Новости / Общество

Што нам можна было 10 гадоў таму, а цяпер забаронена

30.04.2017, 12:33 / remove_red_eye 894 / chat_bubble

«Еўрарадыё» прыгадала пра простыя рэчы, якіх нас пазбавілі за апошнія дзесяць гадоў.

Заходзіць у Студэнцкі гарадок БДУ

Той самы дыван, на які так і не прыйшоў рэктар. Фота: KYKY.org

 

Два гады таму ў БДУ быў свабодны доступ. Вы маглі наведаць там сябра, паказаць універсітэт свайму дзіцяці. Нарэшце, проста прыйсці пагрэцца ў ціхім студэнцкім дворыку. Паглядзець на адзіную ў Мінску скульптуру Махандаса Гандзі, на Ефрасінню Полацкую, на Буднага з Цяпінскім. Усё змянілася пасля студэнцкага маршу, які прайшоў у снежні 2015 года. Студэнты расклалі на ганку галоўнага корпуса БДУ дыван і выклікалі на яго рэктара. Рэктар за адказам у кішэню не палез і зрабіў больш жорсткімі правілы ўваходу ва ўніверсітэт.

На некаторых факультэтах у вас проста пацікавяцца, да каго вы ідзяце, і, магчыма, прапусцяць. А на ўваходзе ў Студэнцкі гарадок спыняць і папросяць прад’явіць студэнцкі або пасведчанне супрацоўніка. Няма гэтых дакументаў? Ахоўнік пакажа на сцяну сваёй будачкі, дзе вісіць вытрымка з універсітэцкага статута. Будзь вы хоць тройчы выпускнік, былы супрацоўнік, сумяшчальнік ці проста ўладальнік настальгічных успамінаў пра ўніверсітэцкую сталоўку — вас загадана не прапускаць. Для справядлівасці, у Мінску практычна не засталося універсітэтаў, у якія вас пусцяць без лішніх пытанняў.

РЕКЛАМА

Піць піва на вуліцы

 

У лютым 2010 года ў Мінску забаранілі піць піва на вуліцы. Да таго было можна. Піць ці не піць — кожны рабіў выбар у меру сваёй разбэшчанасці. Але потым міліцыя вырашыла, што лепш забараніць. Маўляў, занадта шмат злачынстваў у гэтай краіне здзяйсняецца пад уплывам алкаголю. Спачатку грамадскімі месцамі былі абвешчаныя нават балконы шматпавярховак…

Міліцэйская статыстыка пацвярджае: з году ў год «п’яных» злачынстваў робіцца ўсё менш. А за распіццё алкагольных напояў у грамадскіх месцах, наадварот, сталі затрымліваць часцей: з 262100 выпадкаў у 2012 годзе да 349800 у 2015-м. І толькі ў апошні год статыстыка абвалілася: да 301300 затрыманых. Ну не хочуць беларусы піць піва ў чатырох сценах, не жадаюць!

Бясплатна не працаваць

Фота: Sugar and Charm

 

Так-так, гэта мы пра Дэкрэт №3 — эпічную спробу беларускіх уладаў прымусіць нацыю працаваць. Права на працу прапісана ў Канстытуцыі Беларусі. З красавіка 2015 года да яго дадаўся абавязак па фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Працуеш — плаціш падаткі; не працуеш — заплаці збор, 360 рублёў новымі.

Дэкрэт справакаваў масавыя пратэсты ўзімку і ўвесну 2017 года. Аляксандр Лукашэнка нават абвясціў, што прыпыняе дзеянне дакумента на год. Будучыня дэкрэта туманная: адмяняць яго ўлады не хочуць, а выправіць так, каб нікога больш не пакрыўдзіць, — задача вельмі складаная. Бясплатна не працаваць дазволена беларусам, якія пражылі больш за паўгода за мяжой, маладым мамам. 

Праводзіць пікеты без дазволу

Знакаміты пікет на плошчы Цяньаньмэнь, 1989.

 

У канцы 2010 года сярэдні заробак беларусаў перавысіў запаветны рубеж у $500. За гэта краіна расплацілася валютным крызісам. Да верасня 2011 года рубель дэвальваваўся амаль утрая. Раззлаваныя людзі абралі нетрывіяльную форму для пратэстаў: ва ўмоўлены час без усялякіх плакатаў і лозунгаў выходзілі на праспект Незалежнасці і проста пляскалі ў ладкі.

Нягледзячы на ​​тое, што пляскаць на вуліцы ў Беларусі не забаронена (да гэтага часу), «маўклівыя акцыі» скончыліся масавымі затрыманнямі. У тым жа годзе дэпутаты прынялі закон «Аб масавых мерапрыемствах», згодна з якім дазвол у гарадскіх уладаў трэба атрымліваць нават на адзіночны пікет. Праз некаторы час міліцыя падарыла нам выдатны прыклад прымянення закона, затрымаўшы дзвюх дзяўчат за «пікетаванне шляхам фатаграфавання» — адна рабіла здымак іншай з плюшавым мішкам у руках. Такіх мішак на парашутах скінулі над Івянцом шведы, якія парушылі паветраную прастору Беларусі на лёгкаматорным самалёце. Фотасесія адбывалася ў двары дома на праспекце Незалежнасці.

Фатаграфаваць адміністрацыйныя будынкі

Акадэмія навук у Мінску. Гэтае фота каштавала яго аўтару Змітру Ласько чатырох гадзінаў, праведзеных у міліцыі.

 

Дарэчы, пару гадзінаў у міліцыі можна правесці і проста таму, што сфатаграфаваў нешта не тое. У гэтым на ўласным досведзе пераканаўся мінчук Зміцер Ласько, калі вечарам 26 лютага 2015 года вырашыў захаваць для вечнасці ілюмінацыю на будынку Акадэміі навук. Спачатку да фотааматара выйшаў вартаўнік, потым прыехала міліцыя. Выявілася, ёсць ўнутраны дакумент, згодна з якім трэба правяраць усіх, хто робіць здымкі адміністрацыйных будынкаў, і тым больш — аддзяленняў міліцыі. 

Паліць у цягніках

Фота: www.tumblr.com

 

Мы зноў пра шкодныя звычкі і пра права людзей рабіць выбар пад сваю адказнасць. Кажуць, «Белавія» была адной з апошніх авіякампаній у свеце, якая забараніла курэнне ў сваіх самалётах. У падлакотніках некаторых з іх да гэтага часу захаваліся попелкі. Ёсць яны і ў тамбурах многіх вагонаў Беларускай чыгункі. Але паліць там азначае парушаць правілы. Таму і зімой, і летам зграйкі курцоў падчас стаянак высыпаюць з вагонаў на пероны. Дзе, дарэчы, таксама можна паліць толькі ў спецыяльных месцах, пазначаных пункцірнай лініяй.

Легальна адпачыць у Крыме

Фота: www.tumblr.com

 

Дзесяць гадоў таму можна было раніцай сесці ў цягнік «Мінск — Сімферопаль» і ўвечары наступнага дня выйсці з яго ў Крыме. Цяпер такога цягніка няма. Украіна не прапускае ў Крым турыстаў, а тых, хто заязджае на паўвостраў праз Расею, запісвае ў парушальнікі сваёй дзяржаўнай мяжы. Тым, хто ўсё ж вырашыцца на такую паездку, пагражае як мінімум забарона на ўезд ва Украіну, як максімум — турэмны тэрмін, піша «Еўрарадыё».

РЕКЛАМА

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up