Новости / Общество

Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года

8.09.2016, 9:42 / remove_red_eye 338 / chat_bubble

У гэты дзень, больш за пяць стагоддзяў таму, нашыя продкі адстаялі сваю незалежнасць і разбілі маскоўскіх акупантаў пад Оршай.

Аб слаўнай перамозе ВКЛ тады даведалася ўся Еўропа – у Рыме ў гонар трыумфу пад Оршай адслужылі набажэнства, а ў Нюрнбергу выдалі ўлётку з апісаннем бітвы, якая на некаторы час спыніла маскоўскую агрэсію і дазволіла Вялікаму Княству Літоўскаму вярнуць страчаныя раней землі. Савецкія гісторыкі замоўчвалі гэтую дату, а частка беларусаў адзначае 8 верасня як Дзень беларускай воінскай славы.

Чаму мы ваявалі?
Яшчэ пяць стагоддзяў таму зарадзілася ідэя так званага «рускага свету», калі маскоўскі князь Іван ІІІ праз дынастычны шлюб парадніўся з візантыйскім імператарам і абвесціў сябе «князем всея Руси» і «самодержцем». На думку крамлёўскага гаспадара, яго маладой дзяржаве не хапала часткі тэрыторый Вялікага Княства Літоўскага, дзе пераважна жыло праваслаўнае насельніцтва. «Нашы гарады і воласці, і землі, і воды кароль за сабою трымае…» – папракаў Іван ІІІ літоўскага князя і польскага караля Казіміра Ягайлавіча. Пасля смерці апошняга маскоўцы нават не адправілі пасла да новага Вяліка Князя, а адразу пачалі вайну. Тады крывавы канфлікт атрымалася вырашыць дыпламатычна, аднак ВКЛ страціла Вязьму.

РЕКЛАМА

Тым часам маскоўцы не спынялі сваю падрыхтоўку да буйнога канфлікту з ВКЛ і шукалі сабе хаўруснікаў у Заходняй Еўропе. Якраз праз перахопленую перапіску Масковіі і Тэўтонскага Ордэна нашым продкам стала вядома аб падрыхтоўцы нападу на ВКЛ. Выкрытаму маскоўскаму князю тады нічога не заставалася, як абвесціць вайну і ў 1514 годзе перайсці мяжу паміж дзяржавамі. Над Бацькаўшчынай навісла сур’ёзная небяспека.

Напярэдадні бітвы
Першым горадам на шляху 80 тысяч маскоўскіх акупантаў стаў Смаленск – тамтэйшы ваявода Юрый Салагуб здаў яго, не дачакаўшыся падмогі. Неўзабаве палі Крычаў і Дуброўна. Натхнёныя маскоўцы рушылі далей і былі так перакананы ў хуткай перамозе, што князь Васіль ІІІ загадваў сваім ваяводам «войскі літоўскія і польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць».

У адказ на ўварванне літоўскі князь Жыгімонт Стары сабраў толькі блізу трыццаці тысяч ваяроў – амаль у тры разы меней, чым было ў ворага. Аднак на чале аб’яднанага літоўска-польскага войска стаў легендарны гетман Кастусь Астрожскі, які рушыў насустрач акупантам. Пасля пары невялікіх сутычак з маскавітамі інтэрвенты сталі недалёка ад Оршы ў спадзяванні бітвы і лёгкай перамогі над колькасна меншым войскам Астрожскага. Крамлёўскія ваяводы нават не сталі атакаваць войска праціўніка падчас пераправы праз Дняпро – чакалі, пакуль войска збярэцца, каб знішчыць яго цалкам.

