Новости / Спадчына

БНР: 7 найбольш часта задаваемых пытанняў

24.03.2018, 16:47 / remove_red_eye 535 / chat_bubble

25 сакавіка 2018 года Беларусь адзначае 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Напярэдадні гэтай даты Intex-press падрыхтавала адказы на самыя часта задаваемыя пытанні пра БНР.

БНР: 7 найбольш часта задаваемых пытанняў

1. Што такое БНР?

Беларуская Народная Рэспубліка (скарочана БНР) — беларуская дзяржава, якая праіснавала з сакавіка 1918 года да снежня 1918 года, а затым ўрад БНР працягнуў сваю дзейнасць у эміграцыі.

25 сакавіка 1918 года ў акупаваным немцамі Мінску Рада БНР прыняла Трэцюю Устаўную грамату, якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР заявіла, што Брэсцкая мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму прасіла перагледзець яе ўмовы.

Немцы ў адказ забаранілі Раду БНР. Аднак органы ўлады працягвалі дзейнічаць у Беларусі, а потым у эміграцыі. Рада БНР на чале з Івонкай Сурвілай існуе і сёння ў замежжы.
Абвяшчэнне БНР прымусіла бальшавікоў, якія адразу не прызнавалі беларусаў за нацыю, стварыць БССР. 30 снежня 1918 года ў Смаленску на VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б) прынялі пастанову аб стварэнні самастойнай сацыялістычнай рэспублікі. 1 студзеня 1919 года быў абнародаваны Маніфэст, які абвясціў аб утварэнні БССР.

РЕКЛАМА

2. Ці было абвяшчэнне БНР законным?

Пасля лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі актывізаваліся беларускія нацыянальныя сілы, якія ўтварылі Цэнтральную раду. 5 снежня 1917 года ў Мінску пачаўся Першы Усебеларускі кангрэс, на які прыехалі 1872 дэлегаты з усіх этнічных беларускіх земляў — ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Ніводны іншы народ былой імперыі ў той час не змог сабраць такі прадстаўнічы з’езд.

У ноч на 18 снежня бальшавікі разагналі кангрэс. Але дэлегаты паспелі прагаласаваць за самавызначэнне Беларусі. Абраная дэлегатамі Рада Усебеларускага кангрэса мела ўсе юрыдычныя паўнамоцтвы на далейшую пабудову дзяржавы. І таму 25 сакавіка 1918 года выканкам Рады Усебеларускага кангрэса абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку. Працэдура тая была юрыдычна бездакорнай.

3. Якія былі межы ў БНР

Межы краіны згадваліся ў Трэцяй Устаўной грамаце Рады БНР: «Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае колькасную перавагу беларускі народ, а менавіта: Магілёўшчыну, беларускія часткі Міншчыны, Гарадзеншчыны (з Гародняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губерній, населеных беларусамі».

У кастрычніку 1918 года Рада БНР даслала рэйхсканцлеру Германіі пратэст на прэтэнзіі Польшчы на беларускія землі – Гродна, Беласток і Брэст.

4. На якія сродкі існавалі органы ўлады БНР?

Спачатку Урад БНР існаваў на грошы з казны, якую мінскія чыгуначнікі не далі вывезці бальшавікам падчас уцёкаў. Аднак немцы канфіскавалі тыя грошы. У лютым 1919 г. беларускі ўрад, які знаходзіўся ў той час у Гародні, атрымаў ад украінскага ўрада пазыку ў памеры 4 млн карбованцаў. Частка грошай пайшла на стварэнне дыпмісій БНР у замежжы, на выданне газет і на новыя школы.

5. Як немцы паставіліся да БНР?

Германія не прызнала незалежнасці БНР і разглядала яе як тэрыторыю Расіі. Праз некалькі дзён пасля ўваходу ў Мінск немцы знялі беларускі сцяг з будынка, дзе засядаў урад. У красавіку 1918-га забаранілі дзейнасць народнага сакратарыята.

Аднак у чэрвені 1918-га немцы пагадзіліся мець дарадчыкаў БНР пры палявых камендатурах. Калі ж урад БНР аб’явіў нядзейнымі на тэрыторыі Беларусі пастановы савецкай Расіі, нямецкія ўлады дазволілі народнаму сакратарыяту займацца пытаннямі гандлю, прамысловасці, сацыяльнай апекі, культуры і асветы.

6. Якія краіны прызналі незалежнасць БНР?

У 1919–1920 гг. БНР прызналі Германія, Латвія, Літва, Эстонія, Чэхаславакія, Балгарыя, Фінляндыя, Турцыя, Украіна. У гэтых краінах працавалі беларускія дыпламатычныя і вайскова-дыпламатычныя місіі, консульствы і прадстаўніцтвы.

7. Якая дзяржаўная сімволіка і мова была ў БНР?

У 1918 годзе Рада БНР зацвердзіла ў якасці дзяржаўнай сімволікі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Упершыню гэты сцяг быў узняты 19 лютага 1918 года над будынкам губернатарскага дома ў Мінску пасля выгнання з горада бальшавікоў.

У красавіку 1918 года народны сакратарыят БНР пастанавіў прызнаць беларускую мову дзяржаўнай і весці на ёй усю дакументацыю ў краіне.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up