Новости / Общество

Сяргей Гоўша: «Галоўнае для мяне – змаганне за нашу незалежнасць»

3.06.2016, 11:16 / remove_red_eye 226 / chat_bubble

Кіраўнік баранавіцкага аддзялення незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяргей Гоўша – пра тое, што прымусіла савецкага інжынера стаць праваабаронцам і як горад змяніўся дзякуючы яго высілкам.

– Сяргей Канстанцінавіч, як вы, савецкі інжынер, прыйшлі да беларускай ідэі і ўступлення ў ТБМ і БНФ?

– У маім жыцці было некалькі выпадкаў, якія мяне, як беларуса, моцна ўразілі. Пасля школы паступаў у Беларускі політэхнічны інстытут ў Мінску. На экзамене па матэматыцы, якую я з 1-га па 10-ты клас вучыў толькі па-беларуску, напісаў адказы па-беларуску, сеў перад выкладчыкам, стаў гаварыць на роднай мове. А той мне кажа: «Не, ты давай па-руску». Я быў малады, падумаў: халера з вамі, па-руску дык па-руску. Асэнсаванне гэтага выпадку прыйшло пазней.  

Ужо ў часы перабудовы пайшоў атрымліваць зарплату ў ашчадную касу на заводзе. Запоўніў квіток па-беларуску і перадаў яго ў акно. А работніца касы яго парвала і кінула мне ў твар: «Пишите на нормальном языке!» Я ёй сказаў: «Запомні, дзяўчына, гэты момант…»

РЕКЛАМА

Падняў, склеіў гэту паперку і аднёс да дэпутата Вярхоўнага Савета адзінаццатага склікання ад Баранавіч Дзмітрыя Шахрая. Сказаў яму: «Вы там разглядаеце і будзеце прымаць закон аб мовах, дык выступіце, калі ласка, і раскажыце, што ж гэта за парадкі, калі беларус нават заробак атрымаць не можа, напісаўшы квіток на беларускай мове».

Шахрай пасля ўпэўніваў, што расказваў пра мой выпадак на паседжанні адпаведнай камісіі. У студзені 1990 года быў прыняты цудоўны закон: беларуская мова з’яўлялася адзінай дзяржаўнай, а руская была мовай міжнацыянальных зносін. Я больш актыўна заняўся грамадскай дзейнасцю. А дзе грамадская – там і грамадска-палітычная. У Баранавічах я быў адным з удзельнікаў стварэння ТБМ, Экалагічнага саюза, Беларускага народнага фронту. У 1991 годзе пасля вылучэння Таварыствам беларускай мовы быў абраны дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета.

Сяргей Гоўша

Сяргей Гоўша

– У 1971–1995 гадах вы працавалі на Баранавіцкім заводзе гандлёвага машынабудавання, знутры бачылі савецкую прамысловасць. Як можаце яе ахарактарызаваць?  

– Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання з’яўляўся прадпрыемствам-манапалістам. Ён адзіны ў Савецкім Саюзе выпускаў для сталовых, рэстаранаў, вайсковых караблёў такое абсталяванне, як мясарубкі, бульбачысткі, агароднінарэзкі і г.д.

Я працаваў на заводзе інжынерам-тэхнолагам, начальнікам тэхналагічнага бюро, затым вядучым інжынерам-канструктарам СКБ. І скажу шчыра: мне было сорамна глядзець на міжнародных выставах на нашу прадукцыю ў параўнанні з замежнымі аналагамі. У Саюзе ўсе заводы выпускалі адну і тую ж мадэль прадукцыі дзесяцігоддзямі! Патрабавання выпускаць навінкі, як гэта рабілася за мяжой, не было. Нашыя пакупнікі не мелі выбару, прадукцыя не ішла на рынак, а фактычна размяркоўвалася Міністэрствам гандлю.

За мяжой ўсё абсталяванне, якое кантактавала з харчаваннем, выраблялася з нержавеючай сталі. А ў нас – з чыгуна. І пазней на заводзе мы прыйшлі да таго, каб зрабіць корпус мясарубкі з харчовага алюмінію, бо з нержавеючай сталі ніхто не змог адліць, такі ўзровень тэхналогіі быў на той час.

Памятаю, з вопытным узорам я накіраваўся ў Маскву зацвярджаць кошт новай мясарубкі. Прыехаў у Мінгандлю СССР, аддзел новай тэхнікі, а там чыноўнік мне заявіў: «Ты разумееш, што ты мне прывёз? Ваша старая мясарубка каштавала ў два разы танней! Гэта значыць, што новымі я забяспечу толькі палову сталовых і рэстаранаў!».

