Новости / Культура

Віншаванне з Уваскрэсеннем Хрыстовым ад ксяндза-дэкана Валянціна Новака

31.03.2018, 21:50 / remove_red_eye 501 / chat_bubble

Напярэдадні свята да жыхароў горада Баранавічы звярнуўся пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа.

Віншаванне з Уваскрэсеннем Хрыстовым ад ксяндза-дэкана Валянціна Новака

Валянцін Новак, пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа, дэкан Баранавіцкага дэканата. Фота: Яўген ЦІХАНОВІЧ

Дарагія вернікі, браты і сестры ў Хрысце, людзі добрай волі!

«Хрыстос Уваскрос з мёртвых» – гэтыя радасныя і поўныя таямнічасці словы адкрываюць нам усім Божую праўду пра сэнс жыцця і смерці. Увесь хрысціянскі свет радуецца і праслаўляе Уваскрэсенне Хрыста Пана, які праз адкупленне дае людзям надзею вечнага жыцця.

Стоячы перад пустой грабніцай, мы радуемся перамозе Хрыста, які сваім Уваскрэсеннем перамагае смерць, сатану і грэх. Гэтая перамога якасна змяніла ход гісторыі свету, паказаўшы Божую любоў і міласэрнасць над усім стварэннем. Гэта Уваскрэслы Хрыстус вярнуў нам магчымасць атрымаць жыццё вечнае, страчанае праз першародны грэх першых людзей, і цяпер мы разам з Хрыстом ідзем дарогай веравучэння і асабістага прыкладу.

РЕКЛАМА

Жадаю ўсім вам глыбокай веры, жывой надзеі і сапраўднай любові. Няхай вера ў Хрыста Уваскрослага ўвойдзе ў нашае жыццё, фармуючы наш светапогляд такім чынам, каб Бога мы ставілі на першае месца ў сваім жыцці. Калі нам здаецца, што гэта цяжка, узгадаем словы, якія Хрыстус паўтараў шмат разоў: «Не бойцеся», а таксама словы святога апостала Паўла: «Нішто не можа мяне адлучыць ад Божай любові ў Хрысце Езусе». Няхай гэтае вялікае свята будзе для ўсіх вас крыніцай святла і надзеі, няхай паглыбляе веру ў перамогу жыцця над смерцю, Божай ласкі над грахом.

Ад усяго сэрца віншую ўсіх вернікаў і людзей добрай волі, а таксама тых, хто шукае Бога, з надыходзячым радасным Святам нашай веры, надзеі і любові – Святам Уваскрэсення Хрыстовага. Няхай Уваскрослы напоўніць усе сэрцы радасцю і сапраўдным спакоем!

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up