Бітва пад Оршай
Раніцай 8 верасня 1514 года на беразе Дняпра і невялічкай рэчкі Крапіўна пастроіліся войскі праціўнікаў. Генію Астрожскага супрацьстаялі маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца, якія з-за ўласных канфліктаў нават не жадалі дапамагаць адзін аднаму на полі сечы. Яны пастроілі свае войскі ў тры шэрагі, жадаючы атачыць войска праціўніка і прыціснуць яго да ракі. На такую тактыку маскоўцаў Кастусь Астрожскі адказаў хітрасцю, якая ў выніку каштавала акупантам дзясяткаў тысяч жыццяў – ён схаваў усю сваю артылерыю ў лесе паблізу, за спінамі сваіх вершнікаў. У разгар бою нашая кавалерыя спыніла ціск і пачала адступаць, неўзабаве ўвогуле кінуўшыся на ўцёкі. У спадзяванні на хуткую перамогу асноўная частка маскоўцаў пачала пераслед, як раптам вялікалітоўская конніца расступілася і па ворагу ўсёй моцай ударыла нашая артылерыя. Страты ў шэрагах акупантаў былі такімі велізарнымі, што яны кінуліся прэч з поля бітвы, паказаўшы нашым продкам свае спіны.

Падчас пагоні тысячы маскоўцаў былі знішчаны ці патрапілі ў палон. Хроніка Літоўская і Жамойцкая паведамляе, што з 80-тысячнага маскоўскага войска не выратаваўся амаль ніхто: “...была война великая, бо москвы было пятькрот болш, ниж поляков, руси и литвы. И помогл бог войску полскому и литовскому, иж всю москву наголову побили и настарших воевод их поимали… а дЂтей боярских живых приведено личбою 596; тых всЂх послано по замках литовских до вязеня, а иншии москалЂ вси побиты, и сам гетман их Иван АндрЂевичь Челядин зостал на пляцу забитый есть”.


Вядомы расійскі гісторык М. Карамзін у сваёй “Истории государства Российского” таксама паведамляе, што акупантам у той дзень не пашанцавала:Литовцы никогда не одерживали такой знаменитой победы над Россиянами: гнали, резали, топили их в Днепре и в Кропивне; телами усеяли поля между Оршею и Дубровною…”.
Агульныя страты маскоўскага войска, паводле гісторыкаў, вагаюцца паміж 30–40 тысячамі чалавек, пры гэтым 8 з 11 варожых ваяводаў патрапілі ў палон да Астрожскага. З боку хаўруснікаў загінулі 4 паны, каля 500 рыцараў і пару тысяч простых жаўнераў. У сваіх лістах да еўрапейскіх каралёў Жыгімонт Стары пісаў, што “маскавіты не хрысціяне, а жорсткія варвары, якія адносяцца да Азіі і ў змове з туркамі і татарамі прагнуць знішчыць хрысціянскі свет”.

Вынікі перамогі

Пасля трыумфу пад Оршай літоўскае войска пачало вяртанне страчаных раней земляў, аднак Смаленск вярнуць так і не атрымалася. Тым не менш агрэсія Масквы супраць ВКЛ была спынена на доўгія гады, а ў Еўропе пачаў складвацца негатыўны образ Маскоўскага Княства. Праз некалькі гадоў пасля бітвы невядомы мастак намаляваў батальную карціну, на якой адлюстраваў моманты з бітвы пад Оршай.

Гістарычная даведка:

  Кастусь Астрожскі – дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, адзін з самых славутых ваяроў свайго часу. Адзначыўся поспехамі ў змаганні з крымскімі татарскімі і маскоўцамі. Сучаснікі называлі Кастуся Астрожскага «другім Ганібалам», «Ромулам» і «Сцыпіёнам» – сцвярджалася, што ён святкаваў перамогу ў больш чым 60 бітвах. У 1500 годзе гетман Астрожскі патрапіў у палон да маскоўцаў і, прысягнуўшы Васілю ІІІ, уцёк назад у ВКЛ, а праз некалькі гадоў перамог маскоўскіх акупантаў пад Оршай.
Акрамя баявых подзвігаў, Кастусь Астрожскі праславіўся як мецэнат – ён ахвяраваў грошы на будаўніцтва Траецкага і Жыдзічынскага манастыроў, шматлікіх цэркваў. Памёр слаўны ваяр у сталым узросце ў Тураве, пахаваны ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай Лаўры.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up