Новости / Образование

Эксперт: За што бацькі школьнікаў плацяць, а маглі б не плаціць

3.10.2017, 14:03 / remove_red_eye 1450 / chat_bubble

Якая яна - беларуская школа? Якой мы хочам яе бачыць? Што мы зрабілі, каб яна была іншай? Надыйшоў час спытаць у адукацыі, чаму яна такая, як ёсьць. І што зрабілі мы, каб яна стала іншай? Радыё Свабода паразмаўляла з экспэрткай па разьвіцьці бізнэсу і маці гімназіста Крысьцінай Вітушкай.

Як вы думаеце, што атрымліваюць бацькі будучага вучня пасьля першага візыту да дырэктара?

  • Інфармацыю пра мэтодыкі выкладаньня?
  • Адрас сайта школы?
  • Статут школы з Кодэксам аб адукацыі?

Не!

Бацькі выходзяць з кабінэта з нумарам разьліковага рахунку, на які прапануецца добраахвотна пералічыць першую суму. Першую з шэрагу, пiша «Радые Свабода».

Крысціна Вітушка, Фота: Радыё Свабода

Крысціна Вітушка, Фота: Радыё Свабода

Беларусы для дзяцей гатовыя на ўсё. Мы купляем пясок у пясочніцы, майструем стэнды, друкуем пляны, мяняем лямпачкі, вокны, люстэркі, набываем сурвэткі, пітную ваду і парты, робім рамонты.

РЕКЛАМА

А потым цэнтральныя каналы ТВ паведамляюць, што падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да навучальнага году прайшла за бюджэтныя грошы. Што набылі за іх? Самае неабходнае: напрыклад, партрэты прэзыдэнта. Напярэдадні 1 верасьня высокая камісія ацэньвае, як дырэктар з мух кулічыкі зьляпіў — пры адсутнасьці фінансаваньня навёў марафет і зрабіў ляндшафтны дызайн тэрыторыі.

Матэрыяльнае забесьпячэньне школы — гэта клопат бацькоў, шэфаў і спонсараў, якіх адміністрацыя школы павінна знайсьці і матываваць. Калі матывацыя не спрацоўвае — настаўнікі самі фарбуюць падлогу, а ў прыбіральнях няма мыла і паперы.

За што мы плацім

Дапусьцім, мы аскеты і патрабуем ад школы толькі перадачы ведаў. Тады нас чакаюць некалькі сюрпрызаў.

І працэдура адмовы ад гэтага тавару (паслугі?) не прадугледжаная. Нават калі вы іх набылі, спампавалі ў электронным выглядзе, раздрукавалі самастойна або проста ня хочаце браць — ня важна.

Аплаціўшы поўны камплект, вы можаце яго не атрымаць. Некаторых падручнікаў па-беларуску так і не распрацавалі. Кніг часам не хапае на ўсю клясу, яны могуць дастацца ў непрыдатным для выкарыстаньня выглядзе (парваныя, размаляваныя). А сёлета ўвогуле новыя абяцалі ды не пасьпелі. Мэтодыкі пераразьліку на гэтыя выпадкі не існуе.

Вы плаціце 50% ад поўнага кошту. Але гэта ня значыць, што кожныя 2 гады дзецям даюць сьвежавыдрукаваныя кнігі — падручнікі пераходзяць з рук у рукі і па 7, і па 8 год, а прыбытак ад іх выкарыстаньня для бясплатнай адукацыі максымізуецца.

Па просьбе Радыё Свабода маці дзвюх гімназістак падлічыла, колькі сям'я вытраціла на адукацыю ў верасьні

Мы плацім за друк контурных карт і працоўных сшыткаў

Падручнікі спрошчаныя так, што вучыць і вучыцца па іх цяжка. Таму настаўнікі падбіраюць дадатковыя матэрыялы: працоўныя сшыткі, атлясы, контурныя карты.

Па-беларуску многіх зь іх не выдаюць. І бацькі дзяцей зь беларускіх школ перакладаюць, макетуюць і замаўляюць друк самастойна па камэрцыйным кошце. На расейскай мове іх можна набыць у краме, але настаўнікі часта просяць ня проста па-расейску, але і выдадзеныя ў Расеі купляць.

Мы плацім за факультатывы

На ўроках нудна як таленавітым, так і ня надта здольным дзецям. Адным паглыбляць, другім даганяць веды па ўсіх прадметах прапануецца платна.

Для прыкладу: ангельская мова ў 1 клясе. Падручнік разьлічаны на два ўрокі на тыдзень, але расклад прадугледжвае толькі адзін (нібыта санітарныя нормы такія). А вось платна — колькі хочаш, на платныя заняткі санітарныя рамкі ўжо не ўплываюць. І таму, каб дзеці за год прайшлі ўвесь падручнік, а не палову, бацькі плацяць. А школам загадваюць нарошчваць аб’ёмы аказаньня платных паслуг.

Мы плацім за алімпіяды

Конкурсы і спаборніцтвы з платным удзелам, здавалася б, справа добраахвотная. Але ад іх вынікаў залежаць рэйтынгі школ і гімназій, таму настаўнікам трэба забясьпечваць прысутнасьць вучняў.

Мы плацім за піянэрыю

Яшчэ адна грашовая пастка — быць піянэрам: гальштук за кукіш ня купіш.

Мы плацім за «дзелавы стыль»

Беллегпрам штогод пастаўляе ў крамы мноства маркотнага адзеньня ў стылі клеркаў, афіцыянтаў, вышыбалаў ці домработніц. Яно называецца дзелавым стылем. У некаторых гімназіях і школах усім прапануюцца аднолькавыя элемэнты: камізэлькі, эмблемы, а недзе цэлыя гарнітуры ці нават форма з фартухом савецкага ўзору (шыецца на замову).