Міністэрству было пляваць на якасць і на тое, што новае абсталяванне будзе больш даўгавечным.  

Чыноўнік закрэсліў крыж-накрыж мой разлік, які быў зроблены па ўсіх правілах навукі, паставіў кошт на 30% вышэйшы за стары і шпурнуў мне паперы: «На, едзь і выпускай!» Вярнуўся на завод, дырэктар і галоўны інжынер за галаву схапіліся: «І выпускаць трэба, і ўпісацца ў прызначаны кошт немагчыма».

І што зрабілі? Галоўны інжынер з падначаленымі сам паехаў у Маскву, узяўшы з сабой спірт і прэзент: бытавыя мясарубкі для начальства, нажы самаробныя. І неяк усё ж дамовіўся павысіць кошт, хаця і не за адну паездку.

– Гэтыя мясарубкі пасля масава выпускаліся?

– Так, на ўвесь Саюз, былі ледзь не ў кожнай гаспадарцы.  

А сёння глянеш на заводы ў Баранавічах – яны ледзь функцыянуюць. Дыктатарская, калгасна-саўгасная сістэма давяла краіну да поўнага развалу. Пляменніца працуе на заводзе аўтаагрэгатаў – дык там на тыдзень (а то і на два) адпраўляюць людзей у адпачынак. На маім заводзе гандлёвага машынабудавання яшчэ нядаўна было дзесьці пад дзве тысячы чалавек, а сёння, здаецца, і тысячы няма.

РЕКЛАМА

– Чаму ў 1995-м вы сышлі з завода?  

– Таму што на мяне аказваўся вялікі ўціск: як жа так – народафронтавец на кіраўнічай пасадзе ды яшчэ і ў абласным Савеце! Усё шукалі прычыну, каб мяне звольніць. У нейкі момант я стаміўся змагацца і вырашыў сысці з завода.

– Цікава: з пазіцый сённяшняга дня сярэдзіна 90-х выглядае часам «разгулу дэмакратыі». Але ўжо ў той час адбываўся ўціск на апазіцыю?

– Асабліва рэпрэсіі ўзмацніліся з 1996 года. Як мы прыйшлі да стварэння аддзялення «Вясны» ў Баранавічах? Наша кампанія, чалавек 20–25, рэгулярна ездзіла ў Мінск на мітынгі падтрымліваць апазіцыю. І вось вясною 1997 года здарыўся наступны выпадак. Калі за некалькі гадзін да санкцыянаванай акцыі мы накіроўваліся ў Чырвоны касцёл паслухаць службу, трох нашых хлопцаў без ніякіх падстаў на нашых вачах затрымалі, пасадзілі ў машыну і адвезлі ў пастарунак. Двух з іх на наступны дзень прысудзілі да штрафаў, а трэці вымушаны быў правесці тры дні за кратамі. Мы звярталіся са скаргамі ва ўсе інстанцыі, але нічога не дабіліся. І вырашылі, што далей створым сваё аддзяленне праваабарончае і будзем абараняць свае правы самі.

Самае галоўнае для мяне – змаганне за нашу незалежнасць і змаганне з беззаконнем. Дапамагаем тым, каго ўлада тут прыціскае. А прыціскае яна сапраўды многіх.

Прыклад? У мінулым годзе я дапамагаў бацькам, дзеці якіх вучыліся да чацвёртага класа па-беларуску, а пасля паступлення ў гімназію №4 ў навучанні на роднай мове ім адмовілі. Адмовіла дырэкцыя гімназіі, адмовіў Баранавіцкі гарвыканкам, адмовіў Брэсцкі аблвыканкам. І тут падключыўся я. Мы закідалі скаргамі Міністэрства адукацыі і Генпракуратуру, пачалі рыхтавацца да суда (звярнуўся за дапамогай у Мінск, «вясноўцы» ўжо нанялі адваката).   

Але ўсё ж такі выкарысталі яшчэ адзін метад: бацькі з’ездзілі на сустрэчу ў Міністэрства адукацыі. Там зразумелі, што яны не адстануць, і праз месяц прыйшоў ліст, які задаволіў бацькоў. Яны пайшлі да дырэктара гімназіі з гэтым адказам, а той ім кажа: я выконваць не буду. Давай мы тэлефанаваць у Мінск: слухайце, вы міністэрства ці не міністэрства?! Там таксама ўжо раззлаваліся, сталі самі ў гарвыканкам тэлефанаваць. Каб гэты клас існаваў, бацькам і нам з імі прыйшлося год і два месяцы змагацца за выкананне Канстытуцыі.

