Новости / Спадчына

Баранавіцкі край і БНР

25.03.2018, 14:17 / remove_red_eye 739 / chat_bubble

Што звязвае наш рэгіён з Беларускай Народнай Рэспублікай?

Баранавіцкі край і БНР

Першы кіраўнік урада БНР Іван Серада (другі злева ў ніжнім радзе). Фота: архіў Intex-press

Старшыня Рады БНР

Першым кіраўніком урада БНР быў Іван Серада, які паходзіў з вёскі Задвея, што знаходзіцца цяпер у Баранавіцкім раёне.

Серада скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. Працаваў ветэрынарам у Мінскай губерніі (1907—1911), выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы. Яшчэ да Першай Сусветнай вайны ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду — першую беларускую партыю. У снежні 1917 года ўдзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе, які пачаў працу 14 снежня ў Мінску. 16 снежня быў абраны старшынёй Усебеларускага з’езда. Пасля разгону з’езда бальшавікамі быў арыштаваны разам яшчэ з 27 актыўнымі ўдзельнікамі.
20.02.1918 г. выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда сфарміраваў першы беларускі ўрад — народны сакратарыят. Серада быў прызначаны сакратаром (міністрам) народнай гаспадаркі. З 9 сакавіка да 14 мая 1918 года ён абраны старшынёй Рады БНР. Пад яго кіраўніцтвам Рада БНР на пасяджэнні ў ноч на 25 сакавіка 1918 г. большасцю галасоў прыняла Трэцюю Устаўную грамату. У ёй абвяшчалася незалежнасць Беларусі.

З ліпеня Серада займаў пасаду старшыні народнага сакратарыята і быў народным сакратаром замежных спраў да 11 лістапада 1918 года.

РЕКЛАМА

Працаваў у Наркамаце земляробства БССР, быў навуковым супрацоўнікам і загадчыкам бібліятэкі Інбелкульта, арганізатарам і дырэктарам Мінскага ветэрынарна-заатэхнічнага тэхнікума (1923—1924 гг.), дацэнтам БСГА ў Горы-Горках (ліпень 1925 — снежань 1929 гг.), навуковым супрацоўнікам Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі (з 1927 г.).

4 ліпеня 1930 быў арыштаваны па справе выдуманага «Саюза вызвалення Беларусі». Сасланы ў Яраслаўль тэрмінам на пяць гадоў. 7 снежня 1941 года быў вынесены паўторны прыгавор — 10 гадоў пазбаўлення волі. Янка Серада быў датэрмінова вызвалены з Краслага (Краснаярскі край) 19 лістапада 1943 года. Далейшы лёс гэтага чалавека невядомы. У 1988 годзе ён быў рэабілітаваны.

Моўчадзь

Не так даўно стаў вядомы дакумент, у якім жыхары Моўчадзі звярнуліся да ўрада БНР з просьбай адкрыць у мястэчку беларускую школу.

Грамадзян Моўчадзкаго Обчэства
Прыгавор
Ліпня 7 дня 1918 года. Мы ніжэйпадпісаныя грамадзяне-беларусы мястэчка Моўчадзі, лічучы канечне патрэбнаю дзеля нашых дзяцей школу з навучаннем у роднуй беларускуй мові і з выкладаннем нямецкае мовы, просім свайго сябра Аляксандра Данілевіча 1) звярнуцца да Беларускаго Сэкрэтарыяту у Менску, альбо да Беларускаго Прэдстаўніцтва ў Вільні с тым, каб нам выслалі вучыцеля беларуса, добра ведаючага апроч свае нямецкую мову, а калі ні знойдзецца такога, то асобнаго вучыцеля нямецкае мовы і 2) звярнуцца ў Камендатуру м. Моўчадзі аб адводзе нам прыгоднаго дома дзеля школы і дзеля кватэры вучыцеля.
С свайго боку мы згаджаемося падвязці казённых дроў і даць вучыцелю ад вучня за кожны месяц навучання па 1 марцы і дадатак да пэнсіі ад Сэкрэтарыяту Прасветы.

Грамадзяне м. Моўчадзі
Иван М. Куляко, Игнатій Толкач, Иван Толкач, Осип Сосновскій, Александр Гируль, Иван Богуш, Трофим Курбека, Иван Дейколо, Шалам Константин, А. Данілевіч, Владимир Олехнович

У Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва, ф. 3, воп. 1, адз. захав. 133, арк. 50.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up