Новости / Город

ТБМ ладзіць мерапрыемства, прысвечанае выбітным баранавіцкім дзеячам – ксяндзу Татарыновічу і сенатару Назарэўскаму

10.03.2017, 13:01  / remove_red_eye 497   / chat_bubble0

Падчас сустрэчы перад прысутнымі выступіць беларускі пісьменнік Павел Севярынец і раскажа біяграфію заснавальнікаў беларускага руху з Баранавіч, ксяндза Пятра Татарыновіча  і сенатара польскага сейма Аляксея Назарэўскага. Мерапрыемства адбудзецца ў суботу, 11 сакавіка.

ТБМ ладзіць мерапрыемства, прысвечанае выбітным баранавіцкім дзеячам – ксяндзу Татарыновічу і сенатару Назарэўскаму

Заснавальнікі беларускага руху з Баранавіч – сенатар польскага сейма Аляксей Назарэўскі і ксёндз Пётр Татарыновіч. Фота: be-tarask.wikipedia.org

Пачатак сустрэчы запланаваны на 12.30 у вёсцы Русіно, на вуліцы Сасновая, дом 5. Цягнік на Лунінец адпраўляецца ў 11.30, паведамляе Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Пётр Татарыновіч — каталіцкі святар заходняга абраду, папскі прэлат, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху, выкладчык, выдавец, рэдактар, пісьменнік, перакладчык і публіцыст.

Нарадзіўся 2 чэрвеня 1896 года ў вёсцы Гайнін Слуцкага павета. Навучаўся ў архідыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу і ў Мінскай каталіцкай семінарыі. Яшчэ падчас вучобы далучыўся да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. Атрымаў святарскае пасвячэнне 12 чэрвеня 1921 года. Падчас душпастырскай дзейнасці ў Пінскай дыяцэзіі далучыўся да беларускай культурна-асветніцкай і рэлігійнай працы. Вёў казанні на беларускай мове, дапамагаў беларускім уніяцкім парафіям у Альпені, Дзяляцічах, Хутарах і інш. Заснаваў Саюз каталіцкай моладзі ў Баранавічах. Пісаў для беларускіх рэлігійных выданняў Krynica, Chryścijanskaja Dumka. Друкаваўся на старонках беларускага ўніяцкага часопіса «Да злучэньня» (1932–1937). Выдаваў кнігі і брашуры. З кастрычніка 1945-га жыў у Рыме. Арганізаваў у 1950 годзе Беларускую праграму «Радыё Ватыкана».  

Навучэнцы баранавіцкай школы імя Міцкевіча, 10 чэрвеня 1926

Навучэнцы баранавіцкай школы імя Міцкевіча, 10 чэрвеня 1926 года. Ксёндз Пётр Татарыновіч сядзіць сёмы злева. Фота: be-tarask.wikipedia.org

Аляксей Назарэўскі – беларускі палітык, сенатар міжваеннай Польскай Рэспублікі 1922–1926 гг. Нарадзіўся 15 сакавіка 1881 года ў Сіняўцы каля Нясвіжа. Працаваў збіральнікам падаткаў у Баранавічах, ураднікам у Ігумене. Адзін са стваральнікаў праваслаўнага Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, разам з сенатарам Вячаславам Багдановічам і протаіерэем Лукой Голадам з’яўляецца аўтарам статута гэтага аб’яднання. Арыштаваны НКУС БССР 2 студзеня 1940 года ў сваёй хаце ў Баранавічах. 9 верасня 1940 года асуджаны на 8 гадоў лагероў. У верасні 1941 вывезены з Сіблага і накіраваны ў Паўладарскую вобласць. Далейшы лёс невядомы.