Автор: Алесь КІРКЕВІЧ, novychas.by

13:02, 11 декабря 2017

Спадчына

remove_red_eye 1576

«Сакратара сельсавета забілі, старшыня ўратаваўся…» – жыццё на вёсцы ў 1930–1950 гадах ва ўспамінах жыхара Верхняе Чэрніхава

Філарэт Рыгоравіч Януць. Усе фота: Алесь КІРКЕВІЧ, novychas.by

У вёсцы Верхняе Чэрніхава пад Баранавічамі мала што нагадвае пра старыя «панскія часы»: мабыць, адно прыдарожная капліца, прысады, сажалкі, вежа-капцільня ды фамільны грабовец Рдултоўскіх, дзе чалавечыя косткі сёння перамешаны з жывёльнымі. Мінулае сышло ў зямлю, але зямля памятае. І людзі — тыя, хто дажыў.

Філарэт Рыгоравіч Януць, ветэран вайны і карэнны мясцовы жыхар, што мае 92 гады, памятае багата. І пана, і панскую дачку, і галандцаў, што гаспадарылі ў маёнтку пры немцах, і паваенны супраціў… Дзіву даешся, як чалавечая памяць захоўвае тканіну мінуўшчыны — нешта зберагае да драбніц, нешта адмыслова выкрэслівае, нешта зашліфоўвае. Але захоўвае, пiша «Новы Час».

На падворку пана Філарэта ідэальны парадак, адчуваецца рука гаспадара, нават у такім узросце — значыць, і розум чысты. У хаце таксама ўсё па сваіх палічках. Цудоўная мова, заслухацца можна, ды не менш цудоўныя дыялектызмы: «сыбота», «млін», «аслабадзіць», «у башмакох», «кукарда» і г.д. Паноў Рдултоўскіх Філарэт Рыгоравіч упарта называе «Рудатоўскімі»: такі варыянт, мабыць, для мясцовага вуха больш мілагучны.

Зрэшты, дамо слова самому нашаму герою — лепш за яго не скажаш.

РЕКЛАМА
Капцільня маёнтка Рдултоўскіх — адзінае, што захавалася ад некалі заможнага фальварка.

Капцільня маёнтка Рдултоўскіх — адзінае, што захавалася ад некалі заможнага фальварка.

«Ад сходу да заходу…»

— Што вам запала ў памяць з часоў, як жылі «пад Польшчай»?

— Бацькі служылі ў памешчыка да 1939 года. Што ж, рабілі… з цямна да цямна. Як казалі, «ад сходу да заходу сонца». Раней, пры Польшчы, такая пастанова была: усходзіць сонца — на працу, заходзіць — з працы. А перапынак ад 12-й да 13.30, каб і людзі адпачылі, і скаціна. Бо ведаеце, гэта ж цэлы дзень рабіць! А зімой дзень меншы быў, але ўсё адно: ідзеш — цёмна, і прыходзіш — цёмна. Які там дзень…

Бацька і брат мой старэйшы (1923 года нараджэння. — Рэд.) на конях рабілі. Пан плаціў 6 пудоў зерня і 6 злотых на месяц. Нядзеля выходнай была, а заробак заўжды ў сыботу быў. Млін быў свой у пана. І калі тая сыбота на пачатку месяца, дык нікога на мліне няма лішняга, мелюць толькі для панскага маёнтку.

— А вы што рабілі?

— Мы малыя кароваў пасвілі: ад сходу да заходу. А раніцы ж, ведаеце, тады халодныя былі. А вясна — дык сапраўдная вясна, сонца! А як Саветы прыйшлі, то як на другі свет нарадзіліся. Ужо пайшоў 7-гадзінны працоўны дзень, адрабіў — адпачывай! Роскашы ўжо не было, другія правілы: маёнткі Рудатоўскіх і Слізнёвых — у саўгас…

— Дык а вам плацілі што?

— Я зарабляў 3 пуды і 3 злотых. Мама кароваў даіла панскіх, дык столькі ж мела. Я як мама зарабляў, атрымліваецца. А бацька з братам — 6 пудоў і 6 злотых. Хапала.

Філарэт Рыгоравіч распавядае пра колішні фальварак ды ўладальнікаў маёнтка.

Філарэт Рыгоравіч распавядае пра колішні фальварак ды ўладальнікаў маёнтка.

«Гарэлка танная толькі пры Саветах стала»

— А што на 3 злотых можна было набыць?

