Автор: Вольга ШУМАНСКАЯ

8:00, 22 мая 2016

Общество

remove_red_eye 231

На якіх частках цела робяць татуіроўкі беларусы і што не трэба набіваць, каб не зламаць жыццё

Татуіроўшчык, лідар музычнага гурта Znich Алесь Таболіч у пачатку мая выступіў у Баранавічах на курсах «Мова нанова». Ён распавёў Intex-press, якія самыя незвычайныя тату яму замаўлялі, якія тату нікому не параіў бы і як ён стаў заснавальнікам папулярнага ў Беларусі накірунку – татуіроўкі, створанай на аснове нацыянальнага арнаменту.

Арнаментальная татуіроўка

У сярэдзіне 2000-х у мяне і маёй жонкі была ідэя зрабіць сабе тату: агульны сямейны абярэг, заснаваны на беларускіх традыцыях. На той момант людзі рабілі тату з пагоняй, бел-чырвона-белым сцягам, але нам хацелася, каб тату не было звязана з палітыкай. Мы вырашылі, што самае лепшае тату для беларуса –  гэта арнамент: сувязь традыцый і сучаснасці. Мы набілі арнамент «засеянае поле», якое сімвалізуе працяг роду. У 2008 годзе гэта тату заняло другое месца на тату-канвенцыі ў Кіеве, фота гэтай татуіроўкі апублікаваў польскі часопіс, пасля чаго арнаментальная татуіроўка пайшла ў масы. Цяпер арнамент выкарыстоўваюць у Расіі, Украіне, Латвіі і Польшчы.

Запатрабаванасць

РЕКЛАМА

Я працую ў салоне «У Лісіцы». У тыдзень да нас прыходзяць па два-тры чалавекі, каб зрабіць арнамент. Гэта модна, як і вышыванкі.
Адзінае, мне не падабаецца, што такія тату становяцца штампам: занадта шмат падобных. Я лічу, што, калі робіш такое тату, трэба пакапацца ў кнігах і зразумець яго значэнне. Бо арнамент – гэта абярэг, гэта нешта, што запускае працу падсвядомасці. Гэта для нас бліжэй, чым кітайскія іерогліфы. Зараз людзі пачынаюць разумець, хто яны і для чаго жывуць. Што мы не частка Расіі ці Польшчы. Мы беларусы, у нас ёсць свая мова, свая культура.

Незвычайнае

Памятаю, да мяне прыйшоў намеснік міністра. Ён папрасіў на далоні тату «У здаровым целе –  здаровы дух». Ён хацеў, каб гэта было стымулам, напамінам па раніцах займацца спортам. Нельга на далоні біць, але я зрабіў. Яшчэ аднойчы жанчына захацела, каб я набіў ёй бровы да вушэй. Я адмовіўся, а яна сказала, што напіша на мяне скаргу. Набіў. І папрасіў, каб яна нікому не казала, што гэта я. А аднойчы прыйшла вельмі поўная дама і сказала, што хоча зрабіць смайлік на «пятай кропцы». Яна заплаціла вялікія грошы – гэта была самая дарагая татуіроўка ў маім жыцці. А праца была мінімальная: дзве кропкі і лінія.

Агрэсія і містыка

Ніколі не буду набіваць агрэсіўную татуіроўку: лозунгі ці нешта звязанае са смерцю. Мне гэта не падабаецца. Яшчэ б я не раіў рабіць рунічныя татуіроўкі, таму што яны мяняюць людзей. Не ў лепшы бок. Я ведаю некалькі такіх гісторый. Напрыклад, быў чалавек, які набіў руны і ў яго пайшло ўсё ў нейкі адваротны свет… Сваякі сталі паміраць. І сам ён звар’яцеў, спіўся. Гэта не адзіны прыклад. Іншыя татуіроўшчыкі, якія набівалі руны, расказвалі пра тое ж.

Імёны любімых

Часта людзі хочуць, каб я набіў імя (каханага ці каханай. – Рэд.). Я заўсёды адгаворваю. Але звычайна ніхто не слухае. А потым прыходзяць набіваць што-небудзь па-над іменем. У нас людзі часта разводзяцца. Таму варта добра падумаць, перш чым набіваць такое тату.

Боль

Жанчыны лепш пераносяць боль. Жанчынам нават падабаецца рабіць татуіроўкі. Да мяне дзяўчына прыходзіла часта бровы набіваць. Вельмі часта. Я спытаўся ў яе: «Навошта так часта?». А яна кажа: «Гэта ж рэлакс».

Алесь Таболіч.

Алесь Таболіч.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up