Автор: Intex-press

12:39, 8 сентября 2018

Общество

remove_red_eye 146

Улады працягваюць пераследаваць журналістаў недзяржаўных медыя

8 верасня адзначаюць Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў.

Ён быў заснаваны ў 1958 годзе па рашэнні IV кангрэса Міжнароднай арганізацыі журналістаў — найстарэйшага і самага буйнога ў свеце інтэрнацыянальнага журналісцкага аб’яднання. Дата 8 верасня абраная не выпадкова — у гэты дзень у 1943 годзе ў Берліне нацыстамі быў пакараны чэхаславацкі журналіст, актывіст Кампартыі Юліус Фучык. Знаходзячыся ў нацысцкіх засценках, ён паспеў напісаць кнігу «Рэпартаж з пятлёй на шыі», за якую быў пасмяротна ўдастоены Міжнароднай прэміі міру.

Напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасці журналістаў Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) выступіла з заявай, у якой прызывае выказаць салідарнасць з пераследаванымі калегамі і заклікае да салідарнасці ўсіх, хто падзяляе каштоўнасці праўдзівай і бесстаронняй журналістыкі.

«У гэтым годзе ўлады працягваюць пераследаваць журналістаў недзяржаўных медыя. Пікам пераследу стала завядзенне Следчым камітэтам так званай “справы БелТА”. Падазраванымі па крымінальнай справе праходзяць дзевяцёра нашых калег: Паўлюк Быкоўскі, Дзмітрый Бобрык, Аляксей Жукаў, Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова, Ірына Леўшына, Галіна Уласік, Ганна Ярмачонак.

РЕКЛАМА

У жніўні журналісты перажылі вобшукі ў офісах і кватэрах, вынятак тэхнікі, неапраўданае затрыманне, знаходжанне за кратамі, а цяпер і забарону на выезд з Беларусі. Праз ператрусы і допыты прайшлі многія іншыя супрацоўнікі медыя».

БАЖ адзначае, што сёлета ўлады Беларусі зладзілі рэкордны судовы пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат» і «Беларускім Радыё Рацыя». Летась і ў пачатку гэтага года ўлады заблакавалі ў Беларусі сайты belaruspartisan.org і charter97.org, тым самым сілавым крокам вымусіўшы рэдакцыю сайта «Беларускі партызан» перайсці на дамен у зоне .by.

Беларускіх журналістаў, якім Канстытуцыя гарантуе права на свабодны збор, захаванне і распаўсюд інфармацыі, толькі ў гэтым годзе больш за 70 разоў судзілі за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ і аштрафавалі на агульную суму больш за 60 тысяч рублёў.

Нягледзячы на гэта, менавіта недзяржаўныя медыя застаюцца ў Беларусі крыніцай дакладнай, хуткай і праверанай інфармацыі. Журналісты недзяржаўных медыя ўзнімаюць найбольш вострыя сацыяльныя праблемы, пра якія не пачуеш у дзяржаўнай прэсе.

Таму сёння, 8 верасня, грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае салідарнасць з калегамі: «Мы заклікаем далучыцца да салідарнасці з медыя грамадзянскую супольнасць, палітычныя партыі, прафесійныя саюзы, міжнародную супольнасць, калег і ўсіх грамадзянаў, якія падзяляюць каштоўнасці праўдзівай і бесстаронняй журналістыкі. Мы заклікаем калег дзяліцца гісторыямі пра журналісцкую салідарнасць у сацсетках з агульным хэштэгам #у_салідарнасці_сіла і выказваць салідарнасць з пераследаванымі калегамі!»

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up