Автор: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

10:30, 30 января 2018

Общество

remove_red_eye 541

«Такіх, як мы, у краіне ўжо сотні». Як у прамзоне беларускага райцэнтра майняць крыптавалюты ФОТАРЭПАРТАЖ

Фота: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

Цэнтр горада ўжо праехалі. Мяне вязуць да прамысловых ускраін праз прыватны сектар. Цеплатраса, бясконцы бетонны плот ПО-2 «з ромбікамі», нейкі чыгуначны пераезд і аб’явы аб куплі валасоў. Тыповы індустрыяльны краявід любога беларускага горада. Едзем на ферму.

На ўмовах ананімнасці мне дазволілі паназіраць за працай невялікай крыптавалютнай майнінгавай устаноўкі — «фермы». Здымкі дазволілі, але без апазнавальных дэталяў. ВГ (замест імёнаў — крыптонімы) спыняе машыну, уваходзім на тэрыторыю прамзоны і за намі зачыняюцца вароты. Будынак просяць не здымаць. Гэта невялікі шэры бетонны ангар. У такіх звычайна адкрываюць СТА, тартак ці склад, пiша «Наша Нiва».

Фота: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

Фота: Сяргей Гудзілін, «Наша Нiва»

АБ, яшчэ адзін «майнер», ужо ў ангары расказвае чаму мы тут. У 2016 годзе яны сабраліся ў «калектыў з 4—5 чалавек» і кожны ўклаў уласныя сродкі ў «майнінг» (ад анг. Mining — здабыча карысных выкапняў). Ферма, на якой мы цяпер, — толькі частка іх магутнасцяў. Памер «інвестыцый», а прасцей — выдаткі на набыццё мноства камп’ютарнага жалеза, гэтых «ІТ-партызанаў» можна параўнаць з коштамі на двух- ці трохпакаёвыя кватэры ў раёне ПВТ.

Дакладныя лічбы — камерцыйная таямніца. Гэта сур’ёзны ўзровень для правінцыйнага беларускага горада, дзе галоўным інвестпраектам для шмат каго з’яўляецца купля патрыманага аўто.

РЕКЛАМА
Фота: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

Фота: Сяргей Гудзілін, «Наша Нiва»

Памяшканне фермы месціцца ў канцы ангара і адгароджана сценкамі гіпсакардону. Яго плошча — каля двух квадратных метраў. У астатняй прасторы, як я зразумеў, працуюць «рабацягі»: зваршчыкі, механікі, токары.

Атрымліваецца вельмі кантраснае суседства двух генерацый працоўнага класа: глабальнага электроннага і лакальнага механістычнага. Калі абагульняць, то майнеры — тыя самыя «рабацягі» толькі для пэўнай крыптавалюты і, як ні дзіўна, гарант яе існавання.

АБ атвёрткай выкручвае шрубу, яна выконвае функцыю замка, і адчыняе самаробныя драўляныя дзверы. За імі шуміць і міргае абсталяванне, хайп ад якога ў інтэрнэце не сціхае ўжо некалькі гадоў. Проста для сябе прагаворваю гэта яшчэ раз:

крыптаферма ў беларускім правінцыйным горадзе замыкаецца на шрубу.

ІТ-тэхналогіі ў гэтай краіне сапраўды глыбока праніклі ў жыццё.

Фота: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

Фота: Сяргей Гудзілін, «Наша Нiва»

Для працы фермы трэба шмат электраэнергіі і доступ у інтэрнэт. І гэта адна са складанасцяў гэтага занятку, кажа АБ. Кожны калектыў шукае «сваю схему». Нехта электрычнасць крадзе, падлучаючыся да электрасетак, нехта бярэ ў арэнду цэх прадпрыемства, дзе вялікі расход няўлічанай энергіі, нехта майніць у мамы на балконе…

За дзвярыма гіпсакардоннага каркаса, расказвае АБ, стаіць пяць «рыгаў» (анг. rig — прылада, рыштунак). Рыг і ёсць ферма, у выглядзе каркаса з дрэва ці металу, на якім замацаваны відэакарты, блокі сілкавання і іншае абсталяванне. Адзін такі «рыг» у нас, кажа АБ, спажывае за месяц у 20 разоў больш электрычнасці, чым сям’я з 3—4 чалавек ў гарадской кватэры. Такіх установак тут — 5. Лічыце самі.

