Новости / Культура

Ён вернецца: асоба Францішка на ростанях веры

29.06.2017, 23:55 / remove_red_eye 152 / chat_bubble

«Народ, если такое понятие существует, бесконечно виноват перед своей интеллигенцией» (Варлаам Шаламов). Сучасныя гістарычныя даследаваннi ўсходнеславянскага хрысцiянства, прысвечаныя 500-годдзю выдання «Библия руска» правакуюць спрэчкі  наконт канфесійнай прыналежнасці Францыска Скарыны. Рэлігійнае непаразуменне выбухнула iнцыдэнтам выказвання славутага навукоўцы Аляксандра Пашкевiча ў «Нашай Нiве»: «Калі лічыць «нашай» верай толькі ўніяцтва, то тады мы павінны прызнаць, што і ўся гісторыя, якая была ў нас да канца XVI ст. і якую прасоўвалі выключна прадстаўнікі іншых канфесій, было «ня наша». А гэта азначае, што выпадаюць самыя слаўныя часы Вялікага Княства Літоўскага з дзейнасцю Францыска Скарыны ўключна. Ды і потым, аж да 1839 г., «наша» гісторыя ў такім выпадку – фактычна толькі гісторыя сялянства, бо менавіта яно ў асноўным і складала прыхаджан уніяцкай царквы, а эліты належалі да іншых канфесій, перш за ўсё рымска-каталіцкай» [1].

Ён вернецца: асоба Францішка на ростанях веры

Францішак Скарына

На тле элiтных твараў i кволых сялянскiх хат паўстаe асоба, не абцяжараная багаццем, славай, кананізацыяй, цi сакралiзацыяй, як гэта адбывалася, напрыклад, з iншым беларускiм першадрукаром, дыяканам Iванам Фёдаравым. Асоба,  наогул, істота генералізаваная адносна гендэрных, рэлігійных ды нацыянальных стасункаў. Асабісты выбар, у адрозненне ад ініцыятывы суб’екта, звязаны з іншай, нябачнай, не публічнай асобай, самаадвержаны подзвіг каторай застаецца актуальным па-за межамі сацыяльна-адукацыйнай сістэмы. Прафесар культуралогіі Ю.В. Чарняўская некалі aпублiкавала ў сацсецях iнцыдэнт, звязаны з крызісам нашай адукацыйнай сістэмы. Выпускніца ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прэтэндуючая на чырвоны дыплом, зрыньвае ў «культурны шок» чальцоў ДзЭК падсвядомай падменай сціплай постаці асобы на публічную фiгуру «вiцязя» (ад сканд. viking):

– Хто з  беларусаў першым пераклаў Біблію на родную мову?

– Марцін Лютар? – няўпэўнена прамармытала выдатніца.

РЕКЛАМА

– Кінг? – падступна справакаваў інтраекцыю няшчаснай экзаменатар.

– Кiнг! – канчаткова выціскаючы свядомасць, дзяўчына выракла рэдукцыю слова viking.

Што праўда, у сітуацыі ўціску  асабістыя здольнасці да ідэнтыфікацыі іншай асобы загортваюцца, застаецца толькі рабская пакора прыняцця ўлады чужога меркавання. Змена колеру дыплома з чырвонага на «ружовы», апрача педагагічнага абурэння, выклікае яшчэ і псiхааналiтычную ўедлівасць, што да бессвядомасцi, «структураванай, — па  Жаку Лакану, — як мова». У дадзеным выпадку склалiся ўмовы сiмвалiчнага змяшчэння  iмёнаў таго часу, калі Марцін Лютар (каторы не Кiнг) дэманстратыўна прыбівае менавiта ў 1517 годзе да дзвярэй Вітэнбэргскай кірхі свае тэзісы. Аўтарытэтны брытанскі часопіс The Economist, параўноўваючы Францыска Скарыну з аўтарам дзевяноста пяці тэзісаў Рэфармацыі,  называе нашага земляка  адной з найвялікшых постацяў у Еўрапейскай культуры ды адукацыі.

Сённяшняя культурна-адукацыйная рэальнасць такая, што адсутнасць у ёй асабістай постаці Слова зацягвае ў сваю апантаную варонку  нацыянальны ўніверсітэт. Гэта стварае ўмовы замацавання «Кода aдсутнасцi як калажу беларускай ментальнасцi» (В. Акудовiч). Падобна таму,  як «Чорны квадрат» К. Малевіча замяняе сабой святло, так напластаванне эмацыйных станаў “прывучанай бездапаможнасці» выціскае, па М. Сэлігману, гатоўнасць да лагічнага станаўлення асобы [2]. Некрытычнае стаўленне Аляксандра Васільевіча да «нашай», г.зн. «не ўніяцкай веры», правакуе характэрную суб’ектыўную ацэнку царкоўнай гісторыі. 