— Хлеба мы не куплялі, вядома, свой пяклі. Сала не куплялі, бо па 3–4 свінні мелі. Сям’я ж працуе — дык есці трэба добра. Па 2 каровы трымалі, а часам і адну, бо навошта столькі малака? Тады ж не здавалі, толькі для сябе. Масла, сыр — усё сваё мелі. Нам больш не трэба было. Куплялі адно соль, запалкі, керасін. Яно капейкі каштавала. А сала было па 50 грошаў за кілаграм. Карова каштавала 15 злотых, неважнецкая, 25 — добрая.

— Адзежу куплялі?

— Самі ткалі на кроснах, палатняныя кашулі рабілі, бялізну. А ў вёсцы яўрэй краму трымаў. Хочаш — касцюм, хочаш кашулю ў яго купляй. Ці дорага які пінжак каштаваў? Не ведаю, бо не насіў. Маці нам усё сама рабіла.

— А гарэлка прадавалася?

— Паўтара злотых — паўлітра, бутэлька. Пры Саветах ужо танная была: 2,5 ці 3 рублі… Танная вельмі пасля стала.

— А папіросы?

— Свой тытунь садзілі — самасад. Але таксама была махорка. Паліцыя правярала, бо не можна было! Але тайком садзілі людзі ўсё адно. Тытунёвыя вырабы дарагія былі пры Польшчы. У нас ні бацька, ні брат, ні я — ніхто не паліў, я і зараз не палю. Бавіліся, як кароваў пасвілі: нашморгаем з вішняў лісця, накурымся, як пачне ванітаваць! І бацькі білі за гэта, крычалі, каб не курылі. Самі сябе труцілі…

— У школу вы хіба ў той час яшчэ пайшлі?

РЕКЛАМА

— Так, але толькі год там адвучыўся. Зімою бегалі ў школу, але як не пойдзеш — ніхто нічога не скажа. Хочаш — хадзі, хочаш — не хадзі. Школа ў вёсцы Вольная была, два кіламетры пешкі. Памятаю, польская мова штодня была — адзін урок. Калі ж чалавек заможны, то мог дзяцей у гімназію аддаць.

Прыдарожная каплічка на ўездзе ў Верхняе Чэрніхава, побач — ліпавыя прысады парку Рдултоўскіх

Прыдарожная каплічка на ўездзе ў Верхняе Чэрніхава, побач — ліпавыя прысады парку Рдултоўскіх

«Пан бедна жыў, фурмана нат’ не меў»

— Ці памятаеце пана? Як яго звалі?

— Пані Слізнёва, прозвішча Слізень было. А пан Рудатоўскі Канстанты (насамрэч Рдултоўскі. — Рэд.). Там на грабоўцы напісана, дзе бацькі яго ляжаць. Дык жонка ягоная тут жыла, «баба» ўсім кіравала на месцы. Ён у Варшаве, яна тут. Сам пан працаваў у сейме, мужык просты быў! А пані была ўдавою — яе мужык памёр, толькі дачка засталася, дарослая: па гаспадарцы ездзіла, пані яе вучыла, як кіраваць. Такая ў іх сям’я была.

Брат пана асобна жыў — бедна жыў: зямлі мала, дзве пары коняў, адзін пастух… пра яго і не ўзгадвалі. Мусіць, 10 ці 15 кароваў меў усяго. Абы-што быў, негаспадарлівы. Фурмана нат’ не меў: сам ездзіў на кані, брычка ў яго была. Там, на версе дом у яго стаяў.

— А ў вашага заможнага пана гаспадарка добрая была?

— У пана Канстантыя 150 кароваў дойных было, ён для войска коняў гадаваў, сыры галандскія рабіў галушкамі, масла біў — усяго было ў пана. Яўрэям паведамляў, што будзе прада­ваць карову ці яшчэ што, дык тыя едуць. У мужыкоў яўрэі таксама куплялі. Як забірае, то плоціць золатам, не папяровымі грашыма. А колькі? Як дамовішся!

Дык той яўрэй прыязджае, грошы пры сабе мае, абоз у яго вялікі, як машына — і грузіць сабе. І вязе па гасцінцы ў Баранавічы. Ніхто іх не грабіў! Бывае, кароваў 10 купіць і кажа: «Слу-у-ухай, мужі-і-ік, каб ты мне завёз іх у Баранавічы, а я табе заплачу, як прывязеш!» Гэта ж яўрэі! (Смяецца.)

