Пад Баранавічамі пройдзе канферэнцыя, прысвечаная Першай сусветнай вайне
Таварыства беларускай мовы праводзіць чацвёртую краязнаўчую канферэнцыю ў Русіно 30 верасня, а 12-й гадзіне, на сядзібе ТБМ на вуліцы Сасновай. Тэма сустрэчы – «Першая сусветная вайна – стагоддзе лёсавызначальных падзей».
Удзел у канферэнцыі прымуць сучасныя беларускія пісьменнікі, гісторыкі і краязнаўцы.
Прыняць удзел у дыскусіях можа кожны. Для гэтага трэба прыйсці на рэгістрацыю за паўгадзіны да мерапрыемства ў сядзібу ТБМ па адрасе: в. Русіно вул. Сасновая, д. 5.
Спачатку з уступным словам выступіць Міхась Бернат, філосаф і краязнаўца.
Затым Яўген Маліноўскі, дацэнт кафедры псіхалогіі i адукацыі БДПУ імя Максіма Танка і кандыдат псіхалагічных навук, выступіць з дакладам «Вершнік на белым кані: паміж багаслоўем і асветай».
Следам за ім гісторык Анатоль Сідарэвіч распавядзе пра ролю ўраджэнцаў Баранавіцкага раёна ў дзяржаўным будаўніцтве Беларусі.
Потым выступіць кандыдат гістарычных навук Анатоль Трафімчык, які будзе расказваць пра невядомы эпізод будучай савецка-польскай вайны ў Круговіцкай воласці Слуцкага павета.
Пасля гэтага слова возьме Аляксандр Літвінскі, дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных
дысцыплін БарДУ, і распавядзе пра палітычнае самавызначэнне Беларусі ў кантэксце міжнародных адносін у 1916–1918 гадах.
З дакладам «Аблічча беларускай гісторыі ў назвах баранавіцкіх вуліц» выступіць паэт і журналіст Аляксей Белы. А заключнае слова зноў возьме Міхась Бернат.