Автор: Intex-press

9:21, 7 октября 2017

Общество

remove_red_eye 296

«Забойства – заўсёды забойства, нават калі па законе». Аргументы супраць смяротнага пакарання

З 5 па 10 кастрычніка праходзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе яшчэ прымяняецца такая мера пакарання.

Тэма смяротнага пакарання абмяркоўваецца са старажытных часоў. Усе аргументы «за» і «супраць» – даўно вядомыя. І тым не менш кожны раз, калі ўздымаецца тэма смяротнага пакарання, а тэма не з прыемных, таму ўздымаецца яна не так часта ў штодзённым жыцці, і ўсё ж – кожны раз, калі тэма ўсплывае – ускіпаюць гарачыя спрэчкі. І кожны прыводзіць свае старыя, як гэты свет, аргументы – «за» і «супраць». За час працы ў кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» мы сфармулявалі шэсць асноўных аргументаў супраць смяротнага пакарання.

Але ёсць яшчэ і сёмы аргумент. Гэта аргумент палітычны, бо пры захаванні смяротнага пакарання нельга далучыцца да цывілізаванага свету, нельга стаць еўрапейскай краінай. А астатніх аргументаў – шэсць.

Аргумент 1. Судовая памылка, незваротнасць смяротнага пакарання

Пасля выканання прысуду нельга выправіць судовую памылку – вярнуць жыццё чалавеку.

Заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб распавёў пра незваротнасць смяротнага пакарання і пра судовыя памылкі, якія немагчыма выправіць пасля ажыццяўлення пакарання:

– Я 36 гадоў адпрацаваў у органах унутраных спраў. І адна з маіх пасад – начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Мне давялося працаваць там у самы складаны час, калі Міхасевіч-маньяк здзяйсняў свае злачынствы на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Падчас расследавання гэтай справы высветлілі, што за злачынствы, якія Міхасевіч здзейсніў за 15 гадоў, незаконна былі асуджаны на доўгія тэрміны зняволення 13 чалавек, а адзін з іх, Цярэня, быў расстраляны па прысудзе Віцебскага абласнога суда. Чалавека расстралялі ні за што. І калі раней я неяк не задумваўся пра смяротную кару, якая была на тэрыторыі Савецкага Саюза, то пасля гэтых судовых памылак, якія мне давялося бачыць на свае вочы, я прыйшоў да высновы, што гэта няправільна, не павінен ніхто пазбаўляць чалавека жыцця.

Супраць Цярэні не было ніякіх доказаў – толькі выбітыя падчас следства прызнанні.

Аргумент 2. Выканаўцы, прафесійныя кáты, якія забіваюць ад імя дзяржавы

Алег Алкаеў – у 1996–2001 гадах начальнік СІЗА №1 Мінска, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда». Пад кіраўніцтвам Алега Алкаева былі здзейснены 134 смяротныя прысуды. Алег Алкаеў гаворыць, што выкананне смяротнага прысуду – забойства, нават калі яно «па законе»:

– Забіць чалавека, які асабіста табе нічога дрэннага не зрабіў, забіць без злосці, без напалу страсцей – гэта складана. Смерць – гэта забойства, а забойства ніколі беспакарана не праходзіць. Гэта на вайне чалавек страляе з вялікай адлегласці, не ведае, патрапіў ці не патрапіў. І ў яго страляюць таксама. Гэта зусім іншае. Таму і група расстрэльная была засакрэчана, таму і блізкія сваякі не ведалі, нават калегі не ведалі, хто чым займаецца. І гэта свята выконвалася найперш членамі самой групы. Забойства – заўсёды забойства, нават калі па законе.

Аргумент 3. Рэлігійны – «не забівай!»

Жыццё чалавеку дае Бог, і толькі Бог, а не іншы чалавек можа забраць яго.

У 2013 годзе Папа Рымскі Францішак у тэлеграме да V Сусветнага Кангрэса супраць смяротнага пакарання напісаў:

– Пакаранне смерцю павінна быць заменена на іншае, якое прадугледжвала б шанец для злачынцы задумацца над сваімі правінамі і выправіцца, а нявіннаму падаравала б надзею на справядлівасць.