— А яўрэі жылі ў вас?

— Каб жылі тут? Не-е-е. У Баранавічах жылі. Адзін толькі трымаў тут у вёсцы краму. Усяго ў яго было, адзежа таксама! Але для дзяцей ніхто нічога не купляў. Толькі як хлопцы-кавалеры былі, то гэтыя касцюмы набывалі, каб хадзіць дзецюкамі, дзяўчаты — сукенкі.

Капцільня маёнтка Рдултоўскіх — адзінае, што захавалася ад некалі заможнага фальварка.

Капцільня маёнтка Рдултоўскіх — адзінае, што захавалася ад некалі заможнага фальварка.

«Па гасцінцы ішлі танкі, а мы елі яблыкі…»

— 1939 год памятаеце?

— Памятаю, як тады пад вечар танкі ў нас ішлі па гасцінцы… От дзе каплічка стаіць, там гасцінец Кацярыненскі быў. Гэта цяпер пазапахвалі ўсё — зямлі ім мала. А зямлі колькі валяецца! Паглядзіце, што робіцца. Раней ніхто ў горад не ўцякаў, гэта пры Саветах пачалося. Вёскі пустыя. У нас тут сем дамоў, а жыве тры чалавекі. На зіму і тыя ўцякаюць. І я ўцякаю.

— Дык а танкі на гасцінцы — савецкія?

— Так. Восень была, мы яблыкі елі. Хто паўцякаў, сады свае пакінуў, то ў гэтых садах ужо мы гаспадарамі былі. Хто куды мог — бег. Рабацягі толькі не ўцякалі… куды ім? А мы яблыкаў набярэм — і на гасцінец, танкістам яблыкі кідаем.

— З радасцю сустракалі?

— Канешне! Свае людзі, па-руску гаварылі ж! (Смяецца.)

— А што з панамі?

— А паноў разграбілі людзі — і ўсё! Паны тыя ў Польшчы ды заграніцу ўцякалі. Тым часам, як усё сталася, пан Рудатоўскі быў у Варшаве. Але ж ён усё адно цягніком прыехаў сюды — паспеў. У Пагарэльцах станцыя была, туды цягніком, а далей на фурманках. Яны ж ведалі хіба па радыё, што бальшавікі мяжу перайшлі… Пан абедам быў тут, а ўвечары ўжо з паняю ды з дзяўчынаю ўцякалі.

— Прыехаў, забраў сям’ю і ўцёк?

— Так. А дабро, каштоўнасці, посуд, мусіць, пазакопвалі. Бо пані пры немцах прыязджала яшчэ, а пан ужо не. Ніхто не ведае, але казалі, што ўжо памёр — ён стары дзядзька быў. А яна то маладая жанчына! Немцы ж паважалі людзей багатых — паноў. Яна прыехала, з ёй паляк быў. Відаць, адкапалі ўсё, забралі і адвезлі. Казалі, што ў Баранавічы. І паехалі цягніком назад у Польшчу.

— Дык а людзі панскае майно як расцягвалі? Што бралі?

— Хто коняў браў, хто што. У нас у вёсцы хоць коняў трымалі сваіх, а тут гэтыя батракі… яны і бралі. Кароваў панскіх таксама. Але пасля бальшавікі паглядзелі ўсё роўна: не твая карова — давай сюды! Пры Саветах спачатку так было: «Колькі, бацька, хочаш зямлі?» — «Пяць гектараў». — «Мерай і без ніякіх грошаў бяры!» Паперку даюць. «Твая лічная зямля!» — пажыццёва падораная! Ты 10, ты 20 гектараў — колькі хочаш! А людзі ж бралі, верылі, ой!.. Прайшоў год, а тут — калгас! Усё туды: і коняў, і кароваў (смяецца)!

Фасад капліцы-пахавальні Рдултоўскіх, зануранай у зямлю

Фасад капліцы-пахавальні Рдултоўскіх, зануранай у зямлю.

«Гут, гут, пан, гут!»

— А як пры немцах жылі?

— Скажу, што тут таксама нядрэнна было. Пры немцах гаспадарка была, кантора была, плацілі грошы людзям. Дарослым плацілі, а дзецям не, але якая там праца ў дзяцей… А бацькам маркі давалі, а не зерне: купляй, што хочаш! Савецкія не хадзілі грошы, толькі маркі.

