Автор: Алена ЗЕЛЯНКО

12:36, 24 марта 2018

Общество

remove_red_eye 2594

Як у Баранавiчах у мінулыя гады святкавалi Дзень Волi

2001 год. Мітынг «За дабрабыт, за годнасць, за правы». Фота: архіў Сяргея ГОЎШЫ

Напярэдадні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі Intex-press пагутарыла з баранавіцкімі актывістамі і даведалася, як раней святкавалі Дзень Волі ў нашым горадзе.

Пачатак 90-х: святкавалi на дзяржаўным узроўнi

Развал CCCР, дэфiцыт, многiя прадукты можна набыць толькi па талонах. Нягле-
дзячы на эканамічныя цяжкасці ў пачатку 90-х гадоў, успамiнаюць субяседнiкi, гадавiны абвяшчэння незалежнасцi БНР святкуюць «ярка, запамiнальна», i ўлады гэтаму не перашкаджаюць.

– У краiне былi зацверджаны нацыянальныя сiмвалы, i святкаванне адбывалася на дзяржаўным узроўнi, – успамiнае Вiктар Мязяк, якi на той час быў членам партыi БНФ.
У 1993 годзе па ініцыятыве баранавіцкіх партый і суполак 75-годдзе БНР у нашым горадзе адзначылі ў вялікай зале мастацкай школы (цяпер гэта будынак гарвыканкама). На свята былі запрошаны дэпутаты Вярхоўнага Савета, прысутнічалі кіраўнікі баранавіцкіх прадпрыемстваў і старшыні прафкамаў. Дактары навук з Мінска прачыталі лекцыі аб гэтай гістарычнай падзеі, выступілі хор настаўнікаў і мастацкія калектывы города.

– Гэта было першае і самае яркае святкаванне ўгодкаў БНР у нашым горадзе, – кажа Вячаслаў Болбат, які на той час быў кіраўніком гарадской арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі і сябрам Таварыства беларускай мовы.

РЕКЛАМА

Яўген Даўгiловiч (быў членам БНФ) успамiнае, што некаторыя баранавiцкiя актывiсты ездзiлi на Дзень Волi ў Мiнск.

– Ніхто ніякага дазволу, каб адзначыць гэтае свята, не патрабаваў. Не тое, што зараз. Мы проста сядалi ў электрычку, ехалi да Мінска і там выходзiлi на вулiцы, на плошчу, – успамiнае Даўгiловiч. – Да гэтага дня рыхтавалiся загадзя: шылі сцягі, малявалi плакаты. Нi ў кога нават думкi не было, што свята могуць забаранiць.

Другая палова 90-х: аднолькава і ўсё больш рызыкоўна

З 1994 года, пасля выбараў першага прэзiдэнта Беларусi, святкаванне Дня Волi пайшло на спад.

– У краiне зацвердзілі двухмоўе, адмянілі гiстарычныя нацыянальныя сiмвалы, i з кожным годам святкаванне ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР станавiлася ўсё больш рызыкоўным, – расказвае Вiктар Мязяк. – Людзi пачалі баяцца звальненняў з працы, арыштаў.

Некалькi гадоў Дзень Волі праходзіў ў Баранавічах аднолькава: канцэрт у адным з гарадскіх Дамоў культуры ці ў Доме афіцэраў, пікет у маладым парку і ўскладанне кветак да Крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Толькі ў 1998 годзе – на 80-я ўгодкі БНР – свята адзначылі больш шырока.
– Мы дабіліся таго, каб нам выдзелілі памяшканне ДКТ. Перад прысутнымі выступілі гісторыкі, для студэнтаў арганізавалі брэйн-рынг, – успамінае Вячаслаў Болбат.

2001 год. Мітынг «За дабрабыт, за годнасць, за правы». Фота: архіў Сяргея ГОЎШЫ

2001 год. Мітынг «За дабрабыт, за годнасць, за правы». Фота: архіў Сяргея ГОЎШЫ

Пачатак 2000-х: «падзея выключна апазіцыйная»

Удзельнікаў святкавання дня незалежнасці БРН становіцца яшчэ менш. У 2000 годзе ў парку імя 30-годдзя УЛКСМ адбыўся мітынг, на які прыйшлі каля 150 чалавек. У асноўным – моладзь з плакатамі супраць ваеннага саюза з Расіяй.

