Новости / Образование

У Баранавічах бацькі просяць адкрыць у гімназіі беларускамоўны клас для першакласнікаў. Улады прапануюць ім школу далёка ад цэнтра горада

14.05.2018, 12:04 / remove_red_eye 682 / chat_bubble

Бацькі будучых першакласнікаў хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў навучальнай установе ў цэнтры горада. Летась дапамагчы ў гэтым ім абяцала кіраўніцтва горада, таму тады яны вырашылі аддаць дзяцей у школу на год пазней.

Свае заявы на стварэнне беларускага класа бацькі пяцярых дзяцей занеслі дырэктару гімназіі №4 яшчэ 13 красавіка. Адміністрацыя гімназіі тады не была ўпэўнена ў магчымасці адкрыцця беларускамоўнага класа, спасылаючыся на тое, што для нешматлікай групы ва ўстанове няма памяшкання, расказала Intex-press Таццяна Малашчанка, маці адной з будучых першакласнікаў.

Для вырашэння праблемы ініцыятыўная група бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзеці навучаліся на роднай мове, 10 мая сустрэлася са старшынёй Баранавіцкага гарвыканкама Юрыем Грамакоўскім. На сустрэчы таксама прысутнічалі Сяргей Пузікаў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама, і Вадзім Шчарбакоў, дырэктар гімназіі №4.

У выканкаме бацькам прапанавалі адкрыць такі клас у СШ №16. Аднак бацькі выказаліся супраць гэтага.

РЕКЛАМА

– Нас такая прапанова не задавальняе: школа знаходзіцца не ў цэнтры горада, таму дабірацца да яе дзецям будзе нязручна. У мінулым годзе старшыня гарвыканкама паабяцаў нам дапамагчы адкрыць беларускамоўны клас у гімназіі №4, таму мы да апошняга будзем спрабаваць дабіцца свайго, – кажа Таццяна Малашчанка.

Па яе словах, сёлета ў гімназіі №4 плануецца набраць чатыры першыя класы. Каб адзін з іх быў беларускамоўным, трэба сабраць 27 дзяцей.

16 мая ў гімназіі №4 адбудзецца сход бацькоў першакласнікаў. Таццяна спадзяецца, што на сходзе ініцыятыўная група зможа ўгаварыць іншых бацькоў аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўны клас.

– Мы маем права навучаць дзяцей па-беларуску, але чамусьці замест падтрымкі ўладаў сутыкаемся толькі з праблемамі, – кажа Таццяна Малашчанка.

У мінулым годзе бацькі першакласнікаў ужо спрабавалі дабіцца адкрыцця беларускамоўнага класа. Тады Сяргей Пузікаў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму, прапанаваў ім адкрыць клас у СШ №13. Бацькоў гэтая прапанова не задаволіла, яны хацелі, как клас адкрылі ў гімназіі №4, таму частка з іх вырашыла аддаць дзяцей у школу на год пазней.

Цяпер у Баранавічах існуе адзіны беларускамоўны клас – у гімназіі №4. У ім вучацца чацвёра васьмікласнікаў.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up