Гаспадарка вялікая была панская, дык там усім кіравалі галандцы: два мужыкі, здаровыя дзядзькі. Яны з немцамі разам прыехалі. Гэтыя галандцы, што ў нас былі, — о, брат! — рабочых людзей яны паважалі: «Гут, гут, пан, гут!» Разам з немцамі яны пасля і сышлі. Памятаю, хадзілі яны ў драўляных башмакох. А на Ніжнім былі румыны — салдаты.

Страхавы дакумент, выдадзены мясцовай Павятовай управай у 1943 годзе, напісаны беларускай лацінкай.

Страхавы дакумент, выдадзены мясцовай Павятовай управай у 1943 годзе, напісаны беларускай лацінкай.

— А забіралі каго на працу ў Райх?

— Не забіралі, адно з Ніжняга 4 чалавекі забралі сілай: 2-х хлопцаў, 2-х дзяўчат. А тут жа гаспадарка была нямецкая! То трэба было, каб тут і працавалі. Эх, немцы прыйшлі, у людзей усё пазабіралі, і Саветы прыйшлі — пазабіралі…

— Школы былі пры немцах?

— Так, вучылі нас па-беларуску. Матэматыка, алгебра, рускай мовы не было, беларуская толькі. Нямецкай мовы таксама не было, мусіць, у старэйшых класах адно. Пры Польшчы я зіму толькі пахадзіў, а пры немцах два гады, мусіць. У школе давалі падручнікі, часам, адзін на дваіх. Дзень ты вучыш, дзень сябар твой. Сшыткі былі ў школах, ды ў краме ўсё было. Пры немцах і крама была, але там ужо нетутэйшы чалавек рабіў.

— А яўрэй, які там раней гандляваў?

— А ён уцёк. Кінуў усё і ўцёк, «дай Бог ногі»!

Разрабаваная і знішчаная людзьмі капліца-пахавальня Рдултоўскіх.

Разрабаваная і знішчаная людзьмі капліца-пахавальня Рдултоўскіх.

«У партызаны бралі сілай — «Родзіну зашчышчаць…»

— А быў гарнізон дзе побач?

— Тутака ў нас два гады быў наверсе, дзе сыраварня стаяла, дзе дом беднага пана быў… Але ў нейкі год партызаны «награнулі», разбілі, папалілі гаспадарку панскую — і ўсё. Паліцыя там была мясцовая — гарнізон называлі.

— А як набіралі паліцыю?

— Сілком набіралі… з горам і бядою. Багатыя адкупаліся золатам, а бедныя што: нікуды не падзенешся. Майго брата сілком узялі, хочаш — не хочаш, але пасля выкупілі. Як прыехала пані, то бацька з маці сталі прасіць, яна пагутарыла з немцамі, а тыя: «Кабана давай!» Далі кабана, кілаграм на 150. Адпусцілі брата, напісалі, нягодны па здароўю. Гэта ж выраблялася ўсяляк!

Карабіны нямецкія паліцыі давалі. Форму давалі, гэткую, як нямецкая, толькі чорную. А сівыя, як мы казалі, манжэты былі. І шапка як у немцаў, толькі чорная. І трупа галава з арлом! У самааховы, што ў Снове стаяла, форма іншая была — сівая. От як у немцаў, толькі ў іх цямнейшая адзежа, а ў самаахове святлейшая. І шапкі, і кукарды — іншыя. А ў паліцаяў — чорная і манжэты сівыя.

Асабістыя рэчы ў хаце Філарэта Рыгоравіча

Асабістыя рэчы ў хаце Філарэта Рыгоравіча.

— А партызаны былі?

— Былі, але мала. У Вольнай партызаны разбілі, папалілі ўсё — бо там гарнізону не было. А на Ніжнім да канца вайны быў моцны гарнізон, да часу, як нас аслабаждалі, але і там баі бывалі. Там маёнтак, і арганізавана ўсё лепей было: кантора, дзе налічвалі людзям за працу, паперы, кіраўніцтва гаспадаркай.

— Дык а людзі ішлі ў партызаны?

— У партызаны маладых хлопцаў сілай бралі. І ў паліцыю, і ў партызаны — сілай. Хочаш — не хочаш, а ідзі, бо «Родзіну зашчышчаць нада». Але тут супраціву гэтага не было немцам. Тут як Бог шчасця дасць: як партызаны забяруць, то немцы тваіх бацькоў у Калдычава звязуць, а там замучаць і застрэляць.

