Новости / Общество

Адзінаццаць фактаў, як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі: «Хай будзе Пагоня»

19.09.2017, 10:41 / remove_red_eye 369 / chat_bubble

19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет тады яшчэ БССР надаў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сымбаляў.

Адзінаццаць фактаў, як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі: «Хай будзе Пагоня»

Фото: https://nn.by

1. Адно зь першых публічных уздыманьняў сьцяга – мітынг па дарозе на Курапаты 30 красавіка 1988 года, калі міліцыя разагнала людзей, якія прыйшлі да Ўсходніх (тады – Маскоўскіх) могілак на Дзяды, пiша «Радые Свабода». 

2. У 1990-91 дэпутаты БНФ імкнуліся ўсімі магчымымі спосабамі замацаваць у грамадзкай сьвядомасьці бел-чырвона-белы сьцяг як ня толькі нацыянальны, але і дзяржаўны сымбаль. У 1990 годзе быў выраблены адмысловы бел-чырвона-белы значок, які насілі дэпутаты Апазыцыі БНФ. Паколькі замова была зробленая да абвяшчэньня пра ўтварэньне Апазыцыі (27 ліпеня 1990), на ім было напісана «Дэпутацкая група БНФ». Такім чынам, бел-чырвона-белы колер у 1990-91 увесь час прысутнічаў у Вярхоўным Савеце і на экранах ТВ (штодня ішлі рэпартажы з сэсіі парлямэнту). У дні путчу 19-21 жніўня 1991 году, а таксама ў часе падрыхтоўкі да пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету з вакна 363 пакоя Дома ўраду быў вывешаны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

РЕКЛАМА

3. 24 жніўня 1991 году, перад пачаткам пятай, пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету, дэпутаты БНФ прынесьлі ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг – той самы, які лунаў на Плошчы ў дні красавіцкага страйку. На сцэну за прэзыдыюмам яго ўнесла Галіна Сямдзянава. Пазьней гэты сьцяг усталявалі каля сэктару, дзе сядзелі дэпутаты ад Менску і Менскай вобласьці. На наступны дзень касманаўт, дэпутат Уладзімер Кавалёнак, прынёс у Авальную залю яшчэ адзін бел-чырвона-белы сьцяг.

4. Пытаньне аб зьмене дзяржаўнай сымболікі ў павестку дня шостай сэсіі Вярхоўнага Савета, якая сабралася ў пачатку верасьня,ўнесла Апазыцыя БНФ. Абмеркаваньне было прызначана на 19 верасьня. Вялікае значэньне адыграла тое, што ў папярэдні дзень, 18 верасьня, Станіслаў Шушкевіч, які выступаў за бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню», быў абраны старшынём Вярхоўнага Савета (да гэтага ён быў выканаўцам абавязкаў старшыні). Шушкевіч ўспрымаўся дэпутатамі ня проста як вядоўца сэсіі, а як найвышэйшая службовая асоба.

5. За некалькі дзён да абмеркаваньня пытаньня аб дзяржаўнай сымболіцы старшыня БНФ Зянон Пазьняк арганізаваў у фае перад Авальнай заляй адмысловую выставу, прысьвечаную «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сьцягу. Стэнды аформілі Алесь Марачкін, Мікола Купава, Яўген Кулік, Уладзімер Крукоўскі, Лявон Бартлаў. Тэкст пра сьцяг рыхтаваў Вінцук Вячорка, пра герб – Міхась Ткачоў. Дэпутаты БНФ Валянцін Голубеў і Алег Трусаў тлумачылі іншым парлямэнтарыям асобныя эпізоды беларускай гісторыі, пра якія не пісалася ў савецкіх падручніках.

6. Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, Зянон Пазьняк не выступаў пры абмеркаваньні пытаньня пра дзяржаўныя сымбалі. Не выступалі і дэпутаты, якія актыўнічалі на надзвычайнай сэсіі 24-25 жніўня (Галіна Сямдзянава, Яўген Глушкевіч, Сяргей Навумчык і некаторыя іншыя), паколькі яны маглі выклікаць нэгатыўныя эмоцыі ў намэнклятуры і вэтэранаў.

У гэты дзень Апазыцыя БНФ кардынальна зьмяніла тактыку – націск, якім ўдалося дамагчыся ў жніўні спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС і абвяшчэньня Незалежнасьці, саступіў месца агітацыі і пераконваньню дэпутатаў парлямэнцкай большасьці. Такая тактыка дала свій плён.

7. Дэпутат Аляксандар Лукашэнка быў у ліку тых нешматлікіх дэпутатаў, хто прапанаваў не разглядаць пытаньне аб зьмене сымболікі. «Паколькі гэта сур’ёзнае пытаньне — давайце яго ня будзем вырашаць наскокам, не адразу, не на пазачарговай сэсіі. Давайце яго вырашаць прадумана, узважана і пісьменна», — сказаў ён.

Як паказалі наступныя падзеі, перанос разгляду пытаньня на пазьнейшы тэрмін зь вялікай імавернасьцю азначаў бы адмоўны вынік, паколькі былыя камуністы ачунялі ад «постпутчаўскага шоку», і шмат якія прапановы дэпутатаў БНФ не набіралі належнай колькасьці галасоў. Лукашэнка таксама выступіў супраць унясеньня зьмены ў Канстытуцыю, якія дазвалялі зацьвердзіць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці дзяржаўных сымбаляў. Пры пайменным галасаваньні па гэтым пытаньні Лукашэнка ўстрымаўся.

8. Істотную ролю ў настроях дэпутатаў адыграў прэзыдэнт Акадэміі навук Ўладзімер Платонаў (у свой час – самы малады акадэмік). За некалькі дзён да гэтага Інстытут гісторыі і прэзыдыюм Акадэміі навук БССР выступілі з рэкамэндацыямі прыняць нацыянальныя сымбалі ў якасьці дзяржаўных, гэтыя дакумэнты былі раздадзеныя дэпутатам. Тых дэпутатаў зь ліку намэнклятуры, якія сумняваліся, пераканаў Георгій Таразевіч, былы старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР, які карыстаўся аўтарытэтам у партыйнага апарату. Зь ім раней дамовіўся Станіслаў Шушкевіч, тэзісы выступу напісаў Зянон Пазьняк.

9. У кулюарах сэсіі, калі дэпутаты БНФ агітавалі прагаласаваць за «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг, некаторыя дэпутаты — вэтэраны прапаноўвалі «кампрамісныя», на іх погляд варыянты. Напрыклад — «Хай будзе вашая «Пагоня», герб з канём, але на шчыце — нашая, чырвоная зорка!» (альбо, як варыянт — «наш серп і молат»). Аднак ўдалося адстаяць «Пагоню» з крыжом.

10. Для прыняцьця станоўчага рашэньня трэба было ўнесьці зьмены ў Канстытуцыю, гэта значыць, сабраць дзьве траціны галасоў дэпутатаў – 231. Галасавалі тройчы. Першы раз не хапіла 30 галасоў, другі раз – 10, і толькі на трэці раз была дасягнутая неабходная колькасьць, голас у голас – 231.

11. У той жа дзень, 19 верасня, Вярхоўны Савет 12-га скліканьня зьмяніў і назву дзяржавы: замест Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі краіна стала называцца – Рэспубліка Беларусь.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up