І яшчэ за «Юный спасатель», тэатар, хакей…

Рэгулярна дзецям паведамляюць, што замест урокаў усе ідуць у кіно, у масоўку нейкага афіцыёзу, на хакей ці, у лепшым выпадку, на выставу або ў тэатар. Бацькоў спрабуюць абавязаць браць квіткі ў ТЮГ, таму што тэатар дамовіўся з аддзеламі адукацыі пра запаўненьне залі.

Мінінфармацыі дамовілася пра штучнае павелічэньне накладаў незапатрабаваных выданьняў. Агентамі па падпісцы выступаюць настаўнікі, а тыя, хто ім загадаў, сядзяць у кустах.

Мы плацім за абавязковае харчаваньне

Вы ведаеце, хто пастаўляе прадукты ў школьную сталоўку? Якія гэта прадукты, хто і як іх гатуе? Як замяніць аплачаную халодную ежу на ядомую? Якую адказнасьць і хто панясе, калі дзіця, крый божа, атруціцца?

РЕКЛАМА

Адмовіцца плаціць за харчаваньне можна толькі пісьмова і з рызыкай трапіць у сьпіс «праблемных». Заплацілі вы ці не — калі дзіця не жадае, яно есьці ня будзе. Дык пра што насамрэч клопат: пра здароўе дзяцей ці пра рэгулярныя плацяжы?

Мы плацім за спосаб аплаты!

У межах праекту «Электронная школа» ў многіх навучальных установах зьявіліся турнікеты і карткі вучняў. Яны ж — плацёжныя карткі «Беларусбанку». Самастойную карту могуць мець толькі дзеці з 14 год, таму гэтыя карткі выпускаюцца як дадатковыя да бацькоўскіх.

І нікога не хвалюе, што вы абслугоўваецеся ў іншым банку: вы абавязаныя адкрыць рахунак і атрымаць картку ў канкрэтнай філіі Беларусбанку. Усё б нічога, але некаторыя школы патрабуюць, каб перадаплата харчаваньня ішла толькі праз гэтыя банкаўскія карткі.

Чаму гэта выгодна банку — зразумела. Але пры чым тут адукацыя?

Заканадаўства нібы забараняе навязваць тавары і паслугі. Але сыстэма адукацыі жыве на «полі цудаў», якое не жадае перасякацца з прававым полем. Ад настаўнікаў патрабуюць прадаваць то флікеры, то вопратку, то сьняданкі, то газэты, то квіткі, то банкаўскія карткі… І практычна ніколі не даюць выбару і не заключаюць ніякай дамовы — проста выстаўляюць рахунак і называюць скрайні тэрмін аплаты. Без абгрунтаваньня і абмеркаваньня. У настаўнікаў пытаць бессэнсоўна — яны ня ведаюць. Вы плаціце грошы, але ня маеце на руках ніякага дакумэнта, дзе пералічаныя вашы правы і абавязкі ці хаця б кантакты таго, хто аказвае вам паслугі ці прадае тавар, ніякіх гарантыяў.

А дзе грошы ад здачы макулятуры?

Штогод школам даводзяць нейкія разнарадкі па здачы макулятуры — па 15, па 20 кг з кожнага дзіцяці. І паперай не абмяжоўваюцца — установы адукацыі сіламі настаўнікаў і вучняў «добраахвотна» зьбіраюць палімэры, мэтал, шкло, батарэйкі і г.д.

Думаеце, гэта пра экалёгію? Не, ізноў пра эканоміку! Колькі каштуюць плошчы пад складаваньне сыравіны ў час нарыхтоўкі (і наколькі гэта бясьпечна — трымаць у будынку школы тоны старой паперы)? На які рахунак перапрацоўчыя заводы пералічваюць грошы за атрыманую сыравіну і хто імі карыстаецца?

Ці не лягічна было б выключыць школу як пасярэдніка паміж «Качелями», «Юным спасателем» і Белрэсурсамі — і скіроўваць наклады адразу на перапрацоўку?

Чым стала наша школа?

Сетка ўстаноў адукацыі ператварылася ў сетку рэалізацыі неліквіду, у выбарчыя ўчасткі з шашлыком і гарэлкай, а ў міжсэзон — у прыёмнікі другаснай сыравіны.

Канцэрны праз школы збываюць заляжалы тавар і загружаюць вытворчыя магутнасьці (дай бог, каб да выкарыстаньня дзяцей як працоўнай сілы зноў не вярнуліся). Настаўнікі зьбіраюць замовы, кантралююць аплату, здымаюць меркі, прымаюць рэклямацыі. Вытворцы не пытаюць у школаў, што ім трэба: якія канцтавары, тканіну, мэблю, будматэрыялы, аксэсуары выпусьціць — яны патрабуюць, каб мы выкуплялі названую намэнклятуру.

Часам высьвятляецца, што ніводзін з айчынных вытворцаў, напрыклад, дываноў, фіранак, лінолеуму ці камэр відэаназіраньня ня можа прадставіць сэртыфікат, які адначасова задаволіў бы МНС, санстанцыю ды іншыя правяраючыя структуры. І гэта яшчэ адна грашовая плынь — школы плацяць штрафы. Хто фінансуе аплату — бюджэт, пазабюджэт, пэдагогі з уласнай кішэні? Ці ёсьць прымальны для здаровага сэнсу адказ на гэтае пытаньне? Прыйшоў час адкрыта прызнаць і замацаваць у законах: адукацыя платная. І як спажыўцы платных паслуг мы маем права выбіраць іх, патрабаваць якасьці і абараняць свае правы ў выпадку нядобрасумленнага вядзеньня бізнэсу.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up