Автор: Алена ЗЕЛЯНКО

14:45, 22 марта 2018

Город

remove_red_eye 2895

Як у Баранавічах будуць святкаваць Дзень Волі-2018

Мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю БНР, пройдуць 25 сакавіка ў Дзіцячай музычнай школе і ў парку імя 30 год УЛКСМ. Арганізатары запланавалі музычныя нумары, выступы гісторыкаў, фотазоны, выставу-продаж вырабаў рамеснікаў.

Пачнецца свята ў 12 гадзін ў парку імя 30 год УЛКСМ (малады парк). Мерапрыемствы тут ладзіць рух «За свабоду». Каардынатар гэтага руху па Брэсцкай вобласці Юрый Казакевіч кажа, што для гасцей свята будуць арганізаваны выстава-продаж вырабаў рамеснікаў, майстар-класы, выступы гісторыкаў і музычных гуртоў, фотазона і іншае. Дасягнута дамоўленасць аб выступленні беларускага барда Зміцера Бартосіка. Яго выступ пачнецца прыблізна ў 14 гадзін 30 хвілін. Галоўным дакладчыкам па гісторыі БНР будзе кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў.

– Прыход на свята ў нацыянальным адзенні і з нацыянальнай сімволікай вітаецца, – кажа Юрый Казакевіч.

Плануецца, што мерапрыемствы працягнуцца да 16 гадзін.

РЕКЛАМА

У 15 гадзін у Дзіцячай музычнай школе мастацтваў (вуліца Горкага, 20) пачнецца ўрачысты сход, арганізаваны Баранавіцкай гарадской арганізацыяй ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны». Па словах арганізатараў, на мерапрыемстве выступіць гісторык Анатоль Сідарэвіч, прадстаўнікі музычнай вучэльні прадэманструюць музычныя нумары, член ТБМ Вячаслаў Болбат прачытае паэму «Спадчына».

Пачнецца свята з малітвы за Беларусь, скончыцца – фанаграмай «Магутны Божа». Абмяркоўваецца магчымасць выступлення з віншавальнымі словамі прадстаўніка гарвыканкама, гурта «Фэст». Уваход на свята будзе арганізаваны па запрашальных білетах, якія можна атрымаць у арганізатараў (нумары тэлефонаў: 029-318-84-39, 029-338-03-10, 029-726-52-35).

Як у іншых гарадах

У Брэсце ўлады далі дазвол на правядзенне вулічнага фестывалю «100 год БНР». Ён адбудзецца 25 сакавіка на плошчы Свабоды, пачатак – у 12 гадзін. Арганізатары ладзяць святочны мітынг з удзелам прадстаўнікоў гарадскіх уладаў, грамадскіх дзеячаў і гісторыкаў, канцэрт, выставу-продаж нацыянальнай сімволікі, кнігарню, «Кірмаш Валанцёрства» ад грамадскіх арганізацый і валанцёрскіх ініцыятыў горада, майстар-класы для дзяцей і дарослых ад беларускіх рамеснікаў, фотазону ад прадстаўнікоў рэканструктарскіх клубаў і іншыя мерапрыемствы.

У Мінску на плошчы каля Вялікага тэатра оперы і балета 25 сакавіка адбудзецца фестываль «Свята Незалежнасці». Пачнецца свята ў 13 гадзін выступамі гуртоў «Мутнаевока» і Amaroka. Запланаваны тэатральна-музычная праграма з удзелам акцёраў «Свабоднага тэатра», выступы Ігара Варашкевіча і гурта «Крама», Пятра Клюева з беларускамоўнымі хітамі XXI стагоддзя, лідара гурта «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага, гуртоў Akute, «РСП», Dzieciuki і іншых выканаўцаў.

Падчас фестывалю будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі («Вуліца БНР», «Ежа БНР», «Кірмаш БНР» і іншыя). Спонсары фестывалю правядуць розыгрыш прызоў, Лявон Вольскі прэзентуе песню, прысвечаную 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Галоўная пляцоўка фестывалю будзе абсталявана вялікімі экранамі з трансляцыяй выступаў гасцей і музыкаў на сцэне, відэавіншаваннямі ад знакамітых беларусаў з усяго свету, праектаваннем тэкстаў песень падчас «Спеўнага сходу» і іншай святочнай візуалізацыяй.

 

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up