць. Такіх адзінак у краіне мэтазгодна мець 450—475 з сярэднім радыусам даступнасці 14—17 кіламетраў.

Іх цэнтрамі могуць стаць раённыя цэнтры, гарады абласнога і раённага падпарадкавання, пасёлкі гарадскога тыпу, а таксама буйныя аграгарадкі, якія раўнамерна размеркаваны па тэрыторыі.

— Навуковае абгрунтаванне розных варыянтаў змены адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення ў Беларусі патрабуе распрацоўкі адпаведнай навуковай канцэпцыі з удзелам эканамістаў, юрыстаў, эколагаў, сацыёлагаў, архітэктараў і горадабудаўнікоў, a таксама прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання і самакіравання розных узроўняў і ініцыятыўных груп мясцовых супольнасцяў, — рэзюмавала Таццяна Вярцінская.

 

4 снежня 1939 года быў падпісаны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб стварэнні Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей у складзе БССР.

РЕКЛАМА

У склад Баранавіцкай вобласці на той час уваходзілі наступныя 26 раёнаў: Быценьскі, Валеўкаўскі, Васілішкаўскі, Валожынскі, Воранаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зельвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Клецкі, Казлоўшчынскі, Лідскі, Ляхавіцкі, Любчанскі, Мірскі, Мастоўскі, Нясвіжскі, Наваградскі, Навамышскі, Радуньскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі і Юрацішкаўскі. Напрыканцы 1940 года Валеўкаўскі раён быў пераназваны ў Карэліцкі.

Гарады Баранавічы і Ліда вылучаліся ў самастойныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі абласнога падпарадкавання. Таксама ў вобласць ўваходзілі 7 гарадоў раённага падпарадкавання (Валожын, Клецк, Ляхавічы, Навагрудак, Нясвіж, Слонім і Стоўбцы), 10 гарадскіх пасёлкаў і 367 сельсаветаў. Агулам Баранавіцкая вобласць займала 23,3 тысячы км кв., з насельніцтвам 1,185 млн чалавек (для параўнання, у Брэсцкай вобласці ў 2011 годзе пражывае 1,395 млн чалавек, вобласць займае 32,8 тысячы км кв.).

Летам 1944 года Сталін перадаў 17 раёнаў Беластоцкай вобласці камуністычнай Польшчы. З раёнаў, якія засталіся ў БССР, пачалі фармаваць Гродзенскую вобласць. Для яе павелічэння 20 верасня 1944 года з Баранавіцкай вобласці выключылі Васілішкаўскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Зельвенскі, Лідскі, Мастоўскі, Радуньскі і Шчучынскі раёны, а таксама горад Ліду.

У той самы дзень у склад новастворанай Маладзечанскай вобласці адышлі Валожынскі, Іўеўскі і Юрацішкаўскі раёны.

Баранавіцкая вобласць зменшылася да 13,7 тыс. км кв., і ў яе склад уваходзіла ўжо 15 раёнаў: Быценьскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Івянецкі, Клецкі, Казлоўшчынскі, Карэліцкі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мірскі, Нясвіжскі, Навагрудскі, Навамышскі, Слонімскі і Стаўбцоўскі. У 1949 годзе ў вобласці пражывала толькі 654 тысячы чалавек. Лясы займалі 29,5% плошчы вобласці.

У пачатку 1954 года ў СССР пачало адбывацца ўзбуйненне тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак. У сувязі з гэтым 8 студзеня 1954 года Баранавіцкая вобласць была ліквідавана. Яе раёны былі падзелены паміж Брэсцкай, Гродзенскай, Маладзечанскай і Мінскай абласцямі.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up