Автор: Кацярына БУБЕН

16:35, 21 февраля 2017

Общество

remove_red_eye 703

Выхаванцаў дзіцячых садкоў у Баранавічах павіншавалі з Днём роднай мовы

Сябры Баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы віншуюць са святам Святлану Шаўко, выхавальніцу дзіцячага садка №2 . Усе фота: Юрый ПІВАВАРЧЫК

Баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы павіншавалі выхаванцаў беларускамоўных груп дзіцячых садкоў №№ 2, 9, 40 з нагоды Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Дзецям уручылі кнігі, паштоўкі і наклейкі.

 

Па словах Мікалая Падгайскага, старшыні Баранавіцкай гарадской арганізацыі Грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны», прыхільнікі роднай мовы ўжо не адзін год віншавалі са святам школьнікаў. Але ў гэтым годзе прынялі рашэнне пашырыць працу і адсвяткаваць Дзень роднай мовы ў дзіцячых садках. Усе гэта робіцца дзеля таго, каб падтрымаць дзяцей, якія выхоўваюцца па-беларуску, зацікавіць іх у далейшым навучанні на беларускай мове.

–  Добрай раніцы, – саромеючыся, вітаюць гасцей дзеці.

Яны не прывыклі да вялікай колькасці незнаёмых людзей, але ўжо ведалі, з якой нагоды да іх прыйшлі. У дзяцей сёння свая праграма: яны расказваюць вершы і лічылкі, адпраўляюцца на імправізаваную экскурсію па беларускай хаце і знаёмяцца з прадметамі старажытнага быту.

РЕКЛАМА

Выхаванцы дзіцячага садка №9 знаёмяцца з прадметамі быту старажытнай беларускай хаты.

Атрымаўшы кнігі з казкамі на беларускай мове, паштоўкі і наклейкі, якія перадала крама «Росквіт», дзеці адразу ажыўляюцца і пачынаюць разглядаць малюнкі:

– Котка, – усміхаючыся, паказвае хлопчык сябру. – Плача котка: «Мяў».

Як растлумачыла загадчыца дзіцячага садка №2 Жанна Кадыка, выхаванне ўсіх баранавіцкіх дзяцей зараз вядзецца ва ўмовах двухмоўя, але заняткі на беларускай мове праводзяцца толькі раз на тыдзень. У беларускамоўных жа групах заняткі і гульні на роднай мове праводзяцца штодзённа. Па словах Жанны Кадыкі, у дзіцячых садкоў няма мэты навучыць выхаванцаў свабодна размаўляць па-беларуску, але іх мэта – папулярызаваць беларускую мову, далучыць да яе дзяцей.

Усе дзеці ў беларускай групе дзіцячага садка №9 – з рускамоўных сем’яў. Яны займаюцца на беларускай мове толькі паўгода, таму асноўны ўпор зараз робіцца на вывучэнне новых слоў.

Дзеці ў садку №9 атрымліваюць у падарунак стужкі з беларускім арнаментам і кніжкі.

–  Спачатку дзеці ўспрымалі родную мову як замежную. Усе заняткі, акрамя развіцця маўлення і матэматыкі, мы праводзім на беларускай мове, але перакладаем і на рускую. Па-беларуску дзеці пакуль не размаўляюць, але ўжо разумеюць звароты, вучаць вершы, пачынаюць выкарыстоўваць беларускія словы ў гульнях, – распавяла Ірына Тасмінская, выхавальніца дзіцячага садка №9 .

Зараз беларускамоўныя групы ў нашым горадзе працуюць у дзіцячых садках №№ 2, 9, 23, 24, 54, 69, 40 – у кожным мікрараёне Баранавіч.

Выхаванцы дзіцячага садка №2 з цікаўнасцю разглядаюць падарункі ад сяброў ТБМ.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up