Фота: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

Фота: Сяргей Гудзілін, «Наша Нiва»

Пытаюся ў прысутных пра выказванне Кірыла Рудага, які прапанаваў майнерам загрузіць энергасістэмы беларускай АЭС. АБ не бачыць тут навіны: «Гэта рэальная і працуючая ідэя, так адбываецца, напрыклад, у Кітаі [Руды — пасол Беларусі ў КНР], дзе побач з электрастанцыямі хутка ўзводзяцца фермы. АБ дапускае, што нешта падобнае магчыма і ў нас — арэнда, ільготныя тарыфы і г.д.

Але ўсе ў калектыве упэўненыя — дзяржаве трэба дзейнічаць нашмат хутчэй, трэба ствараць падзаконныя акты пад «лічбавы» дэкрэт ды адаптаваць заканадаўства пад патрэбы электроннай эканомікі. Большасць беларускіх чыноўнікаў наўрад ці разумее, пра што ідзе гаворка, канстатуе АБ.

Фота: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

Фота: Сяргей Гудзілін, «Наша Нiва»

На ферме пачынаецца «тэхнічнае абслугоўванне»: клініг, праверка і замена абсталявання. Прамысловым пыласосам АБ збірае пыл, які асядае на відэакарты з-за актыўнасці «рабацяг» у асноўным памяшканні. Лепшага месца (па бяспецы і коштам за электрычнасць) майнеры пакуль не знайшлі.

«Наш узровень не параўнаць з кітайскімі фермамі», — рэзюмуе ВГ. «Такіх, як мы, якія майняць прыкладна на нашым узроўні, у Беларусі ўжо сотні калектываў. Больш за тысячу чалавек», — кажа АБ. Калі б мы, працягвае ён, напачатку не займаліся неэфектыўным трэйдынгам (купля-продаж крыптавалют на біржах), то ўжо акупілі б выдаткі і выйшлі б на прыбытак.

А так за год майнінгу мы вярнулі трохі больш за палову. Цяпер у камандзе ёсць чалавек, які займаецца аналізам рынку і пралічваннем найбольш паспяховых крыптавалют.

Фота: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

Фота: Сяргей Гудзілін, «Наша Нiва»

Найменняў крыптавалют на сёння ўжо некалькі сотняў, самая вядомая з іх — біткойн. Дарагое абсталяванне неабходна для пралічвання транзакцый. За гэта майнеры і атрымліваюць узнагароджванне. Памер вызначае сам алгарытм — усё залежыць ад вядомасці «крыпты».

Гэта і з’яўляецца прыбыткам у майнінгу. Яго можна захоўваць, прадаваць на біржах ці разлічвацца за паслугі. Калі згубяцца ключы-паролі ад электронных кашалькоў, то ўзнавіць доступ, як картку ў банку, ужо не ўдасца — інфацэнтра няма. Такія асаблівасці тэхналогіі блокчэйн, асновы якой былі распрацаваны на прыкладах размеркаваных баз дадзеных амаль 50 гадоў таму.

Фота: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

Фота: Сяргей Гудзілін, «Наша Нiва»

Транзакцыі з крыптавалютамі сапраўды дэцэнтралізаваныя і абмінаюць класічных грашовых пасярэднікаў у выглядзе банкаў і ўрадаў. Крыніц выпуску (эмісій) крыптавалют можа быць колькі заўгодна. Іх «грашовая масса» — стабільная лічба, а большая іх частка «намайніваецца» тэхнагікамі яшчэ да хвалі хайпу.

Ёсць меркаванні, якія бачаць у гэтым класічную бурбалку МММ, толькі без выдаткаў на друк білетаў і рэкламу пра Лёню Галубкова. На іншым флангу — тэзісы пра эканоміку будучыні, інвеставанне, рэкламу дадатковага прыбытку, аналогіі з каштоўнымі металамі і тысячы кВт-гадзін электраэнергіі.

Фота: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

Фота: Сяргей Гудзілін, «Наша Нiва»

Усе ўласнікі фермы разумеюць, што з’яўляюцца часткай тэхналагічнага ланцужка і іх прыбытак — гэта рашэнне, прынятае ў правільны час. У свеце ўжо ёсць сотні спекулятыўных «крыптабірж», ёсць неактыўныя электронныя валюты, нестабільны курс біткойна і завышаныя цэны на відэакарты.

РЕКЛАМА

Усе майнеры разумеюць рызыкі, але губляюць яны толькі ўласныя грошы. Усе яны навучыліся зарабляць і губляць без удзелу дзяржавы. Нягледзячы на тое, што ўсе суперсучасныя навінкі і прарыўныя тэхналогіі трымаюцца тут на адной шрубцы.

Фота: Сяргей Гудзілін, "Наша Нiва"

Фота: Сяргей Гудзілін, «Наша Нiва»

Читать также

Поможем Александру жить!

3 часа назад remove_red_eye 1642
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up