Автор: Карына БАРАБАШ

17:44, 20 декабря 2017

Культура

remove_red_eye 621

Паэт Аляксей Белы: «Самая вялікая мара – пайсці ў акіян»

Баранавіцкі паэт Аляксей Белы. Фота: Intex-press

Пра тое, хто паўплываў на яго творчасць і як сумяшчаць працу з мастацтвам, што такое сапраўдная дружба і ў якія падарожжы хоча схадзіць з сябрамі, чым займаецца ў вольны час і чаму не адчувае ўзросту – у дзень свайго 65-годдзя Intex-press распавёў баранавіцкі паэт і журналіст Аляксей Белы.

Дзень нараджэння

Я нарадзіўся 20 снежня 1952 года, але афіцыйна маці пазначыла дату майго нараджэння на 2 студзеня 1953 года. У той час прызывалі ў армію адзін раз на год, і маці хацела, каб мяне забралі ў войска на год пазней. Але атрымалася па-іншаму: у мой год прызывалі двойчы і, калі мне споўнілася 18 год, мяне забралі служыць.

З дзяцінства мы з сям’ёй святкуем дзень майго нараджэння 20 снежня – тады, калі я на самой справе нарадзіўся. Бывае, што ў сацсетках маю дату нараджэння выбівае 2 студзеня, і тады знаёмыя, што запазніліся з віншаваннямі 20 снежня, віншуюць мяне. Але такіх няшмат, большасць маіх сяброў і прыхільнікаў творчасці ведаюць, калі насамрэч у меня дзень народзінаў.

Дзяцінства

Мая радзіма – вёска Міхнавічы ў Івацэвіцкім раёне. Дадому стараюся прыязджаць часта. Але бывае, што мае родзічы крыўдуюць, што ехаць не так далёка, а я ўсе ніяк не наведваюся да іх.

РЕКЛАМА

Памятаю, калі мне было 14 год, да нас прыехала геалагічная група. Тады, каб мяне ўзялі ў камандзіроўку, я сказаў, што мне 16 год, і паехаў з геолагамі. Менавіта там я ўпершыню пачуў песні бардаў Юрыя Візбара, Уладзіміра Высоцкага і прычыніўся да той культуры, пра якую раней не ведаў і не чуў. Зараз я таксама з задавальненнем слухаю гэтыя песні, а калі ёсць магчымасць, выязджаю на канцэрты. Напрыклад, нядаўна я быў на канцэрце адной маскоўскай эпатажнай паэткі Юліі Саламонавай, якая выступае пад псеўданімам Сола Монава. Яна цудоўна чытае свае творы, і, хоць у яе вершах ёсць ненарматыўная лексіка, слухаю яе з цікавасцю.

Праца і творчасць

Я скончыў мараходнае вучылішча, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «філолаг» і Кіеўскі інстытут паліталогіі, дзе вучыўся на журналіста.

Працаваў матросам, памочнікам капітана цеплахода, слесарам. У 1977 годзе я пераехаў у Баранавічы і працаваў журналістам у газеце «Знамя камунізму». Пасля быў галоўным рэдактарам газет «Текстильщик», «Шаг» і намеснікам галоўнага рэдактара газеты Intex-press.

Мае першыя літаратурныя спробы былі ў сёмым класе, але гэта нельга было назваць вершамі. Першыя публікацыі з’явіліся ў 1971 годзе, тады яшчэ я пісаў на рускай мове. Але на беларускую мову я лёгка перайшоў. Родная мова – гэта мае карані, мая радзіма, і інакш быць не можа.

У Баранавічах я уступіў у літаратурнае аб’яднанне «Плынь», там было многа выбітных людзей, сярод якіх Венанцы Бутрым і Анатоль Станкевіч. Яны шмат чаго раілі і падказвалі мне. Першым маім літаратурным крытыкам быў адзін з маіх суродзічаў – Мікалай Кульгавеня, які таксама даў парады і пазнаёміў з паэткай Данутай Бічэль-Загнетавай.

Упэўнены, што ад жанчыны, якая побач, шмат чаго залежыць, асабліва ў творчасці. Мая жонка Алена аказвае вялікі ўплыў на маю творчасць. Яна выступала як рэдактар дзвюх маіх кніжак: правіла радкі, дапамагала падабраць рыфму. Я не з усім пагаджаўся, але прыслухоўваўся. Раней я заўсёды рэдагаваў вершы сам, а пасля зразумеў, што трэба, каб чалавек паглядзеў свежым вокам. Мая жонка таксама выпусціла кнігу вершаў, якая называецца «Кніга жонка паэта».

Фота: Intex-press

Фота: Intex-press

Першы зборнік маіх вершаў пад назвай «Тридцать второе августа» выйшаў у 1994 годзе. У ім быў цыкл беларускамоўных вершаў. Да другой кніжкі «Невольничьи песни» (1997) я падышоў яшчэ з большай адказнасцю.

Я выпускаю кнігі, каб людзі ведалі мае творы, чыталі іх: пісаць у шуфляду нецікава. Асэнсаванне таго, што я пішу нешта важнае, прыйшло не адразу. Прафесійным творцам я адчуў сябе тады, калі ўбачыў, што людзі цікавяцца маёй творчасцю, стаў сустракаць тых, хто ведае пра мяне як пра паэта.

Я лічу, што чалавек павінен працаваць над сабой і, каб працаваць над словам, павінен многа чытаць. Я чытаю кожны дзень: ранкам і ўвечары. Дома ў мяне ёсць вялікая бібліятэка, але я часта бываю ў мясцовых бібліятэках, дзе бяру розныя кнігі.