2002 год. Мітынг, прысвечаны 82-й гадавіне БНР у парку імя 30 год УЛКСМ. Фота: архіў Яўгена ДАЎГІЛОВІЧА

2002 год. Мітынг, прысвечаны 82-й гадавіне БНР у парку імя 30 год УЛКСМ. Фота: архіў Яўгена ДАЎГІЛОВІЧА

2002 год. Пікет, прысвечаны 84-годдзю БНР. Фота: архіў Яўгена ДАЎГІЛОВІЧА

2002 год. Пікет, прысвечаны 84-годдзю БНР. Фота: архіў Яўгена ДАЎГІЛОВІЧА

У 2001 годзе ў Баранавічах ладзіцца адзіны ў Беларусі дазволены мітынг «За дабрабыт, за годнасць, за правы». Удзел у ім прымаюць каля 100 чалавек.

– Улады рабілі ўсё, каб гэтае свята ўспрымалася як падзея выключна апазіцыйная, а не гістарычная, – разважае Яўген Даўгiловiч.

Больш шырока, успамінаюць субяседнікі, адзначалася ў 2003 годзе 85-я гадавiна БНР. Напярэдадні свята, 22 сакавіка, сябры БНФ у парку імя 30-годдзя УЛКСМ праводзяць мітынг, а 25 сакавіка ў вялікай зале ДКТ адбылася імпрэза «Беларусь – наша слаўная Радзіма», у якой прынялі ўдзел усе дэмакратычныя партыі і грамадскія аб’яднанні таго часу. Пасля дакладаў прайшоў канцэрт з удзелам творчых калектывау горада, музычнага вучылішча, педагагічнага каледжа, СШ №17. Студэнты Баранавіцкага філіяла інстытута кіравання паставілі спектакль «Паўлінка».

25 сакавіка 2004 года моладзевая незарэгістраваная арганізацыя «Зубр» вывесіла над дзевяціпавярховым домам каля ЗАГСа бел-чырвона-белы сцяг, баранавіцкія актывісты наведалі могілкі «Русіно», дзе ўсклалі кветкі да магілаў прыхільнікаў незалежнасці Беларусі, прынеслі бел-чырвона-белы вянок да Крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Апошнiя гады: цiхае ўскладанне кветак і штрафы

19 сакавіка 2008 года баранавіцкiя грамадскія актывісты занеслі кіраўнікам гарвыканкама, КДБ, пракуратуры і суда паштоўкі з віншаваннямі з 90-годдзем БНР.

– Мы хацелі нагадаць пра гэтае вялікае свята, – кажа Вячаслаў Болбат.

Непасрэдна ў Дзень Волі, 25 сакавіка, у цэнтры горада міліцыя затрымала 15 чалавек. Людзей абвінавацілі ў несанкцыянаваным шэсці – яны рухаліся з вянкамі і разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі ад фантана на плошчы Леніна да Крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій. 11 удзельнікаў шэсця правялі ноч у камерах, а раніцай актывістаў аштрафавалі.

– Штрафы былі вялiкiмі. Але што нас прыемна здзiвiла: у пратаколах напісалi, быццам мы былі затрыманы за несанкцыянаванае святкаванне 90-годдзя БНР, а не за хулiганку, як пісалі да гэтага, – успамiнае Віктар Мязяк.

З 2009-га па 2011 год святкаванне Дня Волi ў Баранавічах зводзiцца да ціхaга ўскладання кветак да Крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій і наведвання магіл беларускіх патрыётаў.
Апошнiя гады баранавiцкiм актывiстам, каб адзначыць чарговую гадавіну славутай даты, даводзілася ездзіць у Мінск.

РЕКЛАМА

– У 2008 годзе, калі мы з цяпер пакойным Вiктарам Сырыцам сядзелi ў камеры пасля шэсця на 90-годдзе БНР, мы марылi, што на стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі будзем стаяць на плошчы ў цэнтры нашага горада i ўлады будуць разам з намi. Цi збудуцца нашы мары, пабачым 25 сакавiка, – кажа Вiктар Мязяк.

"Дзень Волi – неафiцыйнае свята, якое адзначаецца 25 сакавiка. Яно прысвечана прыняццю ў 1918 годзе Трэцяй Устаўной граматы Рады БНР, якая абвясцiла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублiкі.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up