РЕКЛАМА

А ў нас тры ці чатыры хлопцы былі ў Снове ў самаахове, дык яны па выходных прыходзілі да бацькоў. Партызаны іх палавілі і забралі сілай. А тут следства, «дазнаніе» і г.д. Але гэтых бацькоў не чапалі немцы, бо сыноў сілай забралі. І хлопцы гэтыя тут ніколі не паказваліся. Адно перадавалі праз людзей: «Жывы, здаровы, не перажывайце…» А як з дому забіралі каго — зна­чыць, ты сам пайшоў. У нас гэтак не было, а ў Ліхасельцах было. Тры сям’і так расстралялі — бацькоў тых, хто пайшоў.

Філарэт Рыгоравіч (справа) са старэйшым братам.

Філарэт Рыгоравіч (справа) са старэйшым братам.

«Здзекаваліся з немак, а пасля «строгасць» пайшла…»

— Ці былі баі ў 1944-м?

— Не, не было. У вёсцы спалілі ля самага гасцінца дом: казалі, што немцы даюць знак, што ўсе адступілі. Звяз такі часці міжсобку мелі. Увесь рух па гасцінцы быў, тут і Саветы ішлі. Верылі ім, хораша сустракалі…

— З брата не пыталіся за паліцыю?

— Канешне, колькі дзялоў было, ой… Але не судзілі, бо ён не служыў жа.

— А тых, хто служыў?

— Па 25 год ім. Помніш, Сталін у 1953 годзе памёр, амністыя вялікая была, то іх павыпускалі. А так — па 25 год… Былі такія, што па амністыі выйшлі, але не пакаяліся. На Сібіры яны рабілі, лес нарыхтоўвалі. Адтуль папрыходзілі і супраціўляліся па лясах. Адзін тут доўга быў — схаваўся. Людзі баяліся: як скажаш што рускім «страбкам» («ястрабкі» — фармаванне пры МДБ. — Рэд.), то глядзі, зарэжуць дзе! Гэтак і пасля 1951-га было, калі я вярнуўся.

— Дык а чаго паліцыя з немцамі не адступіла?

— А чаго ім з немцамі? Куды ім уцякаць? Яны ж сілай там служылі. Іх некаторых і ў Чырвоную Армію забралі.

— А як вас мабілізавалі?

— Мы з братам прызываліся разам, толькі па розных датах. От як немец сышоў, то іх жнівом бралі ды не трымалі больш за два тыдні ва ўчэбцы, адразу на перадавую. А нас маладых на малодшых камандзіраў рыхтавалі. Як узялі ў кастрычніку, дык да Новага года мы былі ў Барысаве — да прысягі.

Спачатку гора я пацярпеў… Як гэта ўсё перажыць чалавеку, Божа ты мой… Па памыйках бегалі ў арміі… Давалі траску, муку растаўчоную на квас — і ўсё. А хлеба 600 грам усяго. Пакуль суп дадуць, то ты гэты хлеб шчыпаеш-шчыпаеш — сашчыпаў і няма! Перавярнуў супу, выпіў ды пайшоў.

З Барысава ў Варшаву забралі, дык там лепш нашмат стала. А як у Германію ўступілі, то там ужо хапала і піць, і есці. Там жа з братам выпадкова сустрэліся ў адной дывізіі. Ён у выведцы, а я на камутатары — у сувязі. Адна дывізія, але па розных казармах.

— А як сустрэліся?

— Выпадкова. Аёй!… Пасля ўжо ён ведаў, што я на камутатары, то бывае пазвоніць мне, пагаворым трошку і ўсё. Два разы асабіста бачыліся. Аднаго разу брат цэлую пілотку яек прынёс з нямецкага куратніка: «Бяры, наварыш!» Яны ж выведка, нешта ўвесь час прыдумляюць! Стаялі мы каля Одэру, на Эльбе ў нейкіх гарадках ды пасёлках. У немцаў вёсак не было: па 10 дамкоў альбо паасобку жылі, як у нас тут асаднікі.

Там у іх культурна ўсё было. Спачатку нашы дрэнна ставіліся, здзекаваліся з немак, дзяўчат… Але пазней «строгасць» за гэта пайшла. Нашы ж самі здзекаваліся, як раней немцы здзекаваліся! Такая «жысць» праходзіла… А дэмабілізоўваўся я з Прыбалтыкі ўжо, у Рызе стаялі.