Калі  разгледзець выключную дзейнасць Першадрукара так, каб яна мянтальна не адрознівалася ад справы каталіцкай супольнасці  ut unum sint [3], дык яе псіхалагічная сутнасць палягае на канфесiйнай еднасці першасвятарскай малiтвы Iсусa: «Хай усе будуць адно» [4, Ян 17, 21]. Нагадаем, па-першае, што задоўга да Рэфармацыi ўжо існавала i зараз нiкiм не адмененая  Фларэнцiйская Унiя (unio) 1439 года, якую вольны чалавек Скарына, безумоўна, мог вызнаваць, аб чым, у першую чаргу сведчыць зусiм «не праваслаўнае» iмя Францыск, якое перакладаецца менавiта як «свабодны».  Слова, успрынятае асобай, робiцца iсцiнай: «Пазнаеце ісціну, і ісцiна зробiць вас свабоднымi» [4, Iн 8, 32]. Свабоднымi aд чаго? Перадусiм, aд падзелаў на гаспадара і раба праз хрысцiянкую альтэрнатыву асабістасці:

Маліся, бабулька, да Бога,

Каб панам ніколі не быў:

Не прагнуў ніколі чужога,

I дзела, як трэба, рабіў.

Прад меншым каб носу не драў я,

Прад большым не корчыў спіны,

Каб грэх  прад сабою пазнаў я,

Ды ў iншых не бачыў віны.             (Францiшак Багушэвіч)

Па-другое, многім вядома, што расiйскае слова «крестьянин» паходзiць ад грэчаскага  χριστιανός.  Калi, з пункту гледжання А.В. Пашкевіча, гісторыя ўніі гэта «фактычна толькі гісторыя сялянства», дык Віленскае барока з Полацкай Сафіяй і «Полацкім сшыткам», архітэктурным ансамблем Жыровiцкага манастыра або Траецкай Царквою ў Вольна пад Баранавічамі хіба не адлюстроўваюць сялянска-гарадскую еднасць народа з «самых слаўных,  — па аўтары,  — часін Вялікага Княства Літоўскага»?

Па-трэцяе, сам Аляксандр выдатна ведае, што,  апрача сялян і «эліты», існавалі яшчэ вольныя гараджане (лац: cives), або мяшчане (польск: mieszczaniе) — трэцяе саслоўе «дробнага бюргерства», для якога ў ВКЛ канца XVI ст., сапраўды,  як адзначае аўтар,  склаліся ўмовы для выбару рэлігіі.  Але  ў асноўным сярэдні клас мяшчанства ментальна больш адпавядаў  духу Крэўскай 1385, Люблінскай 1569, Берасцейскай 1596 Уніі двух народаў і аднаго, Каталіцкага веравызнання рымскага ды візантыйскага абрадаў. Асноўнымі сферамі заняткаў мяшчан-уніятаў былі рамёствы, промыслы, гандаль. Менавіта з мяшчанства ўзнікае такі сацыяльны пласт, як інтэлігенцыя. У шостым нумары «Мужыцкай Праўды» беззямельны шляхціч Вінцэнт (Кастусь) Каліноўскі піша пра адраджэнне ўніяцкай царквы як падставы адраджэння Вялікага Княства Літоўскага. Пасля 1917 г. у часе панавання дыктатуры пралетарыяту і ідэалогіі бяскласавага грамадства слова «мяшчане» ўжывалася з адмоўнай характарыстыкай меркантыльных людзей з абмежаваным кругаглядам, як, напрыклад, у п’есе М. Горкага «Мяшчане». На гэтым алегарычна непрыдатным тле мною, савецкім юнаком, неяк збянтэжана ўспрымаўся ў тую пару бацькоўскі наказ: «Помні, што мы былі вечнымі мяшчанамі ды нікому ніколі не падначальваліся».

Гараджане, адпаведна з саслоўем, перадавалі словы Пісання на роднай мове. Доктар Францiшак Скарына першым распачынае дыялог з чытачом, метадычна павялiчваючы ўзровень яго псiхалагiчнай гатоўнасцi да бiблейскай навукi.  У ментальным самавыяўленнi народа больш відавочнай робіцца адэкватная яму перадумова еўрапейскай культуры замест субкультурнай трыяды «Самодержавие,  православие,  народность» (граф С.С. Уваров, 1833).  Асабiстае быццё чалавека пачынаецца з валявога вызнання ўласнага выбару: «Хай будзе воля Твая i на зямлi, як на небе».

