Автор: Руслан Равяка

1:33, 5 сентября 2016

Спадчына

remove_red_eye 225

Баранавічы на старых паштоўках: вуліца Горкага

За сваю гісторыю  вуліца Горкага шэсць разоў мяняла назву, прытым двойчы насіла імя еўрапейскіх імператараў, і ўжо 60 год, як яна названа ў гонар рускага пісьменніка.

Вуліца паўстала разам з нашым горадам. Як ужо неаднаразова паведамлялася, граф Развадоўскі спланаваў на сваіх землях адносна роўныя шырокія вуліцы. Назвы большасці   вуліц былі звязаны з імператарскай сям’ёю. Сучасная вуліца Горкага першапачаткова была названа Аляксандраўскай – у гонар тагачаснага цара Аляксандра ІІІ. Яна пачыналася ад вуліцы Марыінскай (цяперашняй Савецкай) ды праходзіла каля гарадскога кірмаша (цяпер на ім пабудаваны радзільны дом і ваенкамат) і праваслаўнай царквы.

Як бачна з паштовак  пачатку ХХ ст., вуліца ўжо была выбрукавана. На вуліцы размяшчаліся двухпавярховыя дамы. Першы двухпавярховы будынак злева (цяпер у ім размяшчаецца музей) –  гэта крама гатовай адзежы М. Брэгмана. На наступным двухпавярховіку, які належаў Жухавіцкай, відаць шмат розных шыльдаў, але прачытаць іх цяжка. За ім у аднапавярховым будынку знаходзіўся  «Зуболечебный кабинетъ Х. М. Бушеля».

З правага боку Аляксандраўская была забудавана  толькі аднапавярховымі дамамі. У першым доме, каля якога прыпыніўся конік, была крама, якая гандлявала сукном.  У наступным будынку была «Галантарэя»  з «шырокім выбарам тавараў». У хатцы побач прадавалі абутак. На наступным дамку можна прачытаць шыльду  «Портной». Блізкасць з кірмашом дазваляла добра развівацца гандлю і на Аляксандраўскай вуліцы.

РЕКЛАМА

Пасля ўваходу ў Баранавічы кайзераўскіх салдат у 1915 годзе назвы цэнтральных вуліц былі зменены. Вуліца Аляксандраўская атрымала самую значную назву ў горадзе. З 1915 па 1918 яна называлася Кайзер-Вільгельмштрасэ. Падчас знаходжання ў Баранавічах кайзер Вільгельм ІІ жыў у будынку, дзе цяпер знахо-дзіцца музей. Магчыма, ён пазіраў праз вокны на вуліцу, названую ў яго гонар…

Магчыма, Кайзер Вільгельм II прагульваўся па вуліцы, названай у яго гонар

Магчыма, Кайзер Вільгельм II прагульваўся па вуліцы, названай у яго гонар

Пасля таго як Барана-вічы ўвайшлі ў склад Польшчы, дваццаць год, да верасня 1939-га, ву-ліца  зноў насіла гучную назву – Сенатарская. На ёй у 1929 годзе знаходзіліся аптэка Абрамоўскага, тры аптэкарскія склады,  шэсць бляхарняў, цукерня Шавяле-віча, стаматалагічны кабінет доктара Лімана. На вуліцы была друкарня Рубінштэйна, чатыры «Галантарэі», шэсць крамаў тавараў з калоній, крама гатовага адзення, гатэль Юдкоўскага і кавярня Каплана. На гэтай вуліцы знаходзілася таксама польскае Таварыства афіцэраў рэзерву.

На вуліцы Сенатарскай доўгі час знаходзіліся разнастайныя гандлёвыя ўстановы

На вуліцы Сенатарскай доўгі час знаходзіліся разнастайныя гандлёвыя ўстановы

У верасні 1939 года Баранавічы разам з Заходняй Беларуссю ўвайшлі ў склад БССР. У Савецкім Саюзе сенатараў быць не магло, таму новая ўлада назвала вуліцу Пралятарская. Гэта назва, аднак, прабыла не доўга. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны і акупацыяй Баранавіч фашысцкімі захопнікамі вуліца стала звацца ідэалагічна нейтральна – Аптэчная. Як мяркуе былы дырэктар Баранавіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Станіслаў Шчарбакоў, такая назва паўстала таму, што вуліца вяла да будынка аптэкі на цяперашняй вуліцы Савецкай. Гэта аптэка размяшчалася там  яшчэ з царскіх часоў.

Нагадаем таксама, што на самой вуліцы да вайны былі тры аптэкарскія склады.
Пасля вызвалення горада вуліцы вярнулі савецкую назву – Пралятарская, але, па словах гісторыка Станіслава Шчарбакова, ужо з 1947 года ў дакументах яна згадваецца як вуліца Горкага, а ў 1953 годзе гэта назва была афіцыйна зацверджана гарадскім выканкамам.

 

Дзякуем баранавіцкаму гісторыку Станіславу Шчарбакову за дапамогу ў напісанні артыкула.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up