Новости / Общество

Першы крок да БНР: роўна 100 гадоў таму была абвешчана Першая Устаўная грамата

21.02.2018, 9:45 / remove_red_eye 258 / chat_bubble

21 лютага 1918 года была абвешчана Першая Устаўная (статутная) грамата БНР.

Першы крок да БНР: роўна 100 гадоў таму была абвешчана Першая Устаўная грамата

Фота: francis-maks.livejournal.com

Крыху гістарычнага кантэксту. 18 лютага пасля зрыву перамоваў у Брэсце немцы пачалі наступ на ўсход, а ў ноч на 19 лютага бальшавікі ўцяклі з Менска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, а з турмы — дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай камісіі. У гэты час актывізаваліся і польскія нацыянальныя сілы. У выніку беларусы і палякі сталі дзяліць горад на дзве часткі: беларусы кантралявалі паўночна-заходнюю частку з плошчай Свабоды, а польскія аддзелы кантралявалі поўдзень і ўсход з вуліцамі Бабруйскай, Захар’еўскай (сённяшні праспект Незалежнасці), Скобелеўскай (Чырвонаармейскай), Гандлёвай, Ніжняй і Верхняй Ляхаўкі (сёння раён вуліцы Кастрычніцкай), вакзал, паведамляе «Наша Нiва».

Аднак першыя нямецкія аддзелы пачалі ўваходзіць у Менск 21 лютага, праз чатыры дні горад цалкам апынуўся пад іх уладай. У гэтых умовах Выканкам Рады Усебеларускага з’езда 21 лютага звярнуўся да народаў Беларусі з Першай Устаўной граматай: «Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы… Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі».

Фота: «Наша Нiва»

Фота: «Наша Нiва»

Аўтары дакумента адзначалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляй народаў, якія насяляюць край. Гэта мусілі ажыццявіць шляхам дэмакратычных выбараў ва Усебеларускі ўстаноўчы сойм.

РЕКЛАМА

Грамата была падпісаная Язэпам Варонкам — старшынёй створанага днём раней Народнага сакратарыята Беларусі — часовага выканаўчага органа народнай улады. У склад сакратарыята таксама ўвайшлі Палута Бадунова, Тамаш Грыб, Кастусь Езавітаў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Аркадзь Смоліч.

Тэкст граматы быў расклеены па ўсім Менску. Упершыню ў ёй не згадвалася неабходнасць заставацца ў складзе Расіі, але і пытанне БНР таксама не краналася. Магчыма, гэта было памылкай.

Немцы не прызналі стварэння беларускіх органаў улады і занялі сядзібу Народнага сакратарыята, выгналі адтуль урад, а з будынка скінулі бел-чырвона-белы сцяг, фінансавыя сродкі канфіскавалі і пазней не вярнулі. Праўда, у канцы лютага дзейнасць Народнага сакратарыята была дазволена ў рамках беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва.

У пачатку сакавіка чарговы раз змянілася міжнародная сітуацыя.

3 сакавіка немцы і бальшавікі заключылі дагавор, за немцамі заставалася заходняя і паўночна-заходняя часткі Беларусі, бальшавікі мусілі атрымаць цэнтральную і ўсходнюю Беларусь, на паўднёвыя землі прэтэндавала УНР. Немцы таксама паабяцалі бальшавікам не прызнаваць ніякіх дзяржаў на акупаваных тэрыторыях, якія пасля 3 сакавіка 1918 г. абвясцілі пра сваю незалежнасць.

У такіх умовах 9 сакавіка Народны сакратарыят абнародаваў Другую Устаўную грамату, у ёй у межах рассялення беларускага народа абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка.

Часова заканадаўчую ўладу ў БНР брала на сябе Рада Усебеларускага з’езда. Абвяшчаліся правы і вольнасці грамадзянаў і народаў Беларусі: свабода слова‚ друку‚ сходаў‚ забастовак; свабода сумлення, роўнасць усіх моў. Была скасаваная прыватная ўласнасць на зямлю, устаноўлена працягласць рабочага дня 8 гадзінаў.

18 сакавіка Рада Усебеларускага з’езда была перайменаваная ў Раду БНР.

25 сакавіка ў акупаваным немцамі Мінску была абвешчана Трэцяя Устаўная грамата, што абвясціла незалежнасць БНР, разарвала «усе сувязі з Расіяй» і пратэставала супраць умоў Брэсцкага міру. Немцы Раду БНР разагналі, з канца сакавіка дазволілі дзейнічаць у рамках нацыянальнага прадстаўніцтва і апекавацца народнай асветай, культурай і сацыяльным жыццём.

Паралельна актывізаліся беларускія сілы пры бальшавіках і пачалася падрыхтоўка да абвяшчэння БССР.

 

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up