Зямля «братоў маіх Русі» прагне, паводле Скарыны,  пранікнення ў свой генезіс вечных каштоўнасцяў праз культурныя пласты, якія выклікаюць трансфармацыю асобы разам з захаваннем рэлiгiйнай традыцыі. Менавіта «Старыя мяхі» [4, Мф 9, 17] дапамагаюць народу адаптавацца да новай Еўропы. Гэтая супольнасць створана, па-першае, Каталiцкай культурай, па-другое, цывілізаваным унiверсiтэтaм, па-трэцяе, пратэстанцкай індывідуальна-ліберальнай эканомiкай.

РЕКЛАМА

Усім прыхільнікам Балонскага працэсу вядома гісторыя, па якой заснавальнікамі ўніверсітэта былі зямляцтвы, або выхадцы з адной мясцовасці, так званыя нацыі. Не кароль, не курфюрст, не Папа Рымскі, але менавіта ўніверсітэцкае юнацтва знаходзіцца ў аснове саматоеснасці  шматнацыянальнай Еўропы. Мне могуць запярэчыць, што самая першая нацыя, габрэі, не навучаліся калісь ва ўніверсітэце! Але габрэйскім універсітэтам быў і застаецца ТаНаХ, або Тора, Небиим і Хетубим (Пяцікніжжа, Прарокі, Пісання). Не губляем увагі на тое,  што толькі краіна Ізраіль карыстае Закон Маісея ў якасці дзяржаўнай Канстытуцыі. Біблія вызначыла назву габрэйскай нацыі: Народ Кнігі. Еўрапейскія нацыі, паводле генетычнага прадпiсання, з’яўляюцца спадчынай аднаго з сыноў Ноя: «Хай пашырыць Бог Яфэта і хай уселіцца ён у намёты Сімавыя» [4, Быц 9, 27], г.зн. увойдзе разам з габрэямі ў надзел Кнігі.

Унiверсiтэцкая свабода блiжэй да iсцiны, чым семінарская паслухмянасць. Ваяўнiчы атэiст Славой Жыжак, пераасэнсоўваючы экзiстэнцыяльны лозунг Ф.М. Дастаеўскага «Eсли Бога нет, то все мне позволительно», абвяшчае яго панавачасную iнтэрпрэтацыю: «Калi Бог ёсць, дык усё мне дазволена». Праводзячы ў такi способ дэканструкцыю як права-радыкальнай,  так i левацкай, уласна, інфанцільна-антыхрыставай («я бог») эгасімптаматыкі, фiлосаф міжволі сцвярджае aпостала Паўла: «Усё мне дазволена, ды ня ўсё на карысьць; усё мне дазволена, але нішто не павінна валодаць мною» [4, 1 Кар 6,12]. Парадокс у тым, што не праваслаўная сэнтэнцыя Фёдора Мiхалыча, а лагічная філіроўка з атэiстычнай iронii Жыжака аказваецца больш тоеснай да высновы Iзраiля: калi Бог ёсць любоў, дык улюбёнаму Дaвiду на вайне з Галiяфам можна ўсё: шпульнуць у злога камень з прашчы, або, пры неабходнасцi, і тамагаўк. «Вынішчэньне зла вызначана збытнай праўдай» [4, Іс 10, 21]. І месцам справядлівага вынішчэння зла робіцца сам чалавек. У такі спосаб,  увараўскай трыядзе “самодержавие, православие, народность» існуе гегелеўская альтэрнатыва, яркая   ўтварае гістарычны крок асабістага набыцця свабоды і незалежнасці. Пры дыялектычным паўторы гэтага кроку можна здабыць свабоднае ад правага ды левага ўхілу адмысловае прыняцце Творцы. Калі, як па Гегелю, тэза роду і антытэза  вырадка  разам састаўляюць сінтэз станаўлення,  дык гэтым станаўленнем і ёсць Бог. Імя Бога Ізраіля праз інфінітыў дзеяслова з футурыстычнай інтэнцыяй יהוה спасцігаецца, менавіта, як дзеяслоў  «Быць. Станавіцца» [4, Ян 8, 32], па Гегелю das Werden, а па М. Лютару, Ich werde,  das   Ich werde sein, «Я станаўлюся тым,  што я буду».