Аргумент 4. Забойствы палітычных апанентаў, масавыя рэпрэсіі

Смяротнае пакаранне, якое захоўваецца ў Беларусі, можа быць выкарыстана не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў. Злачынствы камунізму не былі асуджаны ў Беларусі, і сучасная ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемніцай той улады, якая здзяйсняла масавыя расстрэлы нязгодных.

Смяротнае пакаранне становіцца «звыклай з’явай» падчас масавых рэпрэсій.

Ірына Ашкер расказвала, як яе бацьку і бабулю арыштоўвалі суботнім вечарам 1937 года, калі ўся сям’я памылася ў лазні, і пра тое, як яе маці бачыла выхад на расстрэл бацькі з брамы турмы ў Оршы: «Бацька маці толькі рукой махнуў: «Мяне не чакай, едзь дамоў!».

Аргумент 5. Катаванне сваякоў расстралянага – нявыдача цела, непаведамленне даты выканання прысуду

Праваабаронца Гары Паганяйла гаворыць:

– У Беларусі працягвае дзейнічаць закон, які датычыцца яшчэ савецкага перыяду, калі пры выкарыстанні выключнай меры пакарання ў выглядзе расстрэлу труп пакаранага сваякам не выдаюць, пра месца пахавання не паведамляюць. І такім чынам спрабуюць зрабіць таямніцай і саму дату выканання прысуду, і дзе пахаваны чалавек.

Тлумачаць, што гэта робіцца для таго, каб не было апаганьвання цела расстралянага, які здзейсніў вельмі цяжкія злачынствы. Камітэт ААН неаднаразова заяўляў пра тое, што сама працэдура смяротнага пакарання ў Беларусі падпадае пад прыкметы катаванняў і бесчалавечнага стаўлення, як да самога пакаранага смерцю, так і да яго сваякоў. Не паведамляюць пра дату выканання смяротнага прысуду, а знаходжанне ў камеры смяротнікаў цягнецца некалькі месяцаў, гэта вельмі жорстка ўспрымаецца чалавечай псіхікай, асуджаны не можа рэальна ўсведамляць, калі прысуд будзе прыведзены ў выкананне, калі наступіць апошні дзень яго жыцця, ён не можа падрыхтавацца да гэтага акта.

Аргумент 6. Неэфектыўнасць у папярэджанні злачынстваў

Генерал Юрый Захаранка, калі быў міністрам унутраных спраў, вывучаў працэдуру смяротнага пакарання і планаваў пэўныя змены. Упершыню пра гэта ён распавёў у 1998 г. Алесю Дашчынскаму – карэспандэнту газеты «Навіны» («Свабода», 17 лютага 1998 г.). У гэтым жа інтэрв’ю былы міністр унутраных спраў катэгарычна выказаўся супраць смяротнага пакарання.

Генерал Юрый Захаранка пра неабходнасць адмены смяротнага пакарання:

– Я ўпэўнены, што нам неабходна ліквідаваць інстытут пазбаўлення чалавека жыцця. Смяротная кара не ў стане спыніць злачыннасць. Псіхіятры-крыміналісты, якія вывучалі гэтае пытанне, прыйшлі да высновы, што ніводзін з асуджаных перад забойствам не думаў пра магчымасць расплаты смяротнай карай. Пасля адмены вышэйшай меры ў краіне не расце колькасць цяжкіх злачынстваў. Здавалася б, танней расстраляць чалавека ды закапаць. Але такім чынам грамадства закопвае сябе. Нам неабходна павярнуцца да гуманізму і чалавечнасці.

 

Паліна Сцепаненка, актывіст кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі»

 

"За апошнія 20 год у Беларусі вынесена больш за 400 смяротных прысудаў, толькі адзін чалавек з тых, каго прыгаварылі да расстрэлу, быў памілаваны прэзідэнтам.

 

Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up