Мой любімы пісьменнік – Эрнэст Хемінгуэй. Асабліва падабаюцца яго творы «Астравы ў акіяне» і «Фіеста». Таксама чытаю беларускую паэзію: вершы Уладзіміра Някляева, Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. Больш за ўсё чытаю на беларускай мове. І сам сябе лічу беларускім паэтам, зараз я вельмі рэдка звяртаюся да творчасці на рускай мове.

Акрамя напісання вершаў я працягваю працаваць у журналістыцы, пішу артыкулы, калі ёсць час і тэма. Сумяшчаць працу і творчасць мне было нескладана. Гармонія будзе тады, калі з задавальненнем ісці і на працу, і дадому. Калі не атрымліваецца, то трэба падладжвацца.

Сябры

У мяне шмат сяброў як сярод мастакоў, так і сярод літаратараў, з якімі я многае прайшоў. Без сяброўства жыць немагчыма. Сапраўднае сяброўства відаць адразу. Нават калі чалавек вельмі заняты, ён усё роўна рады цябе бачыць, у любым выпадку. Тады і адчуваеш цеплыню чалавечых стасункаў. Нас з сябрамі яднае творчасць, і гэта нягледзячы на тое, кім яны працуюць: ці то токарам, ці то кавалём. У маім нататніку шмат адрасоў маіх сяброў, якіх я з задавальненнем кожны раз віншую са святамі.

Вандроўкі

Акрамя паэзіі я цікаўлюся турызмам: сплаўляўся па мясцовых і горных рэках, хаджу ў горы. Любоў да вандровак засталася з дзяцінства, калі мы з сябрамі хадзілі ў паходы. Калісьці я сплаўляўся па рацэ Чорны Чарамош, дзе парогі па два метры. Гэта быў такі адрэналін і рызыка, але і цуд.

Фота: Intex-press

Фота: Intex-press

Мне запомніўся паход на Эльбрус – гэта было экстрэмальна. Я не быў на вяршыні, але дайшоў да вышыні 4300 метраў. І мае сябры, якія яшчэ не хадзілі на Эльбрус, мараць схадзіць туды. Акрамя гэтага, мы з сябрамі былі на вяршыні Чагета (3761 метр), і я адзін схадзіў да вадаспаду «Дзявочыя косы». Больш за ўсё мне падабаецца хадзіць па родных мясцінах, асабліва на Браслаўшчыне. Праўда, сёлета я далёка не хадзіў.

Я быў у многіх мясцінах: у Францыі, Галандыі, Іспаніі, Швецыі і Швейцарыі, і мне хацелася б яшчэ шмат убачыць. Сябры запрашаюць мяне ў водныя паходы на Кольскі паўвостраў, у Карэлію, на Салавецкія астравы. Спадзяюся, што мне ўдасца там пабываць і я змагу здзейсніць свае мары. Вандроўкі і ўвогуле жыццё натхняюць мяне.

65 гадоў

Цяпер вольнага часу ў мяне стала больш. Раней я думаў, чым займуся, а ў выніку я шмат часу праводжу ў сваім родным доме, за якім даглядаю. Таксама ёсць мальберт, на якім я трошкі малюю. Маляванне – гэта занятак для душы, у гэтым творчым напрамку я дылетант.

Таксама планую дапрацаваць пару дзясяткаў сваіх вершаў, бо ў мяне дастаткова вершаў, якія не ўвайшлі ў папярэднія кніжкі. Пасля хачу заняцца макетаваннем сваёй восьмай кніжкі, каб выпусціць яе ў наступным годзе.

РЕКЛАМА

Я не адчуваю сябе на 65 гадоў. Памятаю, калі я ў свае 16 год глядзеў на намесніка начальніка нашай марской вучэльні, якому споўнілася 30, то думаў «Які стары дзядзька…» А мне зараз значна больш, і ў мяне яшчэ шмат планаў і задумак, якія я хацеў бы ажыццявіць. Самая вялікая мара – пайсці ў акіян, і я спадзяюся, што яна здзейсніцца.

 

Некалькі новых вершаў Аляксея Белага:

***
Не слухаўся анічыёй парады,
Узяў, паехаў, ні пра што не думаў…
Агонь ля мора, зоркі і цыкады
Мяне ратуюць ад зямнога тлуму.
…І цягнуцца аблокі, быццам здані,
І знічка мне пазначыць шлях на восень…
Загадваю найлепшае жаданне,
Нікому не сказаўшы – каб збылося!

***
…І твой сумнаваты ўздых,
Калі вязуць на машыне,
Што горы – для маладых,
Ва ўсякім разе – вяршыні.
Але ты таксама тут,
І, як і сябры, вясёлы.
І гэта вялікі цуд,
Калі яны так, наўкола!
…Унізе свежы пакос,
І хаты там. І прысады.
І п’еш ты з Дзявочых Кос,
Дайшоўшы да вадаспаду.
Прагоніш як трэба смагу.
Дзе скальны круты карніз,
Ну, а каб спусціцца ўніз,
Нальеш з сабою біклагу.
І ты забудзеш пра ўздых,
Што горы – для маладых.

***
Вясёлы жнівень, кветкі, зарапад,
Спрыяе гэтым летам нам Ўсявышні.
А перад Спасам выйсці ў ціхі сад,—
Сабраць парэшткі пераспелай вішні.
…У дальні край расчынена акно,
Таўкуцца па-над садам аблачыны.
А ў вішнях смак – нібыта п’еш віно
З мінуўшай ўзрост бальзакаўскі жанчынай!

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up