Калі імя Бога любові старанна абязлічваецца афіцыйнай трыядай, прывілея свабоды адбываецца вытокам фармавання студэнцкай нацыі часоў Скарыны: Frei ist der bursch, або «Бурш вольны!». Актуальнасць  гэтай прывілеі ў тым, што студэнт вольны ў сваіх думках i самастойных рашэннях, не падначаленых чужым ацэнкам ды жаданням. Амаль праз 900 год пасля Балонні,  як пачатку адукацыйнага працэсу,  паэт Эдуард Асадаў зрабіў «адкрыццё» для  фізікаў ды лірыкаў 60-х: «Так пусть, пройдя моря и континенты, сухарь этнограф в атлас занесёт, мол, есть такая нация — Студенты — лихой, не унывающий народ».  Дэвіз Universa universis patavina libertas — «Генеральная свабода для ўсіх» — стаў інкунабулaй нацыянальнай ідэнтычнасці вечнага студэнта, які марыць аб свабодзе «Братоў маіх Русі». Так звяртаецца да нас тлумач кнігі «Библия Руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Людзі паспалітыя адносілі сябе да полісу як справе народнай (пар. Respublika). Пры гэтай справе ўсе органы дзяржаўнай улады абіраліся на пэўны тэрмін і фармаваліся агульнанацыянальнымі прадстаўнічымі ўстановамі ВКЛ, выключаючы спадчынны ці іншы, не выбарны спосаб перадачы ўлады, а грамадзяне валодалі асабістымі і палітычнымі правамі. Толькі напрыканцы XVIII ст. людзi паспалітыя зрабiлiся прыгоннымi сялянамi. Да Першага падзелу ВКЛ народ паспаліты, у адрозненне ад служылых казакоў, культурна   ўпрыгожвае зямлю, на якой жыве. З гэтай эстэтычнай інтэнцыі, уласна, і пачынаецца Скарынінскі пераклад 2 страфы 1 раздзела Быцця. Звыклая для слыху сінадальная страфа «Земля же была безвидна и пуста» ў Скарыны пачынаецца пранікнёнымі словамі: «Земля же бе неплодна і не украшенна». Ад спустошанага, «чарнобыльскага»  пейзажу  да захаплення прыгажосцю Земли «и виде Бог яко добро», ствараецца перспектыва яе плоданашэння разнастайным хараством народаў, значная частка якіх, аж да гэтай пары скаваная, па ўласнай упартасцi, вузамі злачынства.

Адна з цікавых і загадкавых Біблійскiх гісторый — легенда пра Язэпа ды яго рознакаляровую вопратку. Разадраная і афарбаваная прадажнымі братамі крывёй ягняцi [4, Быт 37, 33], яна сімвалізуе гісторыю барацьбы нацый за ўласную ідэнтычнасць праз уяўную смерць Месіі, яго кенозис (гр. Κένωση — спусташэнне) і самаўніжэнне аж да прыняцця выявы раба [4, Філіп 2, 7]. Але паўстанне ў цэласны вобраз славы народа Ізраіля не абыходзiцца без прыметніка «кашэрны» (ад іўр. כָּשֵׁר, «цэласны»), якi  з’яўляецца антонімaм прыметніка «трэфны», (ад іўр. טְרֵפָה, «разадраны»). Aдсюль становiцца больш зразумелым значэнне Израiля, Народа Божага, ужо не разадранага на «Юдэя, язычніка, раба, вольнага, мужчын, жанчын», але цэльнага,  як хiтон Iсуса [4, Iн. 19, 23], насення Абрагамава,  паводле абяцаньня спадкаемцы [4, Гал 3, 28]. 

У постацi Скарыны мы бачым ментальнае прадстаўніцтва  беларуса, схільнага да адасобленасці,  самотнага працаўніка, які прайшоў, як па трыядзе Сюрэна К’еркегарда,  шлях мяшчаніна ад эстэтыкі захаплення хараством сваёй зямлі,  праз этыку сейбіта,  да рэлігіі вызнаўцы Ісуса Найсалодкага ў Акафісце пяра «лебядзінага», акрасцiх якога складае  фразу: «Делал доктор Скоринич Франціскус». Мешчанін, набыўшы сілу iталiйскай медычнай навукі, на якой трымаецца Еўрапейская цывілізацыя, ён не злоўжываў гэтай сiлай праз ганаровую постаць магната. Упершыню ва ўсходнім славянскім свеце лекар Скарына звярнуўся да асобы, якая валодае ўласным здароўем па меры пазнання Божага вобраза. Уганараваны дыпломам бакалаўра праз курс «свабодных навук» Ягелонскага і вучонай ступенню доктара Падуанскага ўніверсітэта, Францішак атаясамлівае сябе, праз «слаўны горад Полацк», з народам паспалітым. Горад «слаўны» азначае цывілізаваны праз атрыманне Магдэбургскага права ў 1498 г. Лішнім не будзе нагадаць, што ні Масква «Трэці Рым», ні Пецярбург ніколі не валодалі такім правам. Жыхары гарадоў, якія атрымалі Магдэбургскае права, вызваляліся ад феадальных павіннасцяў, ад суда і ўлады ваяводаў, старастаў і іншых дзяржаўных чыноўнікаў, замест чаго ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат.  І вось,  baccalarius, г.зн. «бедны і малады рыцар, уладальнік маёнтка без зямлі», але шчаслівы праз «спадчыну  зямлі» [4, Мц 5, 5],  адноўленай аж праз дзясяткі пакаленняў народа, які, урэшце, навучаецца адрозніваць сябе ад іншых, як «адрозніваць сваю правую руку ад левай» [4, Іна 4, 11].

