Новости / Общество

Пасля ўскладання актывістамі кветак да помнiка Яну Чачоту да баранавіцкага краязнаўцы завітала міліцыя

12.07.2016, 14:35 

Міхась Бернат не разумее, чаму ўскладанне кветак да помніка беларускаму паэту і літаратурны фэст зацікавілі праваахоўныя органы.

У суботу, 9 ліпеня, сябры Баранавіцкай гарадской арганізацыі Грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» правялі шэраг мерапрыемстваў, каб ушанаваць памяць славутага земляка Яна Чачота. Фэст пачалі з ускладання кветак да бюста Яна Чачота ў Новай Мышы. Працягнулі святочную імпрэзу на сядзібе ТБМ у Русіно: чыталі вершы Чачота, узгадвалі яго няпросты лёс.

Адным з удзельнікаў мерапрыемства быў баранавіцкі краязнаўца Міхась Бернат.

У панядзелак, 11 ліпеня, да яго завітаў участковы, каб скласці пратакол.

– Я так і не зразумеў, у чым парушэнне: ці мы, можа, вельмі крычалі, ці парушалі грамадскі пакой, ці ўскладаннем кветак перашкаджалі праезду транспарту? – кажа Міхась Бернат. – Гэта быў не сход, а літаратурная вечарына!

У раённай міліцыі Intex-press патлумачылі, што праваахоўнымі органамі праводзіцца праверка і участковы прыходзіў да Міхася Берната для таго, каб скласці пратакол апытання, а не адміністрацыйны пратакол. Па якой прычыне літаратурная вечарына вызвала такі інтарэс у міліцыі, не патлумачылі.

– Магчыма, хто-небудзь з суседзяў патэлефанаваў у міліцыю, я не бачыў гэтую справу, таму дакладную прычыну праверкі сказаць не магу, – сказаў начальнік штаба Баранавіцкага РАУС Міхаіл Шлякаў.

Каб разабрацца ў гэтай сітуацыі, баранавіцкія актывісты запісаліся на прыём да старшыні Баранавіцкага райвыканкама. Сустрэча павінна адбыцца 13 ліпеня.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.