Баранавіцкая арганізацыя ТБМ ушануе памяць загінуўшых падчас палітычных рэпрэсій
Актывісты ўскладуць кветкі каля былой турмы «Крывое кола» 5 лістапада.
Сябры Таварыства беларускай мовы і ўсе жадаючыя ў 17 гадзін запаляць знічкі каля крыжа паміж вуліцамі Смаленскай і Пірагова, а айцец Яўген Маліноўскі прачытае малітвы.
– На месцы крыжа раней знаходзілася савецкая турма «Крывое кола», у якой сталінскія карнікі праводзілі катаванні і расстрэлы, – нагадаў арганізатар мерапрыемства Мікалай Падгайскі.
Пасля ўскладання кветак і запальвання знічак адбудзецца вечарына ў кавярні на вуліцы Смаленскай, 12А (атэль «Венін»).
Сябры ТБМ просяць мець з сабой знічкі, кветкі і грошы на гарбату.
– У ноч на 30 кастрычніка 1937 года адбылася страшная трагедыя для Беларусі і для беларускай культуры. Запрашаем сяброў ТБМ і ўсіх неабыякавых людзей прыняць удзел ва ўшанаванні памяці загінуўшых, – адзначыў Мікалай Падгайскі.