Лаўрэатам прэміі імя Васіля Быкава стаў рэжысёр Валерый Мазынскі
Лаўрэатам штогадовай прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі" сёлета стаў рэжысёр Валерый Мазынскі, якому і ўручаны памятны дыплом і статуэтка аўтарства Віктара Копача.
Урачыстасці, прымеркаваныя да 92-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава, адбыліся 19 чэрвеня ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна – на радзіме пісьменніка.
– Імпрэза ў Бычках, як заўсёды, праходзіла пры вялікай колькасці людзей, сярод якіх былі заўважаныя палітыкі, літаратары і мастакі: Мікалай Статкевіч, Алесь Мілінкевіч, Уладзімір Някляеў, Мікола Купава, Алесь Марачкін, – расказвае ўдзельніца мерапрыемства, грамадская актывістка з Баранавіч Анжэла Камбалава. – З цікавай праграмай перад прысутнымі выступіў гурт «Тутэйшая шляхта». Уручаў прэмію лаўрэату Уладзімір Арлоў.
Што датычыцца лаўрэата прэміі гэтага года, то Валерый Мазынскі пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута працаваў шмат год галоўным рэжысёрам драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, з 1991 года ў Мінску ставіў спектаклі ў Купалаўскім тэатры, стварыў тэатр-лабараторыю беларускай драматургіі «Вольная сцэна», кіраўніком якой быў восем гадоў да самага яе закрыцця ўладамі.
Пасля звальнення з тэатра працаваў вартаўніком, будаўніком, вахцёрам. Аматарскі спектакль «На дне» ён паставіў у камеры на Акрэсціна, дзе адбываў 10 сутак пасля затрымання каля Кастрычніцкай плошчы падчас масавых акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года. Зняў некалькі фільмаў пра беларускіх дзеячоў нацыянальна-вызваленчага руху.
Прэмія «За свабоду думкі» існуе з 2008 года, яе лаўрэатамі былі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, іншыя вядомыя палітыкі і літаратары.
Комментарии
Правила комментирования
Оставить комментарий