«Былі баі: з міліцыяй, са «страбкамі»

— Калі вярнуліся з войска, што ўбачылі на Радзіме?

— На базе маёнтку панскага быў саўгас ужо. У Юшкавічах людзі былі супраць улады савецкай. Там баі былі: з міліцыяй, са «страбкамі». Іх у калгасы, а яны не ішлі, то іх сілай. А ў іх зброя, супраціў быў, ой… Колькі ж там гаспадароў пагібла… Дзе ж ты можаш супраць улады браць зброю ды выступаць?! Панскі дом самі людзі спалілі, як саўгас ужо быў.

— А чаму спалілі?

— Спачатку там школа была, пасля саўгас забраў пад кантору, а людзі спалілі, каб на базе маёнтку калгас не зрабілі! Адмыслова палілі: супраць улады людзі ішлі. Але дзе ж ты пойдзеш?.. Забіралі пасля. Забралі і забралі… Ніхто не вярнуўся. Сакратара сельсавета забілі, старшыня то ўратаваўся — яго паранілі цяжка былі. І другі раз нападалі… Тут банда была гэтых… дэмухаў. Банда дэмухаў.

Косці былых гаспадароў ваколіцаў — паноў Рдултоўскіх — раскіданыя ўнутры капліцы-пахавальні.

Косці былых гаспадароў ваколіцаў — паноў Рдултоўскіх — раскіданыя ўнутры капліцы-пахавальні.

Косці былых гаспадароў ваколіцаў — паноў Рдултоўскіх — раскіданыя ўнутры капліцы-пахавальні

— Што за «дэмухі»?

— Мясцовыя, яны пры немцах у паліцыі служылі. Пасля па вёсках хаваліся альбо недзе ў лесе ці ў пушчы ўся гэтая арганізацыя была… халера яго ведае.

— А за каго яны былі? За Польшчу?

— Яны супраць улады савецкай былі! А за каго былі?.. Не ведаю. За немцаў жа раней ваявалі. Людзі баяліся. Нідзе ніхто ніколі не казаў пра іх. Бо хто ведае? Перададуць ім — і ўсё…

— Але ж нехта іх, мабыць, падтрымліваў?

— Канешне! Але ж гэта ўсё тайна было. Толькі пасля ўжо высветлілася, хто ды як. З нашай вёскі там не было нікога, спакойная была вёска. Мусіць, з Нагорнай было пара чалавек, з Ніжняга некалькі.

— Колькі чалавек агулам?

— Бог іх ведае! Яны ж ноччу з’явяцца… Кажуць, і там я бачыў, і там бачыў… паўсюдна. А колькі невядома. Але, мусіць, немалая шайка. Недзе ў 1948 ці ў 1950-м — распавядалі — іх палавілі. Дваіх у Баранавічах павесілі… Такое жыццё было, цытуе ветэрана «Новы Час».

«Беларускі паваенны Супраціў». Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі, Ігар МЕЛЬНІКАЎ

«Беларускі паваенны Супраціў». Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі, Ігар МЕЛЬНІКАЎ

«Банда дэмухаў»

Верагодна, Філарэт Рыгоравіч мае на ўвазе так званую «групу Раманчука», якая адзначылася ў паваенным Супраціве. Падчас вайны Раманчук узначальваў Беларускую Народную Самапомач у Баярах. Пасля прыходу Саветаў перабраўся ў Баранавічы. Яго спрабавалі арыштаваць, але Раманчук уцёк і пачаў гуртаваць вакол сябе групу. Вядома, што ў 1947-м да яго далучыліся Мікалай Дэмух (ад прозвішча якога, імаверна, і пайшла назва), у 1948-м — Браніслаў Бука — былы жаўнер БКА.
У 1947–1949 гадах яны займаліся тэрорам супраць савецкай улады, забойствамі міліцыянтаў, партыйных актывістаў, прадстаўнікоў адміністрацыі. Таксама рабілі налёты на кааператывы ды крамы. У траўні 1949-га ў выніку аперацыі МДБ група была ліквідаваная. Разам з чальцамі групы пад удар трапілі і дзясяткі мясцовых жыхароў, абвінавачаных у дапамозе «бандытам».
У матэрыялах справы група фігуравала як «…террористическая бандгруппа белорусского националистического подполья, ставившая своей задачей отторжение БССР от Советского Союза и установление Независимого белорусского буржуазного государства с профашистским строем, под протекторатом Англии и Америки».

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up