На тле самаактуалізацыі асобы панавачасны партрэт з умоўнай назвай «Скарына Піцерскі», працы мастака Нікаса Сафронава, можа паслужыць «кодам адсутнасці» саматоеснасці ў нашага сучасніка,  які не ведае ўласнай гісторыі. Справа ў тым, што гэты партрэт у 2013 годзе знік з мастацкай галерэі Брэсцкай крэпасці, а ўзамен яго выстаўлена карціна, на якой тым жа аўтарам намалявана «жанчына ў вобразе белай коткі» з таямнічым  подпісам “Ён  вернецца». Каб уявіць сабе таго, хто мусіць вярнуцца, асоба Першадрукара, або вобраз Першапрэзідэнта, звернем увагу на метафару коткі, якая ў егіпцян асацыявалася з месяцам і прысвячалася багіням Ісіде і Баст, г.зн. захавальніцам шлюбнага саюза. Котка атаясамлялася з ноччу, пладавітасцю і весялосцю. Таму жаночую істоту  Баст і малявалі ў абліччы коткі. Часам яе лічылі жонкай бога-творцы Птаха, або атаясамлялі з маці неба Нут, у сувязі з чым Баст таксама набыла функцыі сонечнага Вока. Тут,  акурат,  і паўстае ў памяці вядомы сігнет Францыска Скарыны, на якім выяўлена прамяністае Сонца анфас з прытуленым да яго тварам маладзіка ў профіль. Сімвал «Месяц сонечны» адпавядае атрыманню фізічнага здароўя праз духоўнае: orandum est ut sit mens sana in corpore sano. Гэтае правіла Ювэналa звычайна рэдукуецца «Пракруставым ложам», каб без уступнай малітвы  orandum ды атрымаць адразу  «ў здаровым целе здаровы дух».

Для антраполагаў і псіхолагаў міфічная сімволіка можа стацца надзвычай важнай крыніцай інфармацыі. Згодна з З. Фрэйдам, міф — той крок, з дапамогай якога асобны індывід выходзіць з масавай псіхалогіі,  што міжвольна пабуджае выказванні спантаннай самаацэнкі ў эмацыйным  адлюстраванні рэчаіснасці. На думку Псіхааналітыка, міфы паўсталі як калектыўная фантазія, якая адлюстроўвае жаданні цэлых народаў.  Напрыканцы свайго стогадовага жыцця стваральнік структурнай антрапалогіі Клод Леві-Строс сцвярджаў, што крызіс культурнай ідэнтыфікацыі стане бядой XXI стагоддзя і прагназаваў пашырэнне праблем культурна-псіхалагічнага плану, які ўключае ў сябе не столькі ўсёабдымнае веданне і вопыт, колькі лінгвістычны здабытак і маральную годнасць: «Дваццаць першае стагоддзе або будзе гуманітарным,  або яго не будзе наогул». Структурная антрапалогія патрабуе разгляду культурна-міфалагічнай ідэнтыфікацыі не толькі як эстэтычна эмацыйнай сувязі асобы з цывілізаваным светам, але як важнага механізму яе ўзаемадзеяння з культурным асяроддзем, валодаючым прадпісаннем рэлігійнай згуртаванасці: «Вера,  якая не пераходзіць у культуру,  дарэмная» (св. папа Ян-Павал).

Францыск Скарына ініцыятыўна надае свабодзе чын «мы», які ўключае станоўчыя сістэмныя ўяўленні «пра іншых» у культуры, мове, тэрыторыі пражывання, гістарычным мінулым, дзяржаўнасці: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птицы, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рыбы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих». Аднак той жа Скарына, як і кожная, без выключэння, цывілізаваная асоба, не змог пазбегнуць астракізму ў ганенні праз адмоўныя гетерастэрэатыпы, непрыманнi, ухіленнi, пагарды да persona odioso у сітуацыі цемрашальства. У 1525 годзе Францыск прадпрымае місіянерскае падарожжа ў Маскоўскае княства, адкуль яго не толькі выганяюць як ерэтыка, які асмеліўся дапоўніць «священное слово превыспренне щегольским злоумышленным заумствованием», але, у схiзматычным сваволю, публічна спальваюць на мяжы з ВКЛ малыя падарожныя кнігі, аб чым ёсць пісьмовае сведчанне ад 1552 года караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста да Альберта Крычке, свайго пасла пры папе Юліі III [5]. Асоба заўжды падвержанa прэсiнгу, у першую чаргу aд блiзкiх людзей, ад радзiмы, да якой свяцiцель наiўна далучаў i Масковiю. Паказальна, што на працягу ўсяго XVI стагоддзя імя беларускага першадрукара было тут пад забаронай.

Як паўшчувала мяне некалі адна з маіх былых прыхаджан: «Дзярэўню горадам не зробіш». Пра лёс уніяцкага святара ва ўціску з боку маскоўскіх царкоўных уладаў лепш прачытаць у кнізе Дзяніса Лісейчыкава [6]. Але яшчэ напярэдадні заключэння Берасцейскай Уніі  становішча маскоўскага кліра не выглядала менш дэпрэсіўным. Дыякан  Іван Фёдараў толькi пасля смерцi быў узнесены на п’едэстал. У 1566 годзе, пацярпеўшы пераслед, ён разам з Пётрам Мсціслаўцам вымушаны быў пакінуць Маскву і вярнуцца ў ВКЛ. Пасляслоўе да Львоўскага Апосталa 1574 года змяшчае запiс, што ў Маскве яму прыйшлося зведаць вельмі моцнае і частае азлабенне ў адносінах да сябе не ад цара, а ад дзяржаўных i свяшчэнных начальнікаў, а таксама настаўнікаў, якія зайздросцілі яму, ненавідзелі яго, абвінавачвалі ў многіх ерасях і хацелі знішчыць Божую справу кнігадрукавання.

Падначальнасць аўтарытэту — гэта балванахвальства. Фарысеi, пытаючы стражнікaў храма аб Iсусе, заклікалі да падпарадкавання: «Хіба хоць адзін з начальнікаў альбо з фарысэяў Яму паверыў?» [4, Iн 7, 48]. Веруючы начальнiк гэта нонсэнс. А xрысціянiн, якi лiчыць сябе самога добрым настаўнiкам, гэта саманадзеяны маргiнал. Варлам Шаламаў, сын святара, прыдумаў, так бы мовіць, 11 пастанову: «Не вучы блiжняга свайго». Дзякуй Богу, сучаснае лядакае становiшча Вунii на Беларусi мае адну велiзарную перавагу: aдсутнасць начальнiкаў ды настаўнiкаў, бо не мае ўласнай семiнарыi ды выдатна абыходзiцца без афiцыйнага кiравання (лац. diocesis).

Лёс Рускай Бібліі ёсць адлюстраваннем рэчаіснасці, акружанай усялякімі начальніцкімі  агаворкамі. Грамадства ўмацоўваецца толькі праз дзяржаўную санкцыю сiлы, у тым лiку сiлы ведаў, манапалізаваных так, што на пачатку станоўча ахоплівае ўсіх сваіх чальцоў і дабрачынцаў. Затым справа адукацыі і асветы раптам бурыцца, падае ў тым самым выглядзе, у якім яшчэ незадоўга перад тым ухвалялася і заахвочвалася вышэйшымі ўладамі. Падобная ненатуральная падстава адбылася і з ужо гатовым да друку дзесяцітысячным накладам першага тома Святога Пісання на расiйкай мове, які свет так і не ўбачыў. Напрыканцы 1825 г. яго асобнікі былі спалены на цагляным заводзе Аляксандра-Неўскай лаўры. Гэтым завяршылася праца Расійскага Біблейскага таварыства (РБT) па перакладдзе і выданні Бібліі рускай. Астатнія кнігі Старога Запавету, пераклады якіх паспелі зрабіць у рамках праграмы РБT, у друк ужо не пайшлі. Крызіс у справе рускага перакладу быў пераадолены толькі ў 1856 г., калі, дзякуючы настойлівасці мiтрапалiта Маскоўскага Філарэта Драздова і кола яго аднадумцаў, напрацягу царавання Аляксандра ІІ было вынесена афіцыйнае сiнадальнае рашэнне аб аднаўленні рускага перакладу Святых Пiсем. Першае поўнае выданне рускай Бібліі у Сінадальным перакладзе выйшла толькi ў 1876 г.. Але было ўжо позна, каб асветай i культурай папярэдзiць навалу камунiстычнага мадэрнiзму, адкрываючага «Чалавека граху, сына пагібелі, які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, званы богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як бог, выдаючы сябе за бога» [4, 2 Фес 2, 4].

I ўсё ж не меншую небяспеку, чым мадэрнізм, уяўляе сабой комплекс, калі не сказаць «свінакомплекс» у духу «панавачаснага пастішу» (фр. pastiche) — гэта аксюмарон «Праваслаўнага атэізму». Так, губернатар Вадзім Патомскi ў сваім выступу на ўстаноўцы ў Арле помніка Івану Грознаму, агучыў дзяржаўна-арцельную  «скрепу», па якой, як аказалася, цар зусім не забіваў сына, проста «своечасова не аддаў яго лекарам». Потым, дадаўшы ад сябе, начальнік  паведаміў «зразумелыя» кожнаму беларусу словы: «у дарозе сын Грознага захварэў, калі яны ехалі з Масквы ў Пецярбург» (партал istoki.tv, 2016/07/21). Храм немінуча становіцца пасадам аселасцi маргiнала, выбiранага атэiстычна-праваслаўным насельнiцтвам, бо нiякае iншае насельнiцтва не дойдзе да такой ступенi арцельнай безсвядомасцi.

Расiйскае слова «артель» паходзiць ад цюркскага «Орта» — арда, сярэдзіна, i ўжываецца ў тым жа сэнсе, што і «род», «рот», «ртиться», г.зн. прысягаць, у першую чаргу «царю батюшке». Да параўнання, беларускае слова талака (пар. англ. Talking — той, хто прамаўляе) азначае суполку, малую сацыяльную группу, уласна, сям’ю, з’яднаную эмацыянальнымi мiжасобаснымi зносiнамi, ня воляй правадыра, але паводле абяцанага слова па выкананні сумеснай культурніцкай і прафесійнай дзейнасцi, патрабуючай асабiстай адказнасцi перад супольнасцю, зацiкаўленай як у зборы ўраджаю, высечцы лесу, так i збудаванні дома.  У такі спосаб,  адрозненне талакі ад арцелі палягае ў адрозненні  менталітэту  домабудаўніцтва ад дэспатыі «Домостроя» папа Сiльвестра.

Домабудаўніцтва краіны не адбудзецца без эгрэгара нацыі, або душы рэчы, анёла, «ментальнага кандэнсата», спараджальнага думкамі і эмоцыямі людзей, набыўшых самастойнае быццё. Аўтар гіпотэзы «Культурнага прарыву» ў заходняй мадэлі этнічнай ідэнтыфікацыі Рональд Інглгарт (R. Inglehart, ЗША) прыводзіць тэзіс, згодна з якім высокая ступень адукацыi і прафесійнай кваліфікацыi суправаджаецца схільнасцю да постматэрыялiсцкiх каштоўнасцяў, значная доля якіх прыпадае на сацыяльна-псiхалагiчны статус бацькі альбо яго эгрэгара (ад грэч. ἐγρήγορος «хто чувае, бадзёры, не спіць, выдатны, знакаміты»; пар. польск. grzeczny). Цікава,  што менавіта з гэтым тэрмінам звязана анаматалагiчнае (ад грец. onoma — iмя) непаразуменне з біяграфіяй першадрукара. Так, надпіс на помніку ў Полацку абвяшчае: «Георгій Францыск Скарына». Упершыню гэтае iмя пачалі ўжываць адносна Францiшка ў другой палове XIX ст., пасля апублікавання ў 1858 годзе копіі дзвюх грамат караля Жыгімонта I на лацінскай мове. Памылка прачытання паслужыла падставай некаторым даследчыкам лічыць, што сапраўдным іменем Скарыны было праваслаўнае Георгій. І толькі ў 1995 годзе беларускі гісторык і кнігазнаўца Георгій Галенчанка знайшоў арыгінальны тэкст прывілею караля Жыгімонта, у якім вядомы фрагмент «з Георгіем» быў выкладзены наступным чынам: «egregium Francisci Scorina dе Роlосzkо artium еt medicine doctoris». З выкрыцця фальсіфікацыі перапісчыка спрэчкі вакол імя, якія вяліся на працягу стагоддзя, спыніліся [5]. 

Адчужэнне імя эгрэгара нацыi было наканаваным рэальнай траўмай безбацькоўства, дакладней, безайцоўства праваслаўна-атэiстычнага насельнiцтва. Неўратычная абыякавасць праз «Спіраль маўклівасці» (Э. Ноэль-Нойман) садзейнічала выгнанню імя Францiшка з цэнтра сталіцы аж на Старабарысаўскі тракт, «распутье» Масквы i «Питера», адпаведна  культурашоку, згодна з якім «он жил и творил там». Жывое iмя асобы было заменена помнiкам Першадрукару працы Алеся Дранца на ростанях Нацыянальнай бiблiятэкi з лапiдарнай, i таму ўжо бяспечнай для фiлiсцера,  «Падарожнай Бiблiяй». У проціборстве iнтэлiгента i фiлiсцера  пакуль што перамагае апошнi, г.зн. Галiяф. Рэальнае месца эгрэгара нацыi было вызвалена для вiртуальнага «віцязя».

Ментальны фактар падзелу  фiгуры Скарыны паміж гісторыяй і актуальнасцю пераконвае нас у сялянскім непаразуменні праваслаўнай версіі «Георгій» (ад грэч. Γεώργιος — земляроб) на тле ліберальнай інтэнцыі «слаўнага горада» Франціска (ад лац. Franciscus — свабодны). Імя, у якасці маркера канфесійнага менталітэту нацыі, азначае коласаўскі стан юнака «На ростанях». Стан «распутья» (лац. discurro) азначае блуканне віцязя па пакутах. Як асіметрычнае пачуццё Enten-еller С.К’еркегарда, так лёс беларуса «Або-або» матывуе асабісты выбар: або застацца,  або, усё ж такі, знайсці выхад з выраджанай «Большой деревни» да «горада Ерусаліма, новага, які сыходзіць ад Бога з неба, падрыхтаванага, быццам нявеста, убраная для мужа свайго» [4, Адкрыццё  21].

Асабісты шлях сучаснага беларуса сёння ў чымсьці паўтарае шлях славутага літвіна ад Сярэднявечча да Асветы. Толькі для Скарыны ён распасціраецца праз кнігадрук, а для кожнага з нас праз больш даступны спосаб Інтэрнэту. Спіраль маўчання мае ўладу над грамадскасцю толькі абмежаваны час. Па iронii лёсу, Чарнобыльскі Шлях 26 красавiка юбілейнага года адзначыўся канфесійным дыскурсам, з аднаго боку,  у друкаваным артыкуле знакамітага гісторыка, з другога боку, у электроннай публікацыі невядомага псіхолага на Рэспубліканскім вэбiнары,  прысвечаным 500-годдзю «Библия Руска»[7]. Гэтая апошняя падзея адбылася ў Інстытуце псіхалогіі, які размешчаны акурат на вуліцы Францыска Скарыны, 13. Дыскурс, як перасоўванне з вёскі ў горад, накшталт  шэсця па Егіпецкай пустыні,  спаўняецца запаветнай мэтай  «Зямлі абяцанай», бо «люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають». Францішак вернецца – «Ён вернецца» не партрэтам «Скарына Піцерскі»,  але малой спадарожнай кніжкай — ад Нацыянальнай Бібліятэкі вялікім праспектам па гарадскім маршруце «Усход» [4, Лк 1, 78] — «Плошча Незалежнасці». 

Выкарыстаная лiтаратура

  1. Пашкевіч, A.В. «Нашай» верай было не толькі ўніяцтва / Газета «Наша Нiва», 26.04.2017 nn.by,.
  2. Селигман, М. «Как научиться оптимизму. Измените взгляд на мир и свою жизнь / Мартин Селигман. — М. : Альпина Диджитал, 2014. — 430 c.
  3. Иоанн Павeл II.Ut Unum Sint. Энциклика / Католическая энциклопедия в 5 т., Т.5. — М.: Изд. францисканцев, 2013. — С. 895–896.
  4. 4. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету кананічныя ў беларускім перакладзе / Перакладчык Васіль Сёмуха — World wide printing Duncanville USA, — 1535 c.
  5. Галенчанка, Г. Заблудаўская друкарня // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя.  / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2006. — 684 с.
  6. Лісейчыкаў. Дз. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596―1839 гг. / Дзяніс Лісейчыкаў; Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Мінск: Беларусь, 2015. — 717 с.
  7. Республиканский веб-семинар «Истоки формирования психологической культуры (к 500-летию первого печатного издания Франциска Скорины)», 26.04.2017 / http://video.bspu.by/index.php/vebinary.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up