– Можна зрабіць выснову, што адносіны з мясцовымі ўладамі ў вас кепскія.

– А як яны могуць быць добрымі, калі я з даўніх часоў фіксую тут парушэнні на выбарах? Якой уладзе гэта будзе падабацца? Я з-за гэтага не аднойчы трапляў і ў суд, і ў міліцыю, і ў клетках сядзеў, і ў падзямеллі суда.

Мінулай восенню майго сябра, старшыню Баранавіцкага ТБМ Віктара Сырыцу давялі да таго, што чалавек памёр у 62 гады. На прэзідэнцкіх выбарах-2015 ён быў сябрам гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі (ТВК) і, па яго словах, пабачыў шматлікія парушэнні. Сырыца прагаласаваў супраць зацвярджэння выніковага пратакола ТВК, выказаў асаблівае меркаванне, пачаў пісаць скаргі. І вядома, на яго пачаўся ўціск.

Пасля выбараў ён такі ўсхваляваны быў! Прыходзіў да мяне і казаў: Сяргей, я адчуваю, што яны мне не прабачаць. Праз некалькі тыдняў ён ехаў у Менск і ўпаў проста на пероне чыгуначнага вакзала.

– У яго былі праблемы з сэрцам?


– У яго быў цукровы дыябет, але праблемаў з сэрцам ніколі не было… Пра сітуацыю з Віктарам я даведаўся адразу. На пероне таксама знаходзіўся прадпрымальнік Мікалай Чарнавус. Ён бачыў, што, калі падышоў цягнік, Віктар толькі крок ступіў і ўпаў. Чарнавус у разгубленасці не ведаў, што рабіць, і адразу патэлефанаваў мне. Хуткую выклікаў нехта іншы.

Мая машына была каля пад’езда, мы з жонкай хутка апрануліся і выехалі. Віктара адразу спрабавалі рэаніміраваць на пероне, потым у машыне хуткай дапамогі – бачылі, як яна хадзіла хадуном. Там жа была дачка Віктара з мужам, Чарнавус і мы з жонкай. Стаялі, а ногі трасліся… Немагчыма было паверыць, што вось гэта адбываецца з тваім сябрам. Стаялі, чакалі, плакалі…

Віктар працаваў намеснікам дырэктара Баранавіцкага эканоміка-юрыдычнага тэхнікума, пакуль у 2006 годзе яго студэнты не прыйшлі на сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам. Дырэктара каледжа выклікалі ў Мінск, намеснік міністра адукацыі паставіў яму умову: альбо звальняеш Сырыцу, альбо ўсе вашы выкладчыкі не пройдуць пераатэстацыю. Дырэктар перадаў словы Віктару: альбо мы ўсе, альбо ты адзін. Сырыца напісаў заяву, вымушаны быў аформіць прадпрымальніцтва, рыхтаваў школьнікаў да паступлення у ВНУ і актыўна займаўся грамадскай працай. Мы падтрымлівалі адзін аднаго ў справе беларускасці і незалежнасці. Разумелі, што без мовы не будзе нацыі, не будзе краіны!

– Якімі  ўчынкамі ў сваім жыцці вы ганарыцеся?  

– Многа чым, але цяжка выдзеліць нешта адно. Ну, можа, чытачам наступная гісторыя будзе цікавая. Восенню 1990 года да лідара баранавіцкага БНФ Сымона Свістуновіча прыйшла ідэя ўсталяваць «Крыж пакут» ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Актыўна дапамагалі яму я і Віктар Мязяк. Я думаў над тым, як сканструяваць крыж і замацаваць яго ў вызначаным месцы – у цэнтры горада, на ўваходзе на бульвар Хейнала, дзе калісьці стаяла турма «Крывое кола».

На Дзяды пасля шматлюднага шэсця крыж быў урачыста ўсталяваны.

Восень 1990 года, усталяванне крыжа ў цэнтры Баранавіч. Фота: Яўген ДАЎГІЛОВІЧ

Восень 1990 года, усталяванне крыжа ў цэнтры Баранавіч. Фота: Яўген ДАЎГІЛОВІЧ

Але ўлада з гэтым не змірылася. Спачатку хацелі перанесці помнік ціха, ноччу – але сутыкнуліся з начной вартай. Пасля гэтага вырашылі дзейнічаць адкрыта. Праз паўтара месяца ачапілі салдатамі цэнтр горада і перанеслі крыж непадалёк у невялікі сквер на вуглу вуліц Крупскай і Пірагова.

Да гэтага часу мы рэгулярна прыходзім да гэтага помніка, прыносім бел-чырвона-белыя сцягі, кветкі, запальваем знічкі, чытаем малітвы.

Акрамя крыжа мною з сябрамі ўсталяваны вялізны камень з шыльдай у гонар вялікай бітвы 1771 года канфедэратаў гетмана Міхаіла Казіміра Агінскага з войскамі Суворава пад Сталавічамі (непадалёку ад Баранавіч).

А таксама камень у гонар знакамітай бітвы з маскалямі пад Палонкай, дзе 28 чэрвеня 1660 г. Аб’яднанае беларуска-літоўскае і Польскае войска пад кіраўніцтвам гетманаў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага здабыло вялікую перамогу над войскам маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654–1667 гг., ды інш. Гэтыя помнікі гісторыі ўсталёўваем за свае сродкі і насуперак уладзе, якая, наадварот, перашкаджае нам.

– Сяргей Канстанцінавіч, што вас радуе ў сённяшнім жыцці?

– У мяне два ўнукі і тры ўнучкі, я іх вельмі люблю. Яны прыязджаюць у госці, мы разам ездзім у вёску Востраў Ляхавіцкага раёна, адкуль родам я і мая жонка. Унучкі заўжды просяць дзядулю пакарміць іх смачнымі дранікамі, а бабулю – такімі ж смачнымі варэнікамі і пірагамі. Мы стараемся размаўляць з малымі па-беларуску. Думаю, у будучым яны зразумеюць каштоўнасць роднай мовы.

– Колькі гадоў вы ў шлюбе?

– 31 снежня гэтага года споўніцца 40 гадоў. Рубінавае вяселле будзе!


– Дайце рэцэпт: як пражыць з чалавекам 40 год і захаваць адносіны?

– Рэцэпт цяжка даць, бо ў жыцці ўсякае бывае. Да бойкі, канечне, у нас ніколі не даходзіла, але пражыць 40 год разам – гэта не значыць толькі адзін аднаго цалаваць. Мы кахаем адзін аднаго, разумеем, клапоцімся, маем агульныя інтарэсы і захапленні. Вельмі аб’ядноўваюць дзеці і ўнукі. Ад гэтага многае прабачаецца.

– Як вы адпачываеце, можа, хобі якое маеце?

– Люблю маляваць, ёсць здольнасці, але не хапае часу і толькі некалькі маіх карцін маслам аздабляюць кватэру. І паколькі я нарадзіўся у жывапіснай вёсцы Востраў, то не мог не хадзіць на рыбалку і не мог не хадзіць у лес за грыбамі і ягадамі. У лес за грыбамі і жонка, і ўсе мае дзеці, і ўнукі любяць хадзіць. Пад чарачку грыбкі – цудоўная страва!

На рыбалку я хадзіў з маленства заўсёды толькі летам. А як выйшаў на пенсію, дык неяк выпадкова мяне знаёмыя зацягнулі і на зімовую. Дык цяпер з задавальненнем еду на яе, як толькі з’яўляецца магчымасць. Але каб на машыне паехаць – трэба сродкі, а пенсія малая.

– А якая ў вас пенсія?

– 2 мільёны 400 тысяч. Гэта ж пражыць немагчыма! У жонкі, настаўніцы з вялікім стажам, 2 мільёны 900 тысяч. Дык мы толькі разам неяк і выжываем. Гэтая сістэма і ўлада ў рэшце рэшт сыдуць, але яны ўсіх нас у плане эканомікі зацягваюць у балота, і вылезці з яго, баюся, будзе вельмі цяжка.

Мне вельмі хочацца, каб адбылася дэмакратычная, вольная, незалежная Беларусь. Каб была адна дзяржаўная мова, каб добра жылося народу Беларусі, у тым ліку маім дзецям і ўнукам. Мы вось будзем святкаваць 20-годдзе «Вясны», дык усім вясноўцам хачу пажадаць лепшай долі, моцнага здароўя, шчасця ў сем’ях. Каб мы дамагліся лепшага жыцця для сябе і для сваёй роднай краіны. Жыве Беларусь!

РЕКЛАМА

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up