Знойдзена самая старая баранавіцкая паштоўка
Дата на паштовым штэмпелі дазваляе сцвярджаць, што паштоўкі ў нашым горадзе сталі выдаваць на год раней, чым лічылася да гэтага.
Гэтая паштоўка трапіла ў маю калекцыю з Украіны некалькі месяцаў таму. На здымку – людзі ў чоўне плывуць па Мышанцы. Картка выдадзеная папяровай крамай М.І. Рабіновіча – вядомага баранавіцкага фатографа і выдаўца паштовак у пачатку ХХ стагоддзя.
Паштовы штэмпель сведчыць, што картка была адасланая 4.06.1906 пасажырам цягніка «Вільня – Роўна» са станцыі «Баранавічы». Накіроўвалася яна ў Адэсу, куды і трапіла 6.06.1906 года.
«Шлю свой привет. Ждать грустно, скучно. Публика в вагоне ниже всякой критики. Мои лучшие пожелания. До встречи,» – пісаў невядомы нам чалавек.
Баранавіцкі гісторык Станіслаў Шчарбакоў у сваёй кнізе «Барановичи на открытках и фотографиях» пісаў у 2009 годзе, што самая ранняя паштоўка з выявамі нашага горада вядомая з паштовым штэмпелем ад 28.09.1907 года.
– Паштоўка, адасланая ў 1906 годзе, сапраўды з’яўляецца самай ранняй з вядомых баранавіцкіх паштовак, – патлумачыў Intex-press Станіслаў Шчарбакоў. – Да гэтага мне не траплялі на вочы карткі з датай, ранейшай за 1907 год.
Магчыма, недзе ў свеце захаваліся і яшчэ больш раннія паштоўкі з выявамі нашага горада. І яны чакаюць